Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

Зіма сёлета не жартуе. Мы не толькі прычакалі снег, але разам з ім і даволі моцныя маразы і нават два цыклоны з жаночымі імёнамі. Праўда, у дзяцінстве большасці з чытачоў раёнкі гэта называлася проста зіма, аднак у апошнія гады мы ад такога, прама скажам, адвыклі.

Як паведамілі рэдакцыі з метэастанцыі “Валожын”, мінімальная тэмпература паветра ў райцэнтры – 21 градус — назіралася 3 студзеня. Максімальная вышыня снежнага покрыва на 20 студзеня дасягала 35 сантыметраў, сярэдняя – 21 сантыметр. Першая дэкада студзеня бягучага года была на 7 градусаў ніжэй за норму. За дзень 12 студзеня выпала 12 мм ападкаў, што складае 92 працэнты ад дэкаднай нормы. Максімальны парыў ветру назіраўся 13 і 16 студзеня – да 14 м/с. Па прагнозах метэацэнтра рэспублікі, да канца студзеня магчымы маразы вышэй за 30 градусаў. Спраўдзіцца гэты прагноз ці не — пакажа час.

 

Сёння, 26 студзеня, у Мінску праходзіць пленум ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Асноўнае пытанне на парадку дня – рэалізацыя маладзёжнай палітыкі. Да ўдзелу ў пленуме запрошана старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната Аксана Віктараўна Ярашэвіч, якая з’яўляецца членам Маладзёжнага савета пры Мінскім абкаме галіновага прафсаюза.

12 студзеня адбыўся пленум РК прафсаюза адукацыі і навукі. На ім ішла размова аб удзеле галіновай прафсаюзнай арганізацыі ў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Прынята рашэнне аб стварэнні свайго Маладзёжнага савета.

 

На базе нашага раёна прайшоў семінар, ініцыяваны РУП “Выдавецкі цэнтр па падатках і зборах”.

У раённым Цэнтры культуры сабралі бухгалтараў дзяржаўных і камерцыйных арганізацый. Размова вялася пра змены ў падатковым заканадаўстве ў 2016 годзе.

 

У маі 2011 года ў Валожыне была ўведзена ў строй доўгачаканая станцыя абезжалезвання вады. А з ліпеня таго ж года стала выпускацца бутыляваная вада “Валожынская крынічка”. Яна разліваецца ў тару па 5 літраў і спецыяльныя балоны для кулераў. У месяц фасуюцца ад 100 да 200 балонаў для кулераў і прыкладна столькі ж у пяцілітровыя ёмістасці. Колькасць напрамую залежыць ад сезона і наяўнасці заявак.

Ачышчаную пітную ваду набываюць дзіцячы санаторый “Налібоцкая пушча”, аддзел адукацыі, спорту і турызму для ўстаноў адукацыі, некаторыя арганізацыі раёна. Напрыклад, Валожынскі філіял ААТ “Універсалрамбуд”, “Будмантажкамплект”, Дэпартамент аховы і некаторыя іншыя. “Валожынскую крынічку” за ўласныя грошы купляюць бацькоўскія камітэты некаторых класаў для сваіх дзяцей. Раней яе можна было прыдбаць у магазінах райспажыўкааперацыі. З лета мінулага года яна ў продаж не паступае. Разліваецца вада сіламі работнікаў станцыі, спецыяльна вызваленага чалавека на разліве няма, таму і магчымасці абмежаваныя. Сумленна кажучы, адсутнічае і рэклама нашай пітной вады, а яна, як вядома, рухавік гандлю.

 

Летась у райвыканкаме былі зарэгістраваны 101 індывідуальны прадпрымальнік і 39 юрыдычных асоб.

У студзені бягучага года зарэгістраваны 2 арганізацыі: кааператыў па газіфікацыі і ТАА па продажы электраэнергіі. Выказалі жаданне аказваць розныя паслугі 3 індывідуальныя прадпрымальнікі. Адзін з іх будзе займацца рознічным гандлем праз Інтэрнэт. Як вядома, індывідуальныя прадпрымальнікі ў дадзены момант перажываюць не лепшыя часы, некаторыя з зарэгістраваных у мінулыя гады спынілі сваю дзейнасць.

 

Адгрымелі навагоднія салюты, застоллі, святкаванні. Скончыўся век лясных прыгажуь-ёлак. У гэтыя дні большасць з іх апынуліся на звалках смецця. Што з імі зробяць далей? Такое пытанне мы задалі работнікам жылкамунгаса.

Ёлка з цэнтральнай плошчы і тры яе сяброўкі, якія ўпрыгожвалі мікрараёны Сельгастэхніка, Папоўка і новы жылы масіў за магазінам “Еўраопт”, пойдуць на дровы. А вось прыгажунь з кватэр і дамоў гараджан работнікі камунальнай службы вывозяць на міні-палігоны цвёрдых бытавых адходаў, там дрэўцы падлягаюць утылізацыі. Звычайна колькасць іх дасягае да 500 штук. Кватэраўладальнікі ўсё больш аддаюць перавагу штучным ёлкам.



Добавить комментарий