Пераможная праўда жыцця

 Калі ў Дорскай школе ўзнікла ідэя арганізаваць музей, то спрэчак наконт таго, пра што ён будзе, не ўзнікала. Усе пагадзіліся, што ў мясцовасці, дзе падчас Вялікай Айчыннай вайны фашысты ўчынялі дзікія зверствы над мірнымі жыхарамі, трэба супыніцца на ваеннай тэме.

Пачатак экспанатам паклалі ўспаміны сведак той трагедыі Юзэфы Кулік і Івана Рудовіча. Напярэдадні Дня Перамогі ў 2015 годзе музей адкрыўся. Першымі экскурсантамі сталі пажылыя жыхары Дораў і суседніх вёсак, сярод іх былі і тыя, хто перажыў ваеннае ліхалецце. Наведалі адкрыццё і члены нямецкай дэлегацыі. Асабліва іх уразіў расказ Еўдакіі Грышэль, якая таксама была прыгаворана згарэць зажыва, знаходзілася ў царкве сярод такіх жа бязвінных ахвяр, але цудам пазбегла смерці…

У пошуках музейных рарытэтаў настаўнікі і вучні абследавалі ваколіцы Дораў, прасілі вяскоўцаў пашукаць на ўласных падворках і гарышчах рэчы, якімі людзі карысталіся ў тыя далёкія часы. Пры выкананні работ па зносе пустуючых будынкаў у вёсцы Раманаўшчына выпускнікі школы Сяргей Талайка і Дзмітрый Дайко знайшлі баявы аўтамат. Пасля неабходных працэдур па афармленні знаходка заняла сваё месца на вітрыне і нязменна карыстаецца цікавасцю ў наведвальнікаў.

Настаўніца Ганна Аляксандраўна Усава ўзяла школьны аб’ект гісторыі, памяці і культуры пад сваю апеку, абудзіла ў вучняў цікавасць да мінуўшчыны. І старэйшыя, і малодшыя школьнікі з задавальненнем прыходзяць у гэты ціхі кабінет, дзе можна паглядзець на дакументы аб шлюбе, нараджэнні і хрышчэнні, якія выдаваліся ў Дорскай царкве Пакроваў Прасвятой Багародзіцы, альбом па будаўніцтве гэтага храма, фотаздымкі. Найбольшую гістарычную каштоўнасць, на думку Г. А. Усавай, маюць спісы загінуўшых жыхароў Доршчыны ў час нямецкай блакады ў ліпені-жніўні 1943 года.

На сценах музейнага пакоя размешчаны 12 стэндаў, дзе ўвекавечаны словы тых, хто зведаў трагізм ваеннай эпохі. Стэнды, падарунак нямецкай маладзёжнай хрысціянскай арганізацыі, выкананы ў жалобных колерах і нагадваюць гранітныя пліты, якія ставяцца ў мемарыяльных месцах.

“Гэта нашы землякі, нашы продкі. Мы не маем права забываць гісторыю свайго краю, – гаворыць галоўны экскурсавод музея, дзевяцікласнік Вадзім Ганчарык. – Заўсёды сур’ёзна рыхтуюся да экскурсій і з задавальненнем дзялюся ведамі са сваімі сябрамі і малодшымі таварышамі. Хлопцы, вядома, цікавяцца зброяй, ваеннай атрыбутыкай. Дзяўчаты ацэньваюць почырк на дакументах. Многія стараюцца дапоўніць мой расказ успамінамі сваіх бабуль і дзядоў пра вайну і цяжкія пасляваенныя гады…”

Вадзім – выдатнік, спартсмен і валанцёр. Пра такіх кажуць: перад ім адкрыты ўсе дарогі. Але, як лічыць Вадзім Ганчарык, самае складанае – зрабіць выбар на карысць нечага аднаго, калі займацца хацелася б усім і адразу!

“Бывае, у музеі раптам налятуць думкі, што нейкі мой равеснік, магчыма, сваяк у 40-х гадах мінулага стагоддзя вось гэтак жа, як і я, будаваў планы на будучыню. Ды прыйшлі фашысты, і не стала юнака, не ажыццявіліся яго мары. А маё пакаленне мае ўсё для таго, каб быць шчаслівымі…” – канстатуе Вадзім і ўсміхаецца. Гледзячы на гэту ўсмешку, пачынаеш разумець пераможную праўду жыцця…

Музейны пакой у Дорскай школе, гэтак жа як і яго юны экскурсавод, яшчэ толькі напачатку сваёй біяграфіі. Але ў раённы рэестр знакавых мясцін ён ужо занесены: тут пачынаецца экскурсійны маршрут, які вядзе далей да мемарыяла “Загінуўшых чакаюць вечна”.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars