Гандаль на колах

Общество

На базе райспажыўтаварыства працуе 8 аўтамагазінаў, яны замянілі стратныя стацыянарныя гандлёвыя кропкі. Агульная дынаміка ўзроўню рэалізацыі тавараў на аўталаўках за 2015 год склала 101,6% пры зацверджаным прагнозе 101%.

Аўтамагазін № 4, дзе працуюць прадавец Яніна Іванаўна Кульша і вадзіцель Уладзімір Вячаслававіч Бажко, па выніках мінулага года прызнаны лепшым. Дынаміка ўзроўню рэалізацыі ў іх самая высокая ў раёне – 123,6%. У зону абслугоўвання аўталаўкі ўваходзяць 45 населеных пунктаў Валожынскага, Пяршайскага і Івянецкага сельсаветаў. Аўтамагазін робіць 5 рэйсаў у тыдзень. Тандэм Яніны Іванаўны і Уладзіміра Вячаслававіча ўтварыўся нядаўна і атрымаўся плённым. Жанчына шмат гадоў аддала працы ў гэтай сферы і гатова дзяліцца вопытам з напарнікам, які ўладкаваўся на машыну нядаўна. Я. І. Кульша вызначаецца ўважлівымі, ветлівымі адносінамі да пакупнікоў, для кожнага знойдзе цёплае слова, параіць, што лепш купіць, выканае любы заказ.

Праца на аўталаўцы нялёгкая, асабліва зімой, калі холадна і няўтульна, але нашы героі разумеюць, што на іх ляжыць адказнасць па забеспячэнні ўсім неабходным вяскоўцаў, якія жывуць у аддаленых населеных пунктах. Яніна Іванаўна і Уладзімір Вячаслававіч добра ведаюць, з якім нецярпеннем тыя чакаюць магазін на колах. Машына яшчэ на пад’ездзе, а людзі ўжо хвілін дзесяць стаяць у чаканні. Аўтамагазіны сталі ў многіх выпадках адзінымі пастаўшчыкамі тавараў, асабліва ў маланаселеныя вёскі. Толькі іх жыхары могуць па-сапраўднаму зразумець усе выгоды гэтай паслугі.

Працоўны дзень прадстаўнікоў перасовачнага гандлю пачынаецца а восьмай гадзіне раніцы, а заканчваецца позна вечарам. Хлебабулачныя вырабы, крупы, малочныя і мясныя прадукты, цукар — аўтамагазіны дастаўляюць усё самае неабходнае. Акрамя асартыменту, зацверджанага пералікам, па заяўцы можна набыць любыя тавары, у тым ліку буйнагабарытныя. Усе аўталаўкі абсталяваны касавымі апаратамі, што спрыяе даверу пакупнікоў.

Нягледзячы на надвор’е, аўтамагазіны не збіваюцца з прывычнага графіка. Пасля цыклону “Даніэла” райспажыўтаварыства звярталася за дапамогай па расчыстцы дарог у дарожныя арганізацыі, калі аўталаўка не магла кудысьці даехаць. Прадстаўнікі гэтай службы з разуменнем ставіліся да такіх зваротаў і неадкладна вырашалі праблему. Пры неспрыяльных умовах надвор’я вадзіцелям аўтамагазіна прыходзілася губляць час, але тавары, няхай трохі і са спазненнем, дастаўляліся ва ўсе населеныя пункты, людзі не засталіся без прадуктаў харчавання.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий