Гарталі часопіс здароў’я

Общество

У наш час быць здаровым “модна” і прэстыжна. Здароўе неабходна, каб дасягнуць поспеху ў вучобе і выбранай прафесіі. Але ператварыць гэтыя планы ў жыццё вельмі няпроста. Многім перашкаджаюць дрэнныя звычкі: алкаголь, курэнне, наркаманія. Менавіта такім вельмі вострым тэмам было прысвечана мерапрыемства, якое правялі бібліятэкары аддзела абслугоўвання і інфармацыі Валожынскай ЦРБ Т. Акушэвіч і В. Круглік.

На мерапрыемства запрасілі навучэнцаў Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя. Праграму пабудавалі ў форме вуснага часопіса, дзе былі асветлены аспекты ўздзеяння дрэнных звычак на здароўе чалавека.

Першая старонка часопіса – “Цвярозасць – норма жыцця”. Вядучыя праграмы зрабілі невялікі экскурс у гісторыю алкаголю. Патапленні шынкароў у Волхаве Васіліем III, жорсткія пастанаўленні Стогаловага Сабору пры Іаане Грозным і забарона Барыса Гадунова на гандаль спіртным, знішчэнне корчмаў Кацярынай II, узнікненне таварыстваў цвярозасці – усё аказалася неэфектыўным у параўнанні са скараючай моцай алкаголю. Завяршылі тэму пра алкаголь дэманстрацыяй мастацкага кароткаметражнага фільма “За кампанію”.

Праблеме тытунекурэння прысвяцілі другую старонку часопіса “Курыць – здароўю шкодзіць”. Не ўсе прысутныя ведалі, што пад’ём энергіі, прыўзнятасць настрою, якія толькі здаюцца пасля выкуранай цыгарэты, замацоўваюцца ў памяці і пераходзяць у рэфлекс. У выніку – цэлы шэраг захворванняў, асабліва ў падлеткаў: затрымка росту і агульнага развіцця, зніжэнне слыху і зроку, нервовыя расстройствы.

Апошняй стала тэма “Дорага каштуе кайф”. Прысутным прадэманстравалі фільм “Вынікі наркотыкаў”, падчас прагляду якога ў зале была поўная цішыня.

Народная мудрасць кажа: “Здароўе – гэты вяршыня, на якую трэба заўсёды ўзбірацца самому”. Хочацца верыць, што маладыя людзі зрабілі правільны выбар і сказалі шкодным звычкам – НЕ!

Анастасія ПАХОЛКА,

метадыст АБМ Валожынскай ЦРБ.



Добавить комментарий