ТЭЛЕФОН міліцыі – 102

Закон и порядок

ПАРЫЎ РЭЎНАСЦІ КАШТАВАЎ ЖЫЦЦЯ

Звычайная сямейная сварка, якая адбылася паміж мужам і жонкай у вёсцы Паліксаўшчына, скончылася трагедыяй. У прыватнасці, 21 студзеня ў дзяжурную частку паступіла паведамленне з Маладзечанскай райбальніцы аб тым, што хуткая дапамога прывезла ў непрытомным стане пенсіянерку, жыхарку нашага раёна. Высветлілася, што ў той няшчасны дзень з ранку і да позняга вечара пажылыя людзі напару пілі. Апоўначы паміж імі разгарэўся скандал: муж прыраўнаваў жонку і з гарачкі ўдарыў рукой у падбародак. З-за моцнага ап’янення жанчына не ўтрымалася на нагах, павалілася на падлогу і стукнулася галавой. Медыкам рэанімацыйнага аддзялення, на жаль, так і не ўдалося вярнуць яе да памяці: на другія суткі пацярпеўшая памерла.

У раённым аддзеле следчага камітэта паведамілі, што муж-небарака затрыманы. У адносінах да яго будзе праводзіцца шэраг экспертыз, якія дадуць магчымасць высветліць наўмысна ці не ён нанёс сваёй жонцы смяротны ўдар – ад гэтага залежыць мера пакарання. Пакуль жа яго дзеянні адносяцца да катэгорыі цяжкіх злачынстваў.

КАЙФ ПА-ВЯСКОВАМУ

У ходзе расследавання крымінальнай справы супрацоўнікі міліцыі затрымалі нідзе непрацуючага 38-гадовага жыхара вёскі Гярвелі. Мужчына не так даўно пасяліўся ў гэтым населеным пункце, бо з’яўляўся карэнным жыхаром сталіцы і меў праблемы з законам – неаднойчы быў асуджаны за незаконны абарот наркотыкаў. У прыдбаным доме ён сабраў мясцовых “абарыгенаў”: падурэць па-сучаснаму сабраліся мужчыны рознага ўзросту – ад маладых да пенсіянераў. Гарадскі шукальнік прыгод напачатку паказаў мясцовым парнаграфічныя фільмы, а далей прапанаваў пакаштаваць асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва.

Калі ж у дом завіталі праваахоўнікі, мужчына не палічыў свае дзеянні супрацьзаконнымі і аказаў супраціўленне людзям у пагонах. Пасля правядзення вобыску ў доме затрыманага былі знойдзены 6 кампакт-дыскаў: па выніках праведзенай спецыяльнай экспертызы ўстаноўлена, што прадукцыя адносіцца да парнаграфічнай. У райаддзеле следчага камітэта адзначылі, што на гэты раз, згодна з законам, правапарушальніка чакае прысуд да 10 гадоў зняволення.

ЧАС ПЛАЦІЦЬ АЛІМЕНТЫ

На жаль, гэтага так і не ўсвядоміў жыхар Івянца, які не плаціць грошы на ўтрыманне свайго сына. Дажыўшы да 40 гадоў, ён нідзе толкам не працаваў, меў судзімасць. За гады займеў запазычанасць па аліментах у памеры звыш 300 мільёнаў рублёў. Ведаючы гэта, мужчына так і не працаўладкаваўся, ды і ўвогуле не збіраецца нічога плаціць. У аддзеле прымусовага пакарання паведамілі, што, згодна з законам, мужчыну могуць арыштаваць на тры месяцы да прымусовых работ, але гэта не азначае, што ён выплаціць доўг.

СУТЫКНЕННІ НА ДАРОЗЕ

13 студзеня адбылося дарожна-транспартнае здарэнне на развязцы дарог каля вёскі Міхалова. У прыватнасці, мінчанін, вадзіцель легкавога аўтамабіля, які выехаў з-пад маста з другараднай дарогі на галоўную шашу, не ўступіў рух маршрутнаму таксі Мінск-Івянец. У выніку сутыкнення пасажырка, якая сядзела ў салоне маршруткі, атрымала пералом рукі і была дастаўлена ў бальніцу.

25 студзеня ў 9 гадзін на вуліцы 1 Мая ў Івянцы жанчына-вадзіцель легкавушкі не справілася з кіраваннем у складаных умовах надвор’я. У выніку машыну занесла, і яна выехала на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкналася з аўтамабілем “Рэно”. Вадзіцель апошняй з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, асколачным пераломам калена быў дастаўлены ў хірургічнае аддзяленне Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Віноўніца аварыі атрымала ўдар грудной клеткі, але ад медыцынскай дапамогі адмовілася.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках

падрыхтавала Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий