Вёска апранецца ў крэатыў

Общество

Беларускае грамадскае аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы” пачало рэалізацыю ініцыятывы “Валожынскі раён – тэрыторыя крэатыўнай эканомікі”. Ініцыятыву адабралі як адну з лепшых у рамках праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Крэатыўная эканоміка заснавана на інтэлектуальнай дзейнасці. Валожыншчына ўнікальная па колькасці таленавітых і актыўных людзей. Тут развіваецца зялёны маршрут “Валожынскія гасцінцы”, створана некалькі экамузеяў і мастацкіх галерэй, адкрыта больш за 30 аграсядзіб. Унікальны прыродны рэсурс раёна – Налібоцкая пушча – самы вялікі лясны масіў Беларусі. Праз раён пракладваецца міжнародны маршрут “ЕўраВела-2”. Тут праходзяць незвычайныя фэсты: “Цукеркавы фэст”, “Карчма”, “Завіруха”, “Вольнае паветра” і іншыя.

Гэты багаты патэнцыял вырашана было “дашліфаваць”, аб’яднаць агульнай ідэяй і на яго аснове стварыць цікавую мадэль тэрытарыяльнага развіцця.

Працягласць рэалізацыі ініцыятывы – 6 месяцаў, выдзеленая сума – каля 18 тысяч долараў. Мяркуецца, што эфектыўнасць яе павінна быць вельмі высокая.

У планах – правесці некалькі трэнінгаў, якія пазнаёмяць удзельнікаў з інавацыйнымі падыходамі стварэння турыстычнага прадукту. Намячаецца таксама паездка ў Польшчу, дзе ўжо ёсць чаму павучыцца: тэматычныя вёскі, адукацыйныя туры па фермах, квэсты, майстар-класы і г. д.

Будзе выдадзены каталог крэатыўных турпрадуктаў Валожыншчыны. З’явіцца і пашпарт турыста, які дазволіць вандроўцам атрымліваць зніжкі пры наведванні крэатыўных аб’ектаў раёна.

Нядаўна на сядзібе “Ганка” ў рамках ініцыятывы “Валожынскі раён – тэрыторыя крэатыўнай эканомікі” адбылася першая сустрэча лідараў мясцовай суполкі. Удзельнікі падзяліліся сваім вопытам і новымі ідэямі. Яны плануюць стварыць музей напіткаў, шкляную майстэрню, дзе будзе дэманстравацца традыцыйная тэхніка апрацоўкі шкла часоў Налібоцкай гуты Радзівілаў, распрацаваць адукацыйныя туры па кветкавых цяпліцах, наладзіць вытворчасць сувеніраў маладымі інвалідамі і многае іншае.

Завяршэнне сустрэчы было досыць крэатыўным – удзельнікам паказалі выдатны спектакль беларускай батлейкі ў пастаноўцы гаспадароў сядзібы “Ганка”.

Валерыя КЛІЦУНОВА,

кіраўнік ініцыятывы,

старшыня праўлення БГА “Адпачынак у вёсцы”



Добавить комментарий