Маладзечна – культурная сталiца Беларусi 2016 года

Галіна культуры сёння з’яўляецца адным з найважнейшых стратэгічных рэсурсаў краіны, які вызначае шляхі развіцця грамадства, а менавіта адыгрывае вялікую ролю ў фарміраванні і развіцці чалавечага патэнцыялу сучаснага грамадства, з’яўляецца дзейсным інструментам духоўнага выхавання грамадзян.

Галоўныя прыярытэты   ў дзейнасці сферы культуры на бліжэйшую перспектыву: забяспечваць даступнасць культуры для людзей, важна падтрымліваць нацыянальнае мастацтва, ствараць магчымасці для праяўлення новых ініцыятыў і праектаў, неабходна працягваць працу па падтрымцы маладых талентаў, вельмі важным накірункам з’яўляецца захаванне гістарычнай спадчыны. Гэты спіс невычэрпны і, зразумела, можа пашырацца.

Значная ўвага сферы культуры надаецца з боку Прэзідэнта краіны. Актыўна дзейнічае спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, якая атрымлівае адпаведныя стыпендыі, становіцца лаўрэатамі гэтага фонду, у тым ліку ў сферы культуры. Фонд па падтрымцы дзеячаў культуры і мастацтва дапамагае ў рэалізацыі унікальных праектаў.

Ініцыятыва абвясціць 2016-ты Годам культуры нарадзілася ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі і, як мы бачым, атрымала падтрымку на самым высокім узроўні.

Для мяне культура – паняцце рознабаковае. Яно мае вялікую колькасць значэнняў у самых розных абласцях нашага жыцця. Паняцце “культура” ахоплівае не толькі мастацкую творчасць (як часта звужана разумеюць яе сёння), але літаральна і ўсе сферы дзейнасці чалавека. З пункту гледжання навукі, культура – гэта ўсё, што створана чалавекам. Таму на працягу года будуць праходзіць мерапрыемствы, якія закрануць культуру парадку на зямлі, культуру на вытворчасці і чалавечых адносін.

 Прыемна адзначыць, што распачаўся Год культуры адной з самых урачыстых і прэстыжных у краіне цырымоній ўручэння прэміі “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, якая адбылася ў Палацы Рэспублікі.

Распрацаваны рэспубліканскі план культурных мерапрыемстваў. У праграме Года культуры будзе адведзена пачэснае месца для ўшанавання знакавых для Беларусі постацяў.

Гэты год стане значным для ўсёй галіны культуры. У Год культуры будзе прыняты Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, які будзе першым на постсавецкай прасторы і, наогул, у свеце і першы кодэкс па-беларуску, які сістэматызуе заканадаўства ў галіне культуры, спрасціць яго прымяненне і палепшыць умовы для працы ўстаноў культуры і людзей, якія працуюць у гэтай галіне. 29 кастрычніка 2015 года на калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь стала вядома, што ў 2016 годзе тытул культурнай сталіцы Беларусі атрымае горад Маладзечна.

У снежні мінулага года ў Брэсцкім абласным Палацы культуры прафсаюзаў прайшло фінальнае мерапрыемства рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца Беларусі 2015 года”, на якім адбылася цырымонія перадачы эстафеты культурнай сталіцы гораду Маладзечна. Нашаму гораду быў уручаны сімвалічны знак “ Культурная сталіца Беларусі 2016 года”.

 

 Урачыстая перадача сертыфіката Міністэрства культуры, які пацвярджае, што Маладзечна афіцыйна з’яўляецца культурнай сталіцай 2016 года, адбудзецца 5 лютага ў Палацы культуры Маладзечна. Прэзентацыя рэспубліканскай акцыі адбудзецца з удзелам Заслужанага аматарскага калектыву сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа, вядучых аматарскіх калектываў мастацкай творчасці Маладзечанскага раёна, выканаўцаў беларускай эстрады – ураджэнцаў горада Маладзечна.

Багатае і разнастайнае культурнымі падзеямі жыццё Маладзечна. Штогод калектывам Палаца культуры праводзіцца звыш за 400 мерапрыемстваў, у тым ліку больш за 40 маштабных праектаў міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. На базе Палаца культуры працуюць 35 творчых калектывыў, з іх – 12 для дзяцей. Ганаровыя званні “заслужаны”, “народны”, “узорны” маюць 12 клубных фарміраванняў.

Галоўнымі сцэнічнымі пляцоўкамі для правядзення асноўных культурных мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі будуць ДУ “Палац культуры г. Маладзечна” і амфітэатр.

На працягу года ў нашым горадзе будуць рэалізаваны звыш за 300 цікавых маштабных культурна-значных праектаў рознага ўзроўню, у тым ліку міжнародныя пленэры, фестывалі, тэлепраекты і форумы, а таксама гастрольна-канцэртныя праекты. Кожны з іх будзе мець свой стыль і тэматыку.

Значнай падзеяй у 2016 годзе стане правядзенне XVI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Гэта адзіны музычны форум, які мае статус “Нацыянальны”. У 2016 годзе фестываль асаблівы – прысвечаны 75-годдзю народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна.

На працягу года адным з цікавых для гараджан і гасцей горада стане праект “Майстры мастацтваў – культурнай сталіцы Маладзечна”. Ён уключае канцэрты беларускай эстраднай песні з удзелам беларускіх кампазітараў, паэтаў, эстрадных выканаўцаў і вядучых прафесійных калектываў; спектаклі, сустрэчы з дзеячамі культуры і мастацтваў і інш. У праекце прымуць удзел вядомыя выканаўцы і прафесійныя калектывы блізкага і далёкага замежжа. Адбудзецца канцэрт-справаздача вядучых творчых калектываў і выканаўцаў Міншчыны.

Культурную сталіцу наведаюць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча, Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, выхаванцы Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна і інш.

Асноўнымі праектамі ў 2016 годзе стануць: Дні культуры замежных краін, міжнародны турнір па спартыўных бальных танцах, міжнародны фестываль бардаўскай песні, фестываль “Золотой шансон”, фестываль сучаснага маладзёжнага мастацтва, абласны фестываль духавой музыкі “Майскі вальс”, фестываль харавых і вакальных калектываў духоўнай музыкі, рэспубліканскі конкурс “Свет прыгажосці – 2016”, арт-майстэрня “Содружество”, у якой прымуць удзел дэлегацыі і творчыя калектывы гарадоў і інш.

У 2016 годзе адбудуцца сумесныя тэлевізійныя праекты Палаца культуры і Белтэлерадыёкампаніі: “Маладзечна запрашае”, Нацыянальная музычная прэмія “BELARUS TOP-50”, “100 песен для Беларусі”, “Я могу!”, “Танцы” з удзелам фіналістаў тэлевізійнага шоу “Танцы на ТНТ”, “Беларускія матывы”, праект «Маладыя таленты Беларусі» з удзелам пераможцаў рэспубліканскага творчага радыёконкурсу, вечар-канцэрт, прысвечаны 10-годдзю Маладзечанскага маладзёжнага народнага музычнага тэатра, юбілейны вечар-канцэрт Валянціна Сухадольца – саліста Москанцэрта, выпускніка музычнага каледжа і інш.

Прыхільнікаў класічнага мастацтва парадуюць праекты з удзелам сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі і салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, салістаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

У Міжнародным творчым праекце “Маладзечанцы – роднаму гораду” возьмуць удзел выпускнікі ўстаноў культуры горада: вядучыя салісты оперных тэатраў свету. У рамках гэтага форуму адбудуцца творчыя вечары вядомых землякоў: кампазітара Алега Елісеенкава, ганаровага грамадзяніна Маладзечанскага раёна, паэта Леаніда Путырскага, паэта Кастуся Цыбульскага і інш.

 У рамках праекта “Грамадска-культурныя, патрыятычныя акцыі” адбудуцца: акцыя “Спяваем Гімн разам!”, мітынг “Мы славім цябе, Беларусь!”, святочныя мерапрыемствы “Краіну слаўлю я сваю!”, “Горад, у якім хочацца жыць!” і інш.

 У рамках праекта “Духоўная спадчына Маладзечна. Народная традыцыйная культура. Выставачная дзейнасць” для маладзечанцаў і гасцей горада будуць арганізаваны імпрэзы, прэзентацыі, выставы, пленэры.

Усе мы ведаем, што наша будучыня за маладым пакаленнем і ад нас залежыць, якім яно будзе. Таму шмат мерапрыемстваў праводзіцца для дадзенай катэгорыі. Асобнай падзеяй для моладзі стане ўжо набыўшы папулярнасць маладзёжны форум “Время жить!”, праграма якога дазваляе не толькі выявіць таленты, але і прыцягнуць сацыяльна небяспечную моладзь да актыўнага творчага жыцця і валанцёрскай дзейнасці.

Аматараў джазавай, сучаснай і рок-музыкі чакаюць незабыўныя вечары і сустрэчы ў канцэртных праектах: “Маладзечна. Рок” з удзелам гуртоў “Нейра Дзюбель”, “Akute”, “J: Морс”, “NRM”, “Крама” і ўдзельнікаў аматарскіх калектываў альтэрнатыўнай музычнай культуры, расійскіх аўтараў і выканаўцаў Глеба Матвейчука, Аляксандра Ламінскага, Наргіз Закіравай, Дзмітрыя Калдуна, групаў “Чысты голас”, “Дразды”, “IOWA” і інш.

Аматары мастацкага слова, тэатральнага мастацтва змогуць сустрэцца з народнай артысткай Расіі Кларай Новікавай; наведаць “Паэтычную гасцёўню”, у якой прымуць удзел члены Саюза пісьменнікаў Беларусі; спектаклі “Пясняр” у пастаноўцы Нацыяльнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, “Любі мяне, як я цябе” Маскоўскага тэатра сучаснай камедыі з удзелам народнага артыста Расіі Б. Няўзорава, Л. Нільскай. Пройдуць прэм’еры спектакляў Ж. Марсана “Проделки Мельпомены” ў пастаноўцы тэатра мініяцюр “Брава!” і М. Донаха “Королева красоты” ў пастаноўцы народнага тэатра “Метамарфозы” Палаца культуры.

Для людзей сталага ўзросту будуць праведзены фестываль ветэранскіх калектываў “Звени наша песня Победным салютом”, свята “Восеньскі настрой”.

Вялікая колькасць мерапрыемстваў будзе праводзіцца з актыўным удзелам гараджан. Пройдуць свята мікрараёнаў горада, конкурс архітэктурна-дызайнерскіх праектаў, акцыі па добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый, балконаў, тэрас і навядзення чысціні і парадку ў горадзе, акцыя “Зберажом спадчыну” з прыцягненнем моладзі да работы па добраўпарадканні гісторыка-культурных і сацыяльных аб’ектаў і інш.

2016 Год культуры падорыць маладзечанцам цікавыя сустрэчы і творчыя імпрэзы, адкрыцці новых талентаў і прыемныя ўражанні.

Зладжанасць працы не толькі ўстаноў культуры і мастацтва, але і сумесная дзейнасць усіх структурных падраздзяленняў Маладзечанскага райвыканкама дазваляе быць упэўненым, што горад Маладзечна заслужана і адказна будзе несці ганаровае званне “Культурная сталіца года”.

 

Святлана САРОКА,

член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь,

дырэктар ДУ “Палац культуры г. Маладзечна”

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars