Калi справа па душы

Культура

Аператар па штучным асемяненні вытворчага ўчастка “Пугачы” ТАА “Тарасава” Наталля Валер’еўна ВАРНАЎСКАЯ, расказваючы пра сваю штодзённую работу, сёння ўжо можа даваць сапраўдны майстар-клас. На “выдатна” спраўляцца з абавязкамі ёй удаецца не толькі на словах, але і на справе.

Нездарма апошнія два гады яна прызнаецца лепшым асемянатарам у раёне. Таксама другі год запар у складзе дэлегацыі прадстаўляе Валожыншчыну на абласных “Дажынках”. А напрыканцы мінулага года, да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, за высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу Мінскай вобласці Н. В. Варнаўская была ўзнагароджана Ганаровай граматай Мінаблвыканкама.

Вызначыцца з прафесіяй ёй дапамог колішні старшыня сельгаспрадпрыемства Станіслаў Антонавіч Лужынскі, які заўважыў у дзяўчыне вялікі патэнцыял. Спачатку ён выдзеліў маладой сям’і Варнаўскіх жыллё, а пасля прапанаваў на той час жывёлаводу па догляду цялушак Наталлі асвоіць спецыяльнасць асемянатара. Асноўную спецыфіку гэтай тонкай і адной з самых важных у жывёлагадоўлі справы патлумачыў галоўны заатэхнік Антон Іванавіч Уляшка, а азы на практыцы давала Марына Сяргееўна Казлоўская, з якой цяпер працуюць на пару. І сёння Наталля вельмі ўдзячна ўсім гэтым людзям. Бо ў далейшым добрыя веды дапамаглі маладой работніцы стаць лепшай на раённым конкурсе прафесійнага майстэрства, прайсці спецыялізаваныя курсы ў Беларускім рэспубліканскім навучальным цэнтры, што ў пасёлку Сенніца, каб атрымаць пасведчанне тэхніка-асемянатара. З цягам часу Наталля вырашыла павысіць свой прафесійны ўзровень і тры гады без адрыву ад вытворчасці вучыцца ў Смілавіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Сёлета яна атрымае дыплом заатэхніка.

Н. В. Варнаўская разам са сваёй калегай абслугоўваюць 3 малочнатаварныя фермы і 2 цялятнікі, у якіх утрымліваецца 1420 галоў дойнага статка. За мінулы год на 100 кароў і цялушак яны атрымалі 112 цялят. На пытанне, ад чаго залежаць вынікі працы, перадавы асемянатар адказала: “Галоўнае ў нашай рабоце – своечасовае і якаснае асемяненне кароў. Трэба пастаянна кантраляваць статак: у тэрмін пакрыць кароў, праз тры месяцы прарэкталіць – цельная яна ці не, а праз сем месяцаў вылучыць у запуск. Як толькі ацялілася, цялятка адлучылі, трэба, каб на працягу 60 дзён ізноў пакрылася. Увесь гэты працэс і сапраўды вельмі тонкі. Таму без цеснай сувязі з даяркамі і жывёлаводамі дасягнуць добрых паказчыкаў немагчыма. Абавязковай умовай з’яўляецца і здароўе рагуляў – ад гэтага залежыць, які атрымаем прыплод і як захаваецца маладняк. Ну і, безумоўна ж, якія ў далейшым будуць надоі малака”.

Жыць і працаваць на вёсцы ёй падабаецца, і кажа, што ў горад ні за што б не паехала. “Не пераношу я гэтай мітусні і шматлюднасці, мне больш даспадобы цішыня і размераны ўклад жыцця, – распавядае Н. В. Варнаўская. – Мы з мужам ужо прыватызавалі дом і цяпер, можна сказаць, маем уласнае жыллё. Каля хаты ёсць зямля, дзе я магу і градку пасадзіць, і жыўнасць трымаць. Ды і выйсці штодзень рана-раненька на свежае паветра, азірнуцца навокал, прывітацца з дрэўцамі і са сваімі гадаванцамі – гэта ж асалода для душы!”

Вось такія простыя ісціны: дом, сям’я, у якой падрастаюць дзевяцікласніца дачка і другакласнік сын, любімая работа. А за ўсім гэтым хаваецца звычайнае чалавечае шчасце.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий