Вiшнеўскi пастыр на нiве духоўнага адраджэння

Культура

Застацца вернымі вучэнню ксяндза Уладзіслава Чарняўскага – найлепшы яму жывы помнік. Больш за 14 гадоў таму адышоў да вечнасці гэты святар, пакінуўшы ў спадчыну пакаленням сваю тытанічную працу – пераклад Бібліі на беларускую мову і скарб сваёй вялікай веры. Сотні людзей і сёння беражліва захоўваюць у сваім сэрцы светлую памяць пра яго. 

Стагадовы юбілей з дня нараджэння гэтага пастыра на ніве духоўнай у мінулую суботу сабраў у касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі не толькі святароў, прадстаўнікоў улады, люд верны гэтай парафіі, але і многіх вядомых асоб, для якіх вішнеўскі святар стаў светачам у жыцці. Ад імя раённай улады ўдзельнікаў мерапрыемства вітаў старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Глінскі. А высокамастацкія канцэртныя нумары вядомай капэлы “Санорус” з Мінска сталі непераўзыдзеным музычным упрыгажэннем урачыстасці.

Ксяндза Уладзіслава, які прыехаў у Вішнева ў далёкім 1954 годзе, цанілі і паважалі за адданасць веры, за сціпласць, за мудрасць, за мужнасць у атэістычныя часы настойліва прапагандаваць слова Божае. Апошняя яго місія была нароўні з подзвігам, бо ў камуністычныя часы ўдалося не толькі захаваць для вернікаў касцёл адчыненым, але і весці набажэнствы на роднай беларускай мове. У гэтай асветніцкай справе, як нехта справядліва заўважыў на суботняй урачыстасці, вішнеўскі святар нечым вельмі падобны да славутага Францыска Скарыны, бо фундамент нацыянальнай культуры – гэта перш за ўсё мова народа.

Сёння ва ўсіх храмах Беларусі, і Вішнеўскі касцёл не выключэнне, шмат дзяцей, моладзі. І гэта не выпадкова, а заканамерна. Бо літургіі ім зразумелыя, блізкія, дзякуючы беларускасці. Ксёндз Чарняўскі быў надзвычай дальнабачны, бо, практыкуючы беларускую мову ў касцёле, ён рашуча і ў адзіночку рэфармаваў тагачаснае мультыкультурнае асяроддзе. Беларуская мова – тая сімвалічная брама, якая шырока раскрыла людзям вольны доступ у храмы. Сёння Святая Імша на роднай мове – ужо норма, а гадоў 25-30 таму гэта быў своеасаблівы мужны ўчынак. Ксёндз Чарняўскі ніколі не наракаў, але ў сваіх успамінах, змешчаных у раённай хроніцы “Памяць”, ён з болем у сэрцы прызнаецца: “Калі я стаў гаварыць па-беларуску, многія вішнеўцы абураліся, чаму не па-польску. Але я стаяў на сваім, калі хацелі, каб я служыў у іх, то буду гаварыць і маліцца толькі на беларускай мове, не буду крыўдзіць свайго народа. Пісалі на мяне і ананімныя пісьмы. Колькі разоў станавілася крыўдна, думаў кіну, вярнуся ў Літву…”

У далёкім 1981 годзе ў Беларусі было толькі 36 праваслаўных і 15 каталіцкіх святароў. І ў іх ліку ксёндз Ул. Чарняўскі. Вішнеўскі касцёл – гэта сапраўдная жамчужына духоўнага жыцця. Ён настолькі прыгожы ўнутры, што нагадвае рай на беларускай зямлі. Храм быў узведзены з цэглы ў 1637-1641 гадах на сродкі фундатара Храптовіча. Гэта ўнікальны помнік архітэктуры Беларусі з рысамі стыляў рэнесансу, ранняга і позняга барока. Прафесійна праведзеныя рэстаўрацыйныя работы за апошнія гады яшчэ больш дадалі хараства культаваму будынку. За амаль чатыры стагоддзі свайго існавання Вішнеўскі касцёл і парафія назапасілі досыць багаты і змястоўны летапіс. Дакрануцца да даўніны можна, зазірнуўшы ў дзве музейныя залы, якія былі ўрачыста адкрыты Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам 23 студзеня бягучага года на другім паверсе Дома культуры аграгарадка. Адна экспазіцыя расказвае пра гісторыю парафіі, другая прысвечана жыццю святара Чарняўскага. Праца ксяндза Юзафа Мяльдзюка, шчыры энтузіязм парафіян у зборы экспанатаў, фінансавая дапамога прадпрымальнікаў, садзейнічанне з боку мясцовай улады ў рэшце рэшт матэрыялізаваліся ў гэтым унікальным аб’екце, які заслужана стане асветніцкім асяродкам на запатрабаваным турыстычным маршруце Мінск-Гальшаны. Першую экскурсію па музеі правяла парафіянка Тэрэза Бітэль. У гэтым музеі шмат унікальных арыгінальных фатаграфій і фотакопій. Стоячы перад адной з іх, ксёндз-магістр Чырвонага касцёла з Мінска Уладзіслаў Завальнюк не мог схаваць сваіх шчырых эмоцый: “Божа! Які цуд! Гэта ж сапраўдныя анёлкі!” Яго ўразіла, як на фота больш за сто дзетак, якія прынялі сакрамант першай Святой Камуніі (причастие), абляпілі густой чародкай свайго любімага вішнеўскага святара. Крыніца духоўнага жыцця і сёння з вялікай сілай пульсуе ў гэтым касцёле. Тут заўсёды шматлюдна. Словы малітвы на роднай мове, гукі аргана ствараюць непаўторную аўру…

Духоўнаму жыццю слыннага Вішнеўскага святара ў гэтым месяцы на старонках раёнкі быў прысвечаны асобны артыкул. Таму не варта паўтараць факты, якія зноў і зноў узгадаваліся на юбілейным мерапрыемстве, што прайшло 23 студзеня. Але ўдалося пачуць і новыя цікавыя звесткі. Ксёндз, аказваецца, пісаў вершы і за мяжой з дапамогай спонсараў выдаў невялікі зборнічак. У савецкі час да яго нярэдка летам прыязджаў “пагутарыць за жыццё” былы сакратар цэнтральнага камітэта кампартыі Беларусі А. Кузьмін. Гэта была ўплывовая фігура ў тагачасным ідэалагічным корпусе рэспублікі.

У мінулую суботу са сцэны Дома культуры, дзе пасля Імшы ў касцёле амаль дзве гадзіны працягвалася святочная імпрэза, агучылі эксклюзіўную інфармацыю, што Чарняўскага, які вёў богаслужэнні на роднай мове, актыўна стараліся пераманіць у іншыя касцёлы. Бо святароў тады катастрафічна не хапала. Прыязджалі дэлегацыі з дарамі і абяцалі сапраўдныя шчадроты: добрую ўтульную хату, кухарку, і нават кароўку выдзялялі для асабістай падсобнай гаспадаркі. Але ён рашуча адмаўляўся ад спакуслівых прапаноў назаўсёды пакінуць Вішнева.

Цесна сябраваў гэты ксёндз і са знакамітым паэтам-перакладчыкам Пятром Біталём. Не раз да іх на агеньчык прыязджаў краязнавец з Маладзечна Міхась Казлоўскі, які ўвекавечыў памяць пра гэтага святара ў сваіх артыкулах, змешчаных у часопісе “Куфэрак Віленшчыны”. Вядомы паэт, наш зямляк Віктар Шніп таксама добра ведаў Ул. Чарняўскага, што пацвердзіла і балада, тэкст якой прачытаў аўтар на юбілейнай урачыстасці.

Ксёндз Уладзіслаў з Вішнева належаў да айцоў-марыянаў, асноўным абавязкам і гонарам у харызмаце кангрэгацыі якіх было пашырэнне культу Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнай. У канцы свайго зямнога шляху, калі айцец занядужаў, яго забраў пад сваю апеку вядомы святар Уладзіслаў Завальнюк з Мінска. Даведаўшыся, што Чарняўскі часова знаходзіцца ў сталіцы, дзясяткі людзей штодзень прыходзілі яго адведаць. Настаяцель касцёла Святых Сымона і Алены нават жартаваў: “Наведвальнікаў так шмат, што трэба, відаць, адчыняць дадатковую другую канцылярыю, каб прыняць усіх жадаючых…”

Вішнеўскі ксёндз быў бібліяфілам, шмат чытаў, ведаў некалькі замежных моў, любіў дарыць кнігі людзям, якія яму шчыра сімпатызавалі. 23 студзеня музей у яго гонар таксама пабагацеў. Трохтомнік Максіма Багдановіча на дзесяці мовах свету падарыў госць свята намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. Папоўніла экспазіцыю нядаўна выдадзеным спеўнікам і вішнеўская парафіянка Марыя Трапашка.

Генеральны настаяцель ордэна айцоў-марыянаў з Рыма Анджэй Пакула, што цяпер працуе ў Беларусі, перадаў у фонд музею копію Ганаровай граматы, якой у 2001 годзе былы старшыня Валожынскага райвыканкама Валянцін Малішэўскі ўзнагародзіў ксяндза-марыяніна Уладзіслава Чарняўскага “за вялікую асветніцкую дзейнасць, прапаганду беларускай мовы і здаровага ладу жыцця”. Відаць, падобныя граматы святарам у той атэістычны час былі рэдкасцю, а можа, нават і смеласцю, што цяпер яны ўспрымаюцца як рарытэт?..

…Неяк у госці да вішнеўскага ксяндза прыехаў вядомы прафесар з Польшчы. Яго здзівілі сціплыя ўмовы, у якіх жыў святар, вядомы ў многіх краінах. У адказ пачуў развагі пра тое, што ўтульнасць і камфорт – гэта ўсё часовае, а важна на зямлі дбаць пра вечнае.

Як азонавы слой атмасферы засцерагае жыццё на нашай планеце ад знішчэння, так і вера ў Бога ў часы ваяўнічага атэізму, па меркаванні вядомага мастака, ураджэнца Ракава Фелікса Янушкевіча, засцерагла душы людзей ад дэградацыі. Шчырая вера – гэта і ёсць той выратавальны азон. Ксёндз Чарняўскі ўзмацняў тых, хто аслабеў духоўна. Сёння ўсе касцёлы Беларусі моляцца па-беларуску – гэта трыумф працы ўсяго яго жыцця.

Тытанічная веліч святарскага подзвігу ксяндза Уладзіслава Чарняўскага ў час святочнага юбілейнага мерапрыемства падштурхнула да ідэі распачаць падрыхтоўку да беатыфікацыйнага працэсу па далучэнні вішнеўскага ксяндза да ліку святых Каталіцкага касцёла.

Бог. Біблія. Беларусь. Удзельнікі святочнай імпрэзы з нагоды 100-годдзя святара сыш         ліся на думцы, што менавіта гэтыя паняцці былі тымі яркімі маякамі, якія асвятлялі зямны шлях гэтага чалавека, і таму яго асоба каранавана светлай удзячнай памяццю многіх пакаленняў.

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий