Давярай i правярай!

Общество

У адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях невыкананне санітарных норм, правіл і гігіенічных нарматываў асобай, якая абавязана выконваць гэтыя правілы, цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь, на ІП – да 50 базавых велічынь і на юрыдычную асобу – да 200 базавых велічынь.

Рэалізацыя тавараў з сышоўшымі тэрмінамі прыгоднасці, захоўвання цягнуць за сабой накладанне штрафу на індывідуальнага прадпрымальніка ці юрыдычную асобу ў памеры ад 30 да 500 базавых велічынь.

Нягледзячы на гэта, парушэнні патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства працягваюць фіксавацца на большасці правераных аб’ектаў. Так, толькі харчовыя прадукты з сышоўшым тэрмінам прыгоднасці былі выяўлены на 36 прадпрыемствах раёна, вага іх склала 270,9 кг.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 2014 г. № 567 «Аб дадатковых мерах па абароне правоў спажыўцоў» намесніку міністра аховы здароўя – Галоўнаму дзяржаўнаму санітарнаму ўрачу Рэспублікі Беларусь, галоўным дзяржаўным санітарным урачам абласцей дадзена права прыпыняць на тэрмін да 90 дзён дзейнасць гандлёвага аб’екта, аб’екта грамадскага харчавання ў выпадку выяўлення па выніках праверкі парушэнняў заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва. У нашым раёне была прыпынена дзейнасць на тэрмін ад 5 да 20 дзён наступных аб’ектаў: магазінаў «Мінскі край» Валожынскага райспажыўтаварыства, у в. Пугачы ПУП «Алсеці», в. Вішнева ПУП «Вай-Ні-Кон», а. г. Ракаў і г. п. Івянец ПУП «АлінаБел», г. п. Івянец ПУП «ТрыВэПлюс», у г. Валожыне ПУП «Элем-гандаль», а. г. Пяршаі фірменнага гандлю КСУП «Пяршаі-2014», кафэ «Стары Ракаў» у а. г. Ракаў ТАА «НовСораБел».

Па выніках дзяржсаннагляду ў 2015 годзе вынесены 52 прадпісанні аб прыпыненні дзейнасці прадпрыемстваў, з іх 30 – для правядзення пазачарговага санітарнага дня. Вынесены 107 прадпісанняў аб выемцы са звароту 1 т 111 кг харчовых прадуктаў і харчовай сыравіны. Накладзена 10 штрафаў на юрыдычных асоб на суму больш за 52 млн руб., 165 штрафаў на службовых асоб на суму больш за 127 млн руб.

Святлана МАРЧЫК,

загадчык аддзела гігіены

ДУ «Валожынскі РЦГіЭ»



Добавить комментарий