Зрабiць свет шчаслiвейшым…

Официально

Кожнаму, і малому, і даросламу, хочацца быць шчаслівым. Кожны рады сустрэцца з нечым незвычайным, цудоўным, асабліва ў святочныя дні. Такая сустрэча адбылася ў Ракаўскім Цэнтры народнай творчасці, якая стала заключным акордам навагодніх і калядных святкаванняў, на якую запрашаліся бацькі, дзеці якіх займаюцца ў розных гуртках і калектывах пры Ракаўскім ЦНТ.

Ракаўчане апынуліся “У гасцях у казкі”, а сустрэцца з цудам ім дапамаглі юныя артысты і героі казкі Ш. Пяро “Бураціна”. Пры ўваходзе ўсіх сустракала чароўная прыгажуня Мальвіна са сваім верным сябрам Артамонам. Пасля правядзення экспрэс-урока па гігіене, чыстапісанні, чытанні, арыфметыцы яны праводзілі гасцей у залу на сапраўднае поле цудаў, дзе і адбываліся незвычайныя падзеі…

Атмасферу святочнасці, чарадзейства дапамагалі ствараць мелодыі з любімых дзіцячых мультфільмаў, песні з фільма-казкі “Бураціна”, тэматычная латарэя, не маглі абысціся і без Дзеда Мароза са Снягуркай. А тон усяму задаваў любімчык публікі Бураціна, які хацеў за 3 сольды зрабіць гэты свет лепшым і шчаслівейшым…

Завадзіламі на свяце, яго душой былі абаяльныя кот Базіліа і ліса Аліса, ад якіх сыходзіла шмат гумару, жартаў, весялосці. А мудрыя разважанні чарапахі Тарцілы стварылі ў зале сцішанасць і навялі гледачоў на роздум аб спрадвечным… Але ненадоўга. Бо няўрымслівыя зялёныя служкі-лягушкі (гурток сучаснага танца “wake up”, кіраўнік Дарына Гужава) сваім “Танцам лягушак” вярнулі ў залу прыўзняты, бадзёры настрой. Дапамагалі ім арлекіны – удзельнікі гуртка “Юны пчаляр”, кіраўнік Анастасія Хаўрук.

Зала асвяцілася незвычайным святлом і цяплом, калі на сцэну ў аранжавых спаднічках-апельсінках “выкаціліся” самыя маленькія танцоры. Гэта малодшая група (дзеткі 3-4 гадоў) танцавальнага калектыву “Апельсін” пад кіраўніцтвам Д. Гужавай. Яны ўпершыню пакаралі сцэнічныя падмосткі – і дэбют удаўся, бо атрымалі найбольш глядацкіх сімпатый. Не адставалі і 6-7-гадовыя ўдзельнікі гэтага калектыву – іх заўзяты “Танец Бурацін” выклікаў шмат удзячных апладысментаў.

На поле цудаў завіталі калядоўшчыкі, якія прыйшлі “… з далёкага краю, з-пад самага раю”. Прыйшлі з каляднаю зоркаю, з персанажамі – мядзведзем, салдатам і казой-прытворшчыцай. Калядоўшчыкі (узорны фальклорны гурт “Вянок”, кіраўнік Лізавета Пятроўская) завялі ўсіх імклівымі танцамі, прывабілі народнымі песнямі. Фальклорную тэму працягвалі гурт “Атава” і гурток традыцыйнай беларускай музыкі пад кіраўніцтвам Алены Мялешкі. Удзельнікі гэтых калектываў маладзенькія, а ўжо чаруюць амаль прафесійным выкананнем народнай традыцыйнай музыкі.

Тое, што адбывалася на свяце, настолькі захапіла прысутных, што падчас нельга было распазнаць, што ішло па сцэнарыю, а дзе быў экспромт. Вельмі старалася дзятва, якая смела ўступала ў розныя дзеі: дапамагала героям казкі, вадзіла карагоды. Асабліва крануў той момант, калі дзеці так шчыра збіралі зярняткі, якімі калядоўшчыкі шчодра абсыпалі гасцей. Гэта незапланаванае дзейства набыло сімвалічны сэнс – не ведаючы таго самі, дзеці паказалі, як трэба кожнаму па зярнятку, беражліва збіраць і захоўваць усё самае лепшае, сапраўднае, мудрае… Каб зрабіць свет шчаслівейшым!

Вось так перад жыхарамі Ракава ў своеасаблівай, казачнай форме была зроблена творчая справаздача аб дзейнасці Ракаўскага ЦНТ, дзе на чале з дырэктарам Хрысцінай Лямбовіч працуюць людзі, улюбёныя ў прыгожае. І бацькі заўсёды рады дапамагчы пры патрэбе, а самыя актыўныя – Юлія Мякінка, Уладзімір Васільеў, Павел Бакушаў, Анастасія Хаўрук былі ўзнагароджаны граматамі і сувенірамі.

Свята прынесла ўсім шмат асалоды і прыемных сюрпрызаў, асабліва для дзяцей, якіх чакаў напрыканцы салодкі пачастунак, арганізаваны Ракаўскім ЦНТ.

Радасцю свяціліся вочы бацькоў, не сыходзілі вясёлыя, шчаслівыя ўсмешкі з дзіцячых тварыкаў – па ўсім відаць: тут, у гэтым доме, усім утульна, добра. Тут юныя ракаўчане могуць праявіць і развіць свае лепшыя якасці і здольнасці, тут можна сустрэцца з незвычайным, казачным і самім ствараць казку.

Людвіка ТАЎГЕНЬ,

фота Паўла БАКУШАВА



Добавить комментарий