Бюджэтная падтрымка забяспечыць стабiльнае развiццё

Общество

Дынамічнае, устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна напрамую залежыць ад фінансавых рэсурсаў. Агульная раённая казна на бягучы год вымяраецца мільярдамі. Значная частка сродкаў паступае з абласнога бюджэту, ёсць і рэспубліканскія асігнаванні. У агульную скарбонку на працягу года ўносяць пасільны ўклад і прадпрыемствы, арганізацыі, а таксама грамадзяне Валожыншчыны, пералічваючы ў бюджэт устаноўлены памер падаткаў. Акумуліруюцца ў казне раёна і даходы сельскіх і пасялковага Саветаў дэпутатаў.

 

Больш падрабязна на гэту тэму сёння мы пагутарым з начальнікам фінансавага аддзела райвыканкама С. Э. ЦЕРАХ.

 

– Святлана Эдуардаўна, чытачам раённай газеты будзе цікава даведацца, якія накірункі ў расходах бюджэту сёлета застаюцца прыярытэтнымі?

 

– Гадавы памер бюджэту нашага раёна складае прыкладна 425,7 млрд. рублёў. На працягу года ў гэту фінансавую структуру, зразумела, уносяцца аб’ектыўныя карэктывы.

Амаль на 50 працэнтаў наш бюджэт датуецца з абласнога i рэспублiканскага бюджэтаў. Як і ў мінулыя гады, сёлета расходы казны раёна застаюцца сацыяльна-арыентаванымі. Аб’ём сродкаў мясцовага бюджэту на фінансаванне сацыяльнай сферы вызначаны ў памеры 282,5 млрд. рублёў, ці 67,8 працэнта без уліку сродкаў, якія перадаюцца ў ніжэйстаячыя бюджэты. Па першачарговым прынцыпе сродкі будуць адпускацца на выплату заработнай платы і налічэнняў на яе, на трансферты насельніцтву (грашовыя дапамогі, кампенсацыі, сацыяльныя выплаты і г. д.), а таксама на аплату камунальных паслуг, на прадукты харчавання для медыцынскіх устаноў і ўстаноў адукацыі, на набыццё лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, на субсідзіраванне жыллёва-камунальных i транспартных паслуг і інш.

У бюджэце запланаваны і субсідыі арганізацыям, якія рэалізуюць цвёрдае паліва, паліўныя брыкеты, дровы для насельніцтва па фіксаваных рознічных цэнах. Усе пералічаныя вышэй выдаткі складуць прыкладна 79,5 працэнта ад агульных расходаў раённага бюджэту. Як і ў мінулыя гады, сацыяльная падтрымка насельніцтва будзе ажыццяўляцца шляхам аказання адраснай сацыяльнай дапамогі. Зазначу, што сёлета патрэбнасць у сродках на фінансаванне сацыяльнай сферы ў 1,15 раза вышэйшая за ўзровень 2015 года.

У прыватнасці, на выплату адраснай сацыяльнай дапамогі плануецца накіраваць 1,7 млрд. рублёў, на бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця – 0,5 млрд. рублёў, запланаваны і аднаразовыя дапамогі сем’ям пры нараджэнні двайнят і інш. Бюджэтную падтрымку акажам раённай арганізацыі ветэранаў, прадугледжаны і расходы на набыццё пажараапавяшчальнікаў, рамонт электраправодкі ў дамах пэўнай катэгорыі грамадзян. Мерапрыемствы па маладзёжнай палітыцы ў раёне таксама будуць праводзіцца дзякуючы бюджэтнай падтрымцы.

 

 – Раскажыце, калі ласка, як будзе папаўняцца раённы бюджэт дзякуючы падатковым паступленням?

 

– Асноўнай крыніцай фарміравання даходнай часткі бюджэту з’яўляецца падаходны падатак з фізічных асоб (103,5 млрд. рублёў, ці 48 працэнтаў ад уласных даходаў). Папаўняе раённую казну і падатак на дабаўлены кошт (29,7 млрд. рублёў), падатак на прыбытак (5,7 млрд. рублёў), падаткі на ўласнасць (25,8 млрд. рублёў), іншыя падаткі з выручкі ад рэалізацыі тавараў, паслуг (2,9 млрд. рублёў).

За мясцовымі Саветамі дэпутатаў захавана права павялічваць (змяншаць), але не больш чым у два з паловай разы, стаўкі падатку на нерухомасць і зямельны падатак асобным катэгорыям грамадзян. У 10 разоў стаўка падатку на ўласнасць можа вырасці, калі неэфектыўна выкарыстоўваецца маёмасць ці зямельныя ўчасткі, на якіх размешчана такая маёмасць.

 

 – Як размяркоўваюцца бюджэтныя сродкі паміж атрымальнікамі?

 

– Структура выдаткаў раённага бюджэту характарызуецца наступнымі параметрамі. Даволі значныя сумы звязаны з функцыянаваннем сферы адукацыі – 150,3 млрд. рублёў, расходы на фізічную культуру і спорт прагназуюцца на ўзроўні 4 млрд. рублёў, на дзяржаўную падтрымку культуры сёлета выдаткавана 15,8 млрд. рублёў, на развіццё аховы здароўя запланавана сума ў аб’ёме 89,8 млрд. рублёў, на сацыяльную палітыку ў 2016 годзе накіроўваецца 22,7 млрд. рублёў бюджэтных сродкаў.

Аграпрамысловы комплекс раёна ўносіць значны ўклад у выкананне харчовай праграмы, эканамічнай бяспекі. Бюджэт падсобіць гэтаму вытворчаму сектару. У гэтым годзе на патрэбы АПК будзе накіравана 45,8 млрд. рублёў. На агульнадзяржаўную дзейнасць прадугледжана 35,9 млрд. рублёў, з якіх бязвыплатныя сродкі, якія перадаюцца ніжэйстаячым бюджэтам, складуць 2,2 млрд. рублёў. Выдаткі на нацыянальную абарону і праваахоўную дзейнасць запланаваны ў памеры 0,14 млрд. рублёў. Будуць выдзяляцца сродкі і на ўтрыманне аб’ектаў добраўпарадкавання, капiтальны i бягучы рамонты жыллёвага фонду, вулічнае асвятленне населеных пунктаў, рамонт вулічна-дарожнай сеткі, на капітальны рамонт, мадэрнізацыю цеплавых сетак згодна з праграмай энергазберажэння.

 

 – Святлана Эдуардаўна, няпростая эканамічная сітуацыя міжволі прымушае да ашчаднасці…

 

– Безумоўна, каб на працягу года менш траціць на ўсялякія непрадбачныя рамонты, аплату паслуг, неабходна на працягу года да выкарыстання любых матэрыяльных каштоўнасцей, рэсурсаў адносіцца па-гаспадарску. Эканоміць тую ж электрычнасць, цеплаэнергію, не планаваць лішніх пакупак, рамонтаў, якія яшчэ могуць пачакаць. Да рацыянальнага гаспадарання нас абавязвае і дзеючая Дырэктыва № 3, падпісаная Прэзідэнтам. Лічу, што на кожным прадпрыемстве, ва ўстанове і ў арганізацыі павінен быць распрацаваны канкрэтны бізнес-план, і тады ніякія эканамічныя катаклізмы не стануць перашкодай у эфектыўнай рабоце на працягу ўсяго вытворчага года.

 Гутарыла Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий