Падвялi вынiкi работы

Общество

Раённая арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа правяла чарговую 24-ю справаздачна-выбарную канферэнцыю, удзельнікамі якой сталі 30 дэлегатаў. Усе яны – прадстаўнікі пярвічных арганізацый прадпрыемстваў і ўстаноў Валожыншчыны.

З дакладам, у якім дэталёва была прааналізавана работа раённай арганізацыі за справаздачны перыяд, выступіла Ж. М. Жівіцкая. Жанна Мікалаеўна аддала служэнню арганізацыі сорак пяць гадоў жыцця.

Сёння ў раёне зарэгістраваны 29 пярвічных арганізацый, у якіх налічваецца 2860 членаў. Самыя актыўныя пярвічкі ў райбальніцы, аддзеле адукацыі, спорту і турызму, Белдзяржстраху, на пошце. Прагучала інфармацыя аб праведзеных акцыях і мерапрыемствах, было дакладзена аб сабраных грашовых сродках і іх выкарыстанні. Узняла дакладчыца і некаторыя вострыя пытанні, напрыклад, аб адкрыцці стаўкі сястры міласэрнасці пры раённай структуры. Напрыканцы свайго выступлення Ж. М. Жывіцкая ўручыла граматы раённай арганізацыі яе самым актыўным членам.

Старшыня абласной структуры БТЧК Л. С. Мусянкова адзначыла работу раённай арганізацыі як адну з лепшых у вобласці. Яна пажадала валожынцам у бягучым годзе не страчваць пазіцый і пашыраць кола членаў арганізацыі, галоўнае прызначэнне якой – дапамога і падтрымка людзей, што сутыкнуліся з бядой. Дарэчы, Людміла Сяргееўна запэўніла прысутных: увядзенне ў штат райструктуры адзінкі медработніка – пытанне вырашальнае.

На канферэнцыі абраны новы старшыня раённай арганізацыі – Антаніна Уладзіміраўна Трацэўская. У адрас былога і зноў абранага старшыні прагучала шмат цёплых слоў і пажаданняў. Жанне Мікалаеўне Жывіцкай за бездакорнае служэнне ідэалам Чырвонага Крыжа ад імя абласной арганізацыі ўручана Ганаровая грамата.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий