Разумнiца Даша i, галоўнае, – наша!

Молодежный курьер

15-гадовая Дар’я ЛУГІНА – “Вучань года Мінскай вобласці-2015”.

 Гімназістка-дзесяцікласніца з Валожына ўдастоілася гэтага звання ў ліку 25 школьнікаў цэнтральнага рэгіёну. На традыцыйным абласным навагоднім свяце ў Палацы культуры горада Барысава, куды з’ехаліся больш за 900 дзяцей і падлеткаў, лепшым уручылі спецыяльныя сертыфікаты і значкі.

Такое ўзнагароджанне праходзіла ўпершыню па ініцыятыве ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. Дзяцей павіншаваў і губернатар Міншчыны С. Б. Шапіра.

 Мы сустрэліся з Дашай, каб даведацца – Як жыве “Вучань года”? Чым захапляецца? Пра што марыць?

 – Даша, якімі якасцямі павінен валодаць тынэйджар, каб атрымаць званне “Вучань года”?

– Напэўна, быць працавітым і актыўным. Але ў нашай гімназіі, як і ў іншых школах раёна, шмат таленавітай моладзі. Таму для мяне было вялікім гонарам атрымаць такі сертыфікат. Лічу – пашчасціла.

Вучуся выдатна. Сярэдні бал у мінулай чвэрці – 9,6. Любімы прадмет вылучыць складана. Але больш за ўсё цікавяць англійская і руская мовы, літаратура і матэматыка.

Даследчая праца па рускай літаратуры прынесла мне дыпломы II ступені на абласной і III ступені на рэспубліканскай канферэнцыі даследчых прац. Вывучаючы лаўрэатаў Букераўскай прэміі, маю ўвагу прыцягнула назва аўтабіяграфічнага рамана Рубена Давіда Гансалеса Гальега “Белае на чорным”. Звярнулася да сваёй настаўніцы рускай мовы Таццяны Іванаўны Саевіч, з якой мы і прынялі рашэнне зрабіць даследчую працу па мастацкім свеце гэтага твора. Дзякуючы поспеху на канферэнцыі, мяне залічылі ў Спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы адоранай моладзі, з якога я атрымала штосьці накшталт стыпендыі. Гэта мае першыя “заробленыя” ведамі грошы.

Чытаць вельмі люблю. У фаварытах – А. П. Чэхаў – знаўца чалавечай душы.

Удзельнічаю ў алімпіядах па рускай мове і літаратуры. Летась на раённым этапе заняла першае месца. Нядаўна прыехала з абласнога этапу з дыпломам III ступені.

 – Даша, ці на ўсё хапае часу? Ці лёгка быць маладым?

– Жыву ў рэжыме цэйтноту. У дзень звычайна па 6-7 урокаў. Але калі ў раскладзе ёсць факультатывы па англійскай мове і матэматыцы, то вучоба ў школе заканчваецца а чацвёртай гадзіне. Падрыхтоўка ўрокаў займае гадзіны 2-3. Спаць звычайна кладуся ў 11 вечара.

Па натуры я аптыміст і настойлівы чалавек. Кіруюся дэвізам “Ніколі не здавацца!”. Такі мэйнстрым мяне не напружвае. Кітайская прыказка сцвярджае: “Хто не вучыўся ў дзяцінстве, той страціў жыццё…”

Ад дапамогі маме па доме мяне ніхто не вызваляў. На ўсе сямейныя святы разам з бацькамі гатую розныя стравы. Умею запякаць курыцу, рыбу, супы практыкую. Летам дапамагаю вырошчваць ружы, петуніі, клемацісы на прысядзібным участку.

Бацькі падтрымліваюць ва ўсім, даюць мудрыя парады. Мама Святлана Сяргееўна – вядучы эканаміст раённага вузла паштовай сувязі, тата Сяргей Пятровіч – вядучы спецыяліст раённага філіяла БРУСП “Белдзяржстрах”.

– “Нежась на мягкой постели, славы себе никогда не добудешь…” Але ўсё ж такі маладосць тоіць у сабе шмат спакусаў. Няўжо ў цябе не ўзнікае жаданне адсунуць кніжкі ўбок, павесяліцца, трохі паленавацца?

– Вольны час у мяне, безумоўна, ёсць. Люблю актыўны адпачынак. Улетку катаемся з сябрамі на роварах і роліках, зімой – на каньках. Калі надвор’е не дазваляе пабыць на вуліцы, то ідзём кампаніяй у кіно. Аддаю перавагу фільмам з глыбокім эмацыянальным сюжэтам, якія матывуюць і натхняюць. Адзін з любімых – “Дастукацца да нябёсаў” рэжысёра Томаса Яна. Пасля яго прагляду пачынаеш цаніць кожнае імгненне. Баўлю таксама час у інтэрнэце, на інфармацыйных парталах. Магу дазволіць сабе пасядзець гадзінку ў сацсетках.

Маляванне – адно з маіх захапленняў. Скончыла мастацкае аддзяленне Валожынскай школы мастацтваў, дзе вучылася 5 гадоў. Работы акрылам, алеем, гуашшу не толькі ўпрыгожваюць сцены нашага дома: дару іх і сваім сябрам.

 – Даша, пры выбары прафесіі будзеш кіравацца яе прэстыжнасцю, грашовасцю ці абярэш няхай не вельмі прыбытковую справу, але затое любімую?

– Кім хачу стаць – пакуль не вырашыла. Наперадзе яшчэ паўтара года вучобы. Не памыліцца ў выбары прафесіі цяжка, але магчыма. Ідэальна, калі яна спалучае ў сабе і тваё хобі, і прыносіць добры заробак. Мне здаецца, што сапраўдны профі заўсёды будзе мець фінансавы дастатак. Быць можа, выберу гарачы цэх сучаснай журналістыкі…

Гутарыла Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий