На абласным семінары, прысвечаным рабоце школьных музеяў, наш раён прадстаўляла дырэктар Ракаўскай сярэдняй школы Святлана Казіміраўна Адамовіч.
Базай для правядзення семінара былі абраны навучальныя ўстановы Клецкага раёна. У пяці з іх, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці і маюць музеі, пабывалі ў той дзень дырэктары школ. Розныя накірункі ў гэтых аб’яднанняў, але кожны з’яўляецца цэнтрам культурнага жыцця свайго рэгіёна. Напрыклад, у адной са школ абсталяваны пакой беларускага ручніка, які пачынаўся з грунтоўнай навукова-даследчай работы адной з вучаніц, якая ў сваю чаргу навучылася вышыўцы і зацікавілася ёй у гуртку “Умелыя рукі”.
Удзельнікам семінара паказалі, як правільна захоўваць экспанаты, праводзіць інвентарызацыю музейных фондаў, пазнаёмілі з прававой базай па стварэнню музеяў, а галоўнае – з тымі патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да музеяў, што прэтэндуюць на статус народных. Арганізатары семінара спецыяльна правялі вучобу для кіраўнікоў школ, каб яны асэнсавалі нялёгкую працу стваральнікаў музеяў і захавальнікаў традыцый.
У Ракаўскай сярэдняй школе шмат гадоў плённа працуе гісторыка-краязнаўчы музей, які носіць імя яго заснавальніка і першага дырэктара В. П. Налецкага. Цяперашні кіраўнік навучальнай установы раней таксама ўзначальвала музей, так што гэта справа для яе не новая. Школа неаднаразова займала прызавыя месцы ў абласным конкурсе на пастаноўку музейнай работы, на яе базе праводзіўся і рэспубліканскі семінар. Наспеў час рыхтаваць музей на атрыманне ганаровага звання. І апошні семінар даў рэальны штуршок.
Наталля ШТЭЙНЕР.