Захапленне на ўсё жыццё

Спорт

Напрыканцы мінулага года Валожынская ДЮСШ адзначыла паўвекавы юбілей. Павіншаваць альма-матэр і любімых трэнераў прыехалі колішнія навучэнцы, якія, дзякуючы заняткам у ДЮСШ, дасягнулі значных вышынь і цяпер ужо самі трэніруюць юных спартсменаў.

З іх ліку – Аляксей Іосіфавіч СУХАВЕЦКІ. Дваццаць гадоў таму ён выступаў у складзе каманды юнакоў 1981-1982 гадоў нараджэння: чатыры гады запар – з 1992-га па 1996-ты – яны займалі першае месца на першынстве рэспублікі па баскетболе. Гэта быў сапраўдны фурор! Каманда і яго таленавіты трэнер Леанід Уладзіміравіч ХВЯДЧЭНЯ знаходзіліся на піку славы.

Па словах былога выхаванца, тады яны, падлеткі, не зусім усведамлялі ўвесь маштаб таго, што адбывалася. “Мы проста выйгравалі спаборніцтвы і радаваліся перамозе, – успамінае Аляксей Іосіфавіч. – І толькі з гадамі я зразумеў, які гэта быў бясцэнны вопыт! Звычайныя заняткі спортам навучылі нас сапраўднаму сяброўству, каманднаму духу саперніцтва, прывілі любоў да баскетбола на ўсё жыццё”.

Дзіцячае захапленне перарасло ў прафесійную дзейнасць і цяпер А. І. Сухавецкі з’яўляецца трэнерам дзіцячай баскетбольнай каманды “Мінск-2006”. Ён шчыра падзякаваў трэнеру, што даў яму пуцёўку ў жыццё. Цяпер яны – калегі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *