Хлеб з той хаты…

Культура

Івянец немцы бамбілі ўжо ў першы дзень вайны. Найбольшыя разбурэнні пацярпела вуліца, якая зараз носіць назву “17 верасня”. Дом пад нумарам 22 быў знішчаны цалкам. На яго месцы ўтварылася вялікая варонка.

Гаспадар збіраўся засыпаць тую яміну, каб зноў адбудавацца. Спачатку кідаў у бяздонне воз за возам пясок, а потым махнуў рукой і вырашыў зрабіць на тым месцы склеп, а зверху будаваць хату. Склеп атрымаўся глыбокім: падымаючыся ўгору з кошыкам бульбы, адпачыць захочацца не адзін раз. Суседзі часам пыталіся, навошта такую глыбіню пакінулі. На што гаспадар адказваў: “Бачылі б вы, якая тут адразу варонка была! Як ні стараліся, але і паловы не змаглі засыпаць…”

Перад вайной у сям’і Савіцкіх падрасталі сямёра дзяцей, малодшаму было толькі некалькі тыдняў ад нараджэння. У той дзень сям’я сабралася снедаць чамусьці ў пакоі, дзе ў сваіх калысках спалі самыя меншыя дзеці. Маці налівала ў кубкі малако, як раптам раздаўся страшэннай моцы гук, і здрыганулася зямля… Калі рассеяўся дым і апаў пыл, хтосьці з большых хлопчыкаў запытаўся: “Мама, тата, а чаму гэта ад нас Міхалова відаць?”

І толькі тут да ўсіх пачало даходзіць, што няма ні сцен, ні акон, ні хаты… Засталіся толькі яны на невялічкім лапіку, дзе стаяў стол. Бомба знішчыла гаспадарчыя пабудовы, забіла скаціну, зруйнавала сад, агарод, студню. Як падкошаная, злягла высачэзная груша, з якой, як гаварылі смельчакі, калі залезці на самы верх, відаць Валожын…

З усіх канцоў вуліцы беглі да разбуранай сядзібы людзі. Многія дзівіліся і гаварылі, што здарыўся цуд – выжыць у такім пекле, не атрымаць нават драпін!

– А хай яго з цудам! – уздыхала гаспадыня. – Можа, каб леглі там, пад абломкамі, то і лепей бы было. А так дзе жыць, што есці?

Толькі дарма яна перажывала. Знайшліся суседзі, сваякі, гатовыя пацясніцца і прытуліць гаротнікаў. Ды і галадаць ім не давялося. Дзежка з рошчынай пасля выбуху апісала вялікі круг у паветры і прызямлілася пад уцалелай бярозай, не растраціўшы ні каліва рошчыны. Той апошні з хаты хлеб, выпечаны ўжо ў чужой печы, сілкаваў сям’ю яшчэ даволі працяглы час.

Разабраўшы рэшткі былой сядзібы, адшукаўшы тое-сёе з няхітрых сялянскіх скарбаў, сям’я паступова пачала аднаўляць дом. Пакуль стаяла цяпло, жылі на сваім падворку, хаваючыся ў шалашы, а ўзімку кватаравалі.

Савіцкія ў вайну ўратаваліся. З гэтага роду выйшла шмат цудоўных людзей: мастакоў і музыкантаў, вучоных і майстроў будаўнічай справы. Калі шматлікая радня збіраецца разам, то заўсёды ўспамінаюць, як нейкая неверагодная сіла не толькі засланіла продкаў ад смерці, але і паклапацілася аб хлебе для іх, быццам паказаўшы, што жыццё і хлеб – найвышэйшыя каштоўнасці на свеце…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий