Дапамагае добры настрой

Молодежный курьер

Для выхавальніцы дзіцячага сада ў Пугачах Ірыны Уладзіміраўны ГАНЧАРЫК жнівень 2015 года стаў пачаткам адліку працоўнай біяграфіі.

Пасля заканчэння факультэта дашкольнага выхавання Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка яна атрымала размеркаванне ў Валожынскі раён. У аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама маладому спецыялісту прапанавалі на выбар некалькі месцаў для працаўладкавання, былі сярод іх і райцэнтр, і Доры, адкуль Ірына родам. Яна пабывала ва ўсіх дашкольных установах, гатовых прыняць яе на работу, і супынілася на Пугачах: вёска падкупіла прыгажосцю прыроды, спадабаўся педагагічны калектыў, уразіла ўтульнасцю і эстэтычнасцю афармлення школа-сад. Пытанне з жыллём тут таксама рашылася хутка: кватаруе ў доме прыватнай асобы, частку выдаткаў дзяржава кампенсуе.

Выбар на карысць менавіта гэтай прафесіі Ірына Уладзіміраўна зрабіла яшчэ ў падлеткавым узросце. Так здарылася, што ёй часта даводзілася няньчыць малодшых братоў: роднага, за якога шмат старэйшая, і дваюрадных. Сяброўкі, вольныя ад такіх абавязкаў, спачувалі, не верылі ёй, калі яна расказвала, як цікава забаўляцца з малымі дзецьмі.

Але з брацікамі пасядзець гадзіну-другую – адна справа, зусім іншая – цэлы дзень займаць увагу рознаўзроставай групы, якую наведваюць 22 выхаванцы. Ірына прызнаецца, што сярод яе сябровак па ўніверсітэце такое “шчасце” выпала толькі ёй. Добрую падтрымку напачатку аказала старэйшая калега па “цэху” – Ганна Францаўна Шымановіч, ды і дырэктар установы Аксана Віктараўна Сафронава падбадзёрвала, давала парады і рэкамендацыі. І хутка справа ў маладога спецыяліста пайшла на лад. Лепшае пацвярджэнне гэтаму – нізкі працэнт захворванняў сярод дзяцей.

Той, хто вадзіў уласных нашчадкаў у сад, ведае, што прасіць выхавальніцу найперш трэба аб тым, каб яго сын ці дачка на прагулку былі апрануты апошнімі, а пры вяртанні ў групу распрануты першымі. Тады малое не будзе пацець, а значыць і пераахалоджвацца пры перападах тэмпературы ці на скразняку. У Пугачоўскім садзіку выхавальніца і яе памочніца не дапускаюць, каб іх падапечныя “парыліся” у верхняй вопратцы перад прагулкай ці пасля яе.

Двор, дзе бавяцца дзеці, выдатна абсталяваны. Але Ірына Уладзіміраўна не пускае на самацёк гульні на свежым паветры, а сама ў іх удзельнічае. Кажа, што калі адчуе, што стала горача ці стамілася, адразу стараецца зацікавіць дзяцей нечым спакойным. Пасля прагулак хлопчыкі і дзяўчынкі навыперадкі бягуць да вады. Любяць малыя валожынскую “Крынічную”, што паступае напрамую ад вытворцаў – станцыі абезжалезвання КУП “Валожынскі жылкамунгас”. Гэты момант таксама трэба пракантраляваць. Хоць вада заўсёды трымаецца пры пакаёвай тэмпературы, але лепш не піць угрэўшыся.

Пасля актыўнага адпачынку і апетыт добры. Любімых страў у пугачоўскіх дзетсадаўцаў многа. На ўра ідуць у іх “чырвоны” і малочны супы, бульбяное пюрэ і курыныя катлеткі, смажаная рыба, не застаюцца на талерках кашы, асабліва манная. Тут ужо падзякі заслугоўвае повар установы Наталля Мікалаеўна Вярбіцкая.

Працоўны дзень у Ірыны Уладзіміраўны пачынаецца ў 7.20, калі прыязджае аўтобус з дзецьмі. З дастаўкай малых, нават тых, хто жыве ў аддаленых вёсках, праблем няма. Першае пытанне, якое задаюць выхаванцы, звычайна гучыць так: “А чым мы сёння будзем займацца?” Складана і назваць, што хлопчыкам і дзяўчынкам падабаецца больш: маляваць, ляпіць фігуркі з пластыліну, спяваць ці танцаваць. Фантазія ў Ірыны Уладзіміраўны на ўсю прыкладную творчасць багатая. У свой час яна скончыла Дорскую мастацкую школу, вучылася ў выдатнага педагога Т. В. Падарэц-Кулік. А падмацаваўшы ўменні ведамі па такіх прадметах, як узроставая псіхалогія, дашкольная адукацыя, яна змагла падабраць ключык да душы кожнага падапечнага.

“На работу бяру добры настрой, усе праблемы пакідаю дома”, – гаворыць маладая выхавальніца. Адчуваецца, што Ірына аддана стараецца распазнаць сакрэты выбранай прафесіі. І гэта ёй удаецца. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. А. Залеская добра характарызуе І. У. Ганчарык і спадзяецца, што з дзяўчыны будзе толк на ніве дашкольнага выхавання.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий