Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

 На мінулым тыдні ў раённым Цэнтры культуры прайшоў традыцыйны Дзень прафарыентацыі для выпускнікоў 9 і 11 класаў школ раёна. На такое важнае мерапрыемства раённага маштабу былі запрошаны прадстаўнікі многіх вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі і каледжаў, некаторых раённых арганізацый.

На сустрэчу з патэнцыяльнымі абітурыентамі прыехалі прадстаўнікі Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, Навапольскага аграрна-эканамічнага, Маладзечанскіх дзяржаўнага, гандлёва-эканамічнага і політэхнічнага каледжаў. Таксама завіталі работнікі РАНС, упраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання, па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Некаторыя навучальныя ўстановы не прынялі запрашэнні і не ўдзельнічалі ў сустрэчы.

Дзень прафарыентацыі атрымаўся надзвычай насычаным і не “казённым”. Ён ператварыўся ў інтэрактыўны дыялог, які працягваўся амаль дзве гадзіны. Госці дэманстравалі відэаролікі пра свае навучальныя ўстановы, расказвалі пра спецыяльнасці, якія можна атрымаць падчас вучобы, умовы пражывання ў інтэрнатах, выходзілі ў залу, дзе задавалі пытанні выпускнікам і ў сваю чаргу адказвалі на іх пытанні. У той дзень школьнікі даведаліся і пра тое, якія прафесіі найбольш запатрабаваны ў нашым раёне.

 

Інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя накіравала пісьмы арандатарам водных угоддзяў, якія папярэджваюць іх аб зімовых заморах рыбы, што могуць узнікнуць са складанымі ўмовамі надвор’я.

У раёне налічваюцца чатыры такія арандатары: КСУП “Пяршаі-2014” (ставы на тэрыторыі гаспадаркі), ТДА “Фішальянс” (ставы ў Гародзьках), а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі С. І. Зінчанка і В. А. Скаўпень, якія арандуюць вадаёмы ў вёсках Выганічы і Гіравічы. Усе яны, згодна з дакументам, павінны ў гэтыя марозныя дні правесці шэраг спецыяльных мерапрыемстваў, каб не дапусціць замор рыбы пад лёдам.

 

 

Беларускае грамадскае аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы” ў студзені атрымала ад Еўрасаюза 18 тысяч долараў на развіццё аграэкатурызму ў нашым раёне. Ініцыятыва называецца “Валожынскі раён – тэрыторыя крэатыўнай эканомікі”.

Ініцыятыва прызнана адной з лепшых у рамках праекта Еўрасаюза “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які рэалізуецца ў 2014-2016 гадах. Крэатыўная эканоміка ў нашым раёне будзе развівацца на працягу шасці месяцаў. Партал Край.Бай паведаміў, што 21 студзеня на аграсядзібе “Ганка” адбылася першая сустрэча прадпрымальнікаў і рамеснікаў. Выдаткаваныя грошы будуць укладзены ў развіццё рамёстваў, інтэрактыўных забаўляльных праграм, музыкі, турызму і інш. У рамках праекта плануецца стварыць музей саматужных напіткаў, майстэрню, дзе будзе аднаўляцца традыцыйная тэхніка апрацоўкі шкла часоў Налібоцкай гуты Радзівілаў. Гаспадары аграсядзіб, размешчаных на валожынскай зямлі, плануюць за гэты час з’ездзіць за вопытам у суседнюю Польшчу.

 

На базе Ракаўскага цэнтра народнай творчасці працуюць 11 клубных фарміраванняў рознай накіраванасці. З канца мінулага года запрацаваў новы гурток “Юны пчаляр”.

Заняткі выклікалася весці Анастасія Анатольеўна Хаўрук з фермерскай гаспадаркі “Мядовая каралева”, размешчанай непадалёк аграгарадка. Наведваюць заняткі сем падлеткаў. Кіраўнік не толькі зацікаўлена ў падрыхтоўцы юных пчаляроў, яна жадае, каб вучні ўдзельнічалі ў конкурсах і праектах самага рознага ўзроўню, звязаных з мядовай галіной.

 

На працягу двух дзён праходзіла першынство Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2001-2002 гадоў нараджэння.

Надзвычай удала выступілі прадстаўнікі нашага раёна на дыстанцыі 1500 метраў сярод дзяўчат. Увесь п’едэстал гонару быў нашым. Першай да фінішу прыйшла вучаніца Івянецкай сярэдняй школы Ксенія Каласоўская, якая паказала вынік 6.35.6. Другое і трэцяе месцы занялі таксама вучаніцы гэтай школы Крысціна Ламака і Валянціна Каландарава. На дыстанцыі 3000 метраў вучаніца Сівіцкай БШ Лізавета Каранік паказала трэці вынік.

 

Як бы не дзіўна гэта гучала, аднак далёка не ўсе жыхары нашага горада, не гаворачы пра раён, хаця б раз пабывалі ў раённым краязнаўчым музеі.

А вось наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стараюцца пабываць на кожнай выставе, што ладзіцца ў музеі.

У студзені яны пазнаёміліся з фотакампазіцыяй “Шляхамі Фердынанда” да 145-годдзя з дня нараджэння мастака Ф. Рушчыца, якую падрыхтавалі наш зямляк, выпускнік СШ № 1 райцэнтра, а цяпер жыхар сталіцы Мікола Ліннік і В. Кузьмічкін. На выставу прывялі і гасцей, што прыехалі да іх на калядныя святы.



Добавить комментарий