Не пайсцi па слiзкай дарожцы

Молодежный курьер

На ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх на сённяшні дзень стаяць 49 падлеткаў.

Як паведаміў начальнік ІСН Алег Казіміравіч Карачун, за мінулы год у раёне сямёра непаўналетніх учынілі 14 злачынстваў, пяцёра са зламыснікаў – жыхары Валожынскага раёна, двое з іншых населеных пунктаў.

У большасці выпадкаў гэта крадзяжы, іх было 12. Адно злачынства ўчынена ў сферы грашовых аперацый, скрадзены грошы з пластыкавай карткі ў банкамаце. Праведзены аналіз сведчыць, што больш спрыяльнымі для зламыснікаў першыя дні тыдня – панядзелак і аўторак. 8 з 12 крадзяжоў здзейсніў жыхар вёскі Саланая. Ён паспеў праславіцца як серыйны злодзей – ад яго пацярпелі некалькі дачных домаўладанняў. Цяпер знаходзіцца пад вартай, павінен адбыцца суд.

За мінулы год зарэгістравана 67 выпадкаў злоўжывання спіртнымі напіткамі непаўналетнімі, за што падлеткі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. У выніку следчай работы выяўлены 7 фактаў рэалізацыі спіртаўтрымліваючых напіткаў непаўналетнім у гандлёвых кропках, таксама прыцягнуты да адказнасці 13 дарослых, якія распівалі спіртное разам з падлеткамі.

У 2015 годзе адбылося 10 выпадкаў дробнага хуліганства. За невыкананне абавязкаў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 36 бацькоў. Асноўнай прычынай учынення непаўналетнімі правапарушэнняў і злачынстваў застаецца іх незанятасць, адсутнасць кантролю.

Злачыннасць маладзее. Калі некалькі гадоў назад да адказнасці прыцягваліся падлеткі ў асноўным з 13 да 18 гадоў, то цяпер гэта 9-гадовыя дзеці, бываюць нават 6-гадовыя. Многія думаюць, што непаўналетнія правапарушальнікі выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечных сем’ях. На справе атрымліваецца зусім не так. У апошні час усё часцей гэта падлеткі з добранадзейных сем’яў, дзе ніхто з бацькоў не злоўжывае спіртным, дзе пануюць спакойная атмасфера, сярэдні дастатак. Бацькі павінны больш увагі надаваць сваім дзецям, ажыццяўляць кантроль, прывучаць да адказнасці. Не ўсе ўсведамляюць, што, напрыклад, знаходжанне ў цёмны час сутак без святлоадбівальнага элемента цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць і можа закончыцца пастаноўкай на ўлік. Падлеткі часта парушаюць закон, калі ў прынцыпе павінны быць пад наглядам – позна ўвечары ці нават ноччу. Некаторыя бацькі лічаць, што іх абавязкі – апрануць, накарміць і забяспечыць адукацыю падлетку, але пры гэтым мала маюць з ім зносін, не цікавяцца яго захапленнямі і асяроддзем. Таму і не заўважаюць змен у паводзінах, калі дзіця ступае на слізкую дарожку.

Калі на працягу 6 месяцаў больш ніякіх правапарушэнняў непаўналетні не ўчыняе, добра паводзіць сябе ў школе і дома, то знімаецца з уліку ў ІСН. У асноўным аднаго разу бывае дастаткова, каб ён на ўсё жыццё запомніў, што за кожнае супрацьпраўнае дзеянне трэба несці адказнасць. Таму і бацькі павінны разумець: асацыяльныя паводзіны дзіцяці лепш выкараняць з самага пачатку.

Але ёсць такія падлеткі, якія за год прыцягваюцца да адказнасці па 6-7 разоў. Так непаўналетняга з Сівіцы на працягу 2015 года некалькі разоў заставалі за распіваннем спіртных напіткаў.

Раскрыць злачыннасць сярод падлеткаў намнога цяжэй, чым сярод дарослых. У іх іншая псіхалогія, значна адрозніваюцца погляды на жыццё, не існуе аўтарытэтаў, хутка пераймаюць адзін ад аднаго і добрае, і дрэннае. Прасцей даказаць, што адбылося злачынства, калі атрымалася ўзяць зламысніка па гарачых слядах, інакш падлеткі пачынаюць хлусіць, перакладваць віну на сяброў. Прыходзіцца прыкласці шмат намаганняў, каб знайсці праўду.

Супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх наведваюць навучальныя ўстановы раёна, праблема злачыннасці сярод падлеткаў гучыць на агульнашкольных бацькоўскіх сходах, на Днях інфармавання, праводзяцца “круглыя сталы”, Дні адкрытых дзвярэй. Падчас зімовых канікулаў праходзіла рэспубліканская акцыя “Бяспечныя канікулы”. Пад пільным наглядам заўсёды ўліковая катэгорыя непаўналетніх. Правяралася, дзе знаходзяцца падлеткі і чым заняты, наведваліся нядобранадзейныя сем’і. Супрацоўніцтва ІСН, аддзела адукацыі, спорту і турызму і МНС дало добрыя вынікі – правапарушэнняў за гэты час выяўлена не было.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *