Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru 

10 лютага ў раённым цэнтры культуры ўпершыню выступіць папулярная беларуская група “Дразды” – лаўрэат I-га Усерасійскага конкурсу “Пяць зорак”, які праходзіў у 2005 годзе ў горадзе Сочы.

Раней “Дразды” на чале са стваральнікам і салістам групы Віталем Карпанавым толькі аднойчы выступалі ў Валожыне на Свяце горада. Напярэдадні Дня закаханых група абяцае парадаваць землякоў не толькі сваімі вядомымі хітамі, але і новымі творамі.

Мінулы год паказаў, што зацверджаны нашым урадам “сямейны капітал” даў свой плён. Планка нараджальнасці ўзнялася. Кожнае трэцяе і наступныя дзеці прынеслі ў сямейную скарбонку па 10 тысяч долараў ЗША. Багацеюць мнагадзетныя сем’і і сёлета. Толькі за студзень бягучага года васьмі сем’ям у нашым раёне налічаны сямейны капітал.

Адпаведныя банкаўскія рахункі на 10 тысяч долараў аформлены для сям’і Наталлі Жамоздзік з Валожына, якая нарадзіла чацвёртае дзіця, столькі ж дзяцей цяпер гадуецца ў сем’ях Аксаны Амілаўскай з вёскі Крыніца і Марыі Смальскус з вёскі Зафільцы. Трэцяе дзіця прынесла ўнушальны банкаўскі ўклад у сем’і Валянціны Вільнявец з гарпасёлка Івянец, Алены Кавалеўскай з вёскі Паморшчына, Аксаны Лукашанец і Святланы Таўгень з Валожына, Марыны Трафімовіч з Ракава.

 

У канцы мінулага года выйшаў у свет першы зборнік вершаў нашай зямлячкі Кацярыны Роўды “Водар белага наліву”, дзе сабраны лепшыя вершы маладога аўтара.

Дзявочае прозвішча Кацярыны – Стасяловіч, нарадзілася яна ў 1988 годзе ў вёсцы Савічы. Скончыла Адамоўскую базавую школу. Зараз жыве ў Мінску, з’яўляецца студэнткай 4-га курса філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Працуе ў бібліятэцы біялагічнага факультэта гэтай жа навучальнай установы. Выхоўвае двое дзяцей. Кацярына Роўда другі год уваходзіць у склад актыву Клуба аматараў мастацкага слова “КЛУмБА”. Друкавала свае паэтычныя творы ў часопісах “Белая Вежа”, “Вожык”, літаратурных альманахах, мнагатыражцы БДУ. Неаднаразова станавілася лаўрэатам агульнаўніверсітэцкага паэтычнага конкурсу “Славянскі калейдаскоп”. Першы зборнік вершаў выдадзены Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі ў серыі “Мінскія маладыя галасы”.

 

6 лютага ў Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.-К. Агінскага пройдзе выстава-абмеркаванне рэгіянальнага сувеніра, які распрацоўваецца для развіцця агратурызму ў Маладзечанскім і Валожынскім раёнах. Праект падтрымліваецца Федэральным урадам Германіі.

На выставе будуць прадстаўлены каля 10 сувеніраў з нашага і каля 30 – з Маладзечанскага раёнаў. Сувеніры распрацоўвалі каманды мастакоў.

 

У мінулыя выхадныя два народныя калектывы РЦК – гурт народнай песні “Сваякі” і гурт народнага гумару “Дубінскія фанабэры” – выступілі з адзінай канцэртнай праграмай у аграгарадках Солы і Крэва Смаргонскага раёна.

Спроба ў адной праграме спалучыць іскрамётны трапны гумар і народныя песні атрымала прызнанне слухачоў, якія аказалі нашым землякам вельмі цёплы прыём. Аналагічныя гастрольныя туры па раёнах Мінскай і Гродзенскай абласцей самадзейныя артысты з Валожыншчыны плануюць рабіць на працягу года.

 

У Год культуры культработнікі раёна ў выхадныя дні на базе РЦК і народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” плануюць праводзіць для жыхароў райцэнтра майстар-класы па розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прэзентацыі выстаў, сустрэчы са знакамітымі людзьмі, вечары пытанняў і адказаў, вечары адпачынку для дарослай катэгорыі гараджан і дзіцячыя дыскатэкі. Варта ўважліва сачыць за рэкламай, каб не прапусціць нешта цікавае і захапляючае.

6 лютага ў 16 гадзін на базе “Скарбніцы” адбудзецца прэзентацыя вырабаў з воску гаспадыні аграсядзібы “Мядовая каралева” Анастасіі Хаўрук. Таксама яна будзе даваць майстар-клас па вырабе з пчалінага воску дэкаратыўных свечак.



Добавить комментарий