Дапамогу сустракаюць з прызнаннем i падзякай

Общество

На тэрыторыі раёна 12 гадоў функцыянуе медыка-сацыяльная ўстанова “Ракаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат”. Сёння тут знаходзяцца 164 чалавекі. Гэта людзі розных лёсаў, але ніводнае жыццё нельга назваць шчаслівым. Кожнаму неабходны кругласутачны дагляд.

Толькі 25 працэнтам з іх да 40 гадоў, астатнія – пажылыя і састарэлыя, абцяжараныя не толькі псіхічнымі адхіленнямі рознай ступені, але і хранічнымі захворваннямі. Пра будні расказаў у інтэрв’ю газеце дырэктар установы Віталь Прыёмка.

 

– Віталь Уладзіміравіч, як увогуле да вас трапляюць пацыенты?

– Многія знаходзяцца тут з-за набытых захворванняў. Яны не могуць заставацца дома і абслугоўваць сябе самастойна, таму на дзяржаўнае забеспячэнне іх аддаюць сваякі. Родныя і блізкія наведваюць іх, забіраюць дадому на адпачынкі. Ёсць і такія, хто перайшоў у нашу ўстанову з дзіцячых дамоў-інтэрнатаў і школ-інтэрнатаў. Яны ніколі не ведалі, што такое сям’я, любоў і клопат блізкіх. І многія з іх, як калісьці ў дзяцінстве, мараць, што калі-небудзь прыйдзе хто і забярэ іх дадому…

 

– Хто сёння працуе пад Вашым кіраўніцтвам і чым канкрэтна ім даводзіцца займацца?

– У штаце Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната 103 чалавекі, палова з іх – малодшы медыцынскі персанал, які ажыццяўляе пастаянны і кругласутачны догляд за пацыентамі. Ва ўстанове арганізавана ўсебаковае медыцынскае абслугоўванне. Ёсць працэдурны і стаматалагічны кабінеты, аптэка, перавязачная. Дом-інтэрнат укамплектаваны і неабходнымі сродкамі рэабілітацыі – інваліднымі каляскамі, хадункамі, артапедычным абуткам. Са жніўня бягучага года ў наш калектыў уліўся малады спецыяліст урач-псіхіятр-нарколаг. Па праву ганарымся мы і кухняй, дзе з выдатным апетытам да насельнікаў прыходзіць не менш выдатны настрой. Усе нашы повары – майстры сваёй справы. У 2013 годзе на конкурсе Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва “Смак” калектыў работнікаў сталовай заняў першае месца, а праз год на такім жа конкурсе мы сталі ўладальнікамі прыза глядацкіх сімпатый. Гэта заслуга нашага шэф-повара Марыі Іванаўны Раманчык.

 

– Супрацоўнікі пастаянна маюць справы з нестандартнымі паводзінамі і светаўспрыманнем людзей, якіх даглядаюць. Як удаецца ствараць і падтрымліваць камфорт і спакой у гэтым асяроддзі?

– Па назначэнні ўрача праца паказана 45-і пацыентам, для іх функцыянуе кабінет працатэрапіі. Там жанчыны шыюць рукавіцы для гаспадарчых работ, майструюць. Некаторыя любяць вышываць крыжыкам і бісерам. Амаль ні на адной са створаных такім чынам карцін вы не знойдзеце ні адной заганы. Калі і бываюць нейкія памылкі, то іх дапамагае ліквідаваць інструктар па працатэрапіі Рэгіна Уладзіміраўна Шкель. Бісерам нашы майстрыхі любяць вышываць іконы. Першыя іконы, дарэчы, падарыў настаяцель храма Праабражэння Гасподняга айцец Сергій.

Падапечныя пад кіраўніцтвам санітараў і іншых работнікаў актыўна ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні тэрыторыі, афармленні кветнікаў, вырошчваюць агародніну, ягады, зеляніну, якая потым выкарыстоўваецца ў сталовай. Створана вялікая колькасць разнастайных малых архітэктурных формаў, кветкавых кампазіцый. Ёсць бібліятэка, якая налічвае больш за 2,4 тысячы кніг.

Асаблівая ўвага надаецца духоўнаму жыццю пацыентаў і работнікаў. У доме-інтэрнаце абсталяваны малітоўны пакой. У рэлігійныя святы наведваюць нашу ўстанову настаяцелі Ракаўскага Свята-Праабражэнскага храма. Візіты айцоў Сергія і Максіма да хворых адбываюцца пастаянна, і яны ні разу не прыйшлі з пустымі рукамі.

 

– Віталь Уладзіміравіч, даводзілася мне бываць на тэрыторыі ўстановы, дагэтуль помняцца чысціня і ўтульнасць, якія панавалі паўсюдна. Няпроста, напэўна, трымаць усё ў ідэальным парадку?

– Тыя, каго мы даглядаем, адмоўна ставяцца да шкоды ў любым яе праяўленні. І з задавальненнем дапамагаюць нам наводзіць хараство. Пацыенты спецыяльна вяжуць венікі для ўборкі, а ўзімку многія любяць выйсці пачысціць дарожкі ад снегу. Зразумела, уся такая праца праводзіцца пад пільным кіраўніцтвам санітараў і медработнікаў. Добраўпарадкаванне на працягу ўсяго існавання дома-інтэрната вядзецца сіламі нашых супрацоўнікаў.

Зроблена многае. Кафедра дызайну архітэктурнага асяроддзя БНТУ на дабрачыннай аснове спецыяльна для нас распрацоўвае праект па азеляненні і ўпрыгожванні тэрыторыі, афармленні памяшканняў. Вельмі аб’ёмная і нялёгкая праца. За гэта мы ўдзячныя загадчыцы кафедры Ганне Андрэеўне Літвінавай.

– Сапраўды, ёсць яшчэ людзі з шырока раскрытымі сэрцамі…

– Больш таго, такіх шмат! Нам часта даводзілася звяртацца за дабрачыннай дапамогай да самым розных людзей і арганізацый. Ніколі не натыкаліся на адмову! Нашы падапечныя бясплатна наведвалі Белдзяржцырк, цырк-шапіто «Арэна», для іх ладзіліся дабрачынныя канцэрты. З дабрачынным канцэртам у нас выступалі артысты Вольга Барабаншчыкава, Аня Шаркунова і іншыя. Вользе, дарэчы, мы дзякуем асабліва: акрамя штогадовых падарункаў да Новага года, яна падарыла дому-інтэрнату вадкакрысталічны тэлевізар, наўтбук, музычныя калонкі, светлавое абсталяванне для правядзення дыскатэк. З падарункамі да Новага года да нас пастаянна прыязджае вядучы “Радыё РОКС” Шура Віргуноў. Ладзяцца і канцэрты мастацкай самадзейнасці з удзелам раённых артыстаў, школьнікаў. Штомесяц прыязджае з канцэртам валанцёрская арганізацыя з Мінска. Мы супрацоўнічаем са многімі дабрачыннымі арганізацыямі. Нельга забываць і аб жыхарах Ракава, прадпрымальніках, якія заўсёды дапамагаюць у розных бытавых пытаннях.

Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий