З увагай i клопатам да сваiх падапечных

Культура

Такога паняцця, як бездарожжа, у гэтай службы не існуе. У любое надвор’е сацыяльны работнік з Івянца Ірына Іпалітаўна ТОЧКА спяшаецца да сваіх бабуляў і дзядуляў. З сумкамі яна пераадольвае штодзень больш за 20 кіламетраў. І на пытанне, як дабіраецца да падапечных, адказвае бадзёра і з усмешкай: “На веласіпедзе!”

І. І. Точка даглядае 11 пажылых людзей, сярод якіх толькі адзін мужчына пачцівага ўзросту – Іосіф Валяр’янавіч Ляшчынскі. А ўвогуле, усе, каго яна абслугоўвае, – харошыя людзі. Гэта не раз падкрэслівала Ірына Іпалітаўна падчас нашай размовы. І хоць кожны са сваім лёсам, жыццёвымі абставінамі, характарам, і нават норавам, падыход змагла да іх знайсці.

Прыйшла на працу дзесяць гадоў таму па прапанове інспектара па асноўнай дзейнасці па Івянецкай зоне РТЦСАН А. Ч. Рудзько. Дарэчы, Ала Чаславаўна патлумачыла, што не кожны зможа працаваць у гэтай сферы: “Сацыяльныя работнікі ў нейкай ступені псіхолагі для пажылых людзей. Трэба быць пазітыўным чалавекам і любіць людзей. Трэба ўмець слухаць і размаўляць, не пакрыўдзіць словам”.

На новай рабоце Ірыне Іпалітаўне напачатку было зусім няпроста. Але паступова справілася і з эмоцыямі, і са складанасцямі, бо ладзіць з людзьмі старэйшага пакалення яна навучылася, жывучы разам са свёкрам і свекрывёй. У наш час гэта вялікая рэдкасць, калі ўсе месцяцца адной вялікай сям’ёй. У большасці маладыя людзі стараюцца адасобіцца, каб па-свойму будаваць сямейныя адносіны. Быў выбар і ў маладой сям’і Точка: пераехаць у Барысаў. Але гэта далёка і ад роднай Пагарэлкі, дзе засталася жыць яе матуля, і ад мужавых бацькоў. Тым больш, што ў свёкра са свекрывёй вялікі прасторны дом у Івянцы, а два мужавы браты раз’ехаліся. За амаль два з паловай дзясяткі гадоў існавання пад адным дахам свякроў Ірына Вікенцьеўна Точка стала для нявесткі другой матуляй. Вучыла яе і ежу рыхтаваць, і па гаспадарцы ўпраўляцца, дапамагала гадаваць унучак. Цяпер у свекрыві, якой 83 гады, насамрэч заслужаны адпачынак: паўнамоцтвы паўнапраўнай гаспадыні яна перадала нявестцы, якая атуляе яе клопатам і ўвагай.

Гэтак жа ставіцца Ірына Іпалітаўна і да сваіх падапечных. Адна з іх, што пражывае ў вёсцы Адамкі, называе сацыяльнага работніка душэўна: “Мая дачушка”. Хаця ў яе ёсць дачка ў Мінску, якая прыязджае да матулі на выхадныя і хацела б забраць яе да сябе. Але пакідаць родную хату, мілыя сэрцу мясціны, нягледзячы на тое, што жыве ў вёсцы толькі адна, жанчына не жадае. І. І. Точка, ведаючы, што да старэнькай бабулі ніхто ў будныя дні больш не наведаецца, адчувае вялікую адказнасць. “Адчыняю дзверы і з парога чую: “А я ўжо па табе засумавала!” – кажа сацыяльны работнік. – Столькі ў гэтых словах цеплыні, надзеі, што душа радуецца”.

Маючы штодзень зносіны з умудронымі жыццёвым вопытам людзьмі, яна шмат чаму навучылася, многае пераасэнсавала. “Не раз задумваюся: чаму бацькі становяцца цяжарам для сваіх дзецей? – разважае Ірына Іпалітаўна. – Яны ўсё разумеюць і балюча ўспрымаюць, але ніколі не скардзяцца і не наракаюць – заўсёды стараюцца апраўдаць нашчадкаў, знайсці нейкія тлумачэнні. Я нават і думкі не дапускаю, што самых дарагіх і блізкіх для мяне людзей будуць даглядаць чужыя людзі. Гэта ж грэх. Яны ж нас гадавалі і не пакінулі, хаця клопатаў мы таксама шмат дастаўлялі. Трэба памятаць, што жыццё падмануць нельга: як мы ставімся да сваіх бацькоў, так і дзеці будуць ставіцца да нас у старасці”.

Жывучы па такому прынцыпу, І. І. Точка заслужыла не толькі ўдзячнасць і павагу ад сваіх падапечных. Сёлета да Дня сацыяльнага работніка яе праца была адзначана падзякай старшыні райвыканкама.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий