Агляд падзей у раённай газеце за люты 1971 года

Культура

ШМАТДЗЕТНАЕ ШЧАСЦЕ

На падставе Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 18 жніўня 1944 года ўзнагародзіць ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР па Валожынскім раёне:

Маці, якія нарадзілі і выхавалі дзевяць дзяцей, ордэнам “Мацярынская слава” I ступені:

Зінаіду Аляксееўну Янушкевіч – калгасніцу калгаса “Камсамолец”.

Маці, якія нарадзілі і выхавалі восем дзяцей, ордэнам “Мацярынская слава” II ступені:

Веру Пятроўну Глінскую – хатнюю гаспадыню, вёска Бярэзніца.

Алімпіяду Аляксандраўну Станкевіч – калгасніцу калгаса “Чырвоная гвардыя”.

Марыю Вікенцьеўну Шэўлік – рабочую саўгаса “Праца”.

Маці, якія нарадзілі і выхавалі сем дзяцей, ордэнам “Мацярынская слава” III ступені:

Галіну Антонаўну Гуд – калгасніцу калгаса “Верны шлях”.

Надзею Сямёнаўну Казлоўскую – калгасніцу калгаса “Бальшавік”.

Яўгенію Юльянаўну Радзевіч – хатнюю гаспадыню, вёска Шуловічы.

Марыю Уладзіміраўну Южык – калгасніцу калгаса “Камсамолец”.

 

 

 

ПАСЛЫ ВАЛОЖЫНШЧЫНЫ

Чатырнаццаць камуністаў прадстаўлялі Валожынскую раённую партыйную арганізацыю на XVII Мінскай абласной партыйнай канферэнцыі.

У выбраны канферэнцыяй абласны камітэт партыі ўвайшлі першы сакратар райкома КПБ Ю. І. Шчолкін, старшыня праўлення калгаса імя Леніна М. І. Уласік.

Кандыдатамі ў члены абкома КП Беларусі выбраны старшыня выканкома раённага Савета дэпутатаў працоўных А. П. Анціпенка і загадчыца фермы калгаса “1 Мая” З. С. Літвіненка.

Сярод выбраных партканферэнцыяй дэлегатаў на XXVII з’езд Кампартыі Беларусі з правам рашаючага голасу камуністы раённай партыйнай арганізацыі З. М. Задора, З. С. Літвіненка, Ю. І. Шчолкін.

 

 

 

ДЗЕНЬ ЗА ДНЁМ

Механізатары калгаса “Запаветы Ільіча” падвялі вынікі работы за мінулы год. Першае месца прысуджана Антону Гідлеўскаму. На трактары Т-40 ён выпрацаваў 2230 гектараў умоўнага ворыва.

 

У адным з пунктаў сацыялістычнага абавязацельства, якое прынялі працаўнікі раённага аб’яднання “Сельгастэхнікі” ў гонар XXIV з’езда партыі, запісана: “17 красавіка ўсім, як аднаму, выйсці на камуністычны суботнік”. У гэты дзень механізатары адрамантуюць тры трактары, а ліцейшчыкі вырабяць 4 тоны розных дэталей.

 

60 працаўнікоў калгаса “17 верасня” паглядзелі новую праграму сталічнага цырка. Гэта першае культурнае мерапрыемства з плана работы прафсаюзнай арганізацыі на сёлетні год.

Урачыста было ў суботу ў памяшканні Багданаўскага сельвыканкома. Віноўнікамі свята сталі рабочыя саўгаса “Багданаўскі” Уладзімір Апанэль і Вера Шчыгла, шафёр раённага аб’яднання “Сельгастэхнікі” Казімір Скадорва і фельчар Галіна Радзюк, студэнты Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута Крысціна Марцінкевіч і Станіслаў Глябовіч. Тут адбылася ўрачыстая рэгістрацыя шлюбаў. У нядзелю сюды таксама прыбыў вясельны поезд. Госці і бацькі маладажонаў Іосіфа Патрэбкі і Ганны Мацаль прысутнічалі на ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу.

 

 230 рублёў – такі сярэднямесячны заробак Мікалая Уладзіміравіча Грыцкевіча з калгаса імя Куйбышава. Ён працуе на свінагадоўчай ферме, дабіваецца высокіх паказчыкаў. Цяпер за жывёлаводам замацавана 46 свінаматак. Даглядае за імі Мікалай Уладзіміравіч самым належным чынам.

 

 

СЛАВЯЦЦА ШЧЫРАЙ ПРАЦАЙ

Яны заўсёды разам. Летам пасвяць у полі грамадскі статак. Зімой падвозяць кармы на ферму.

Георгій Сямёнавіч Жабко і Аляксандр Аляксандравіч Карабан – лепшыя жывёлаводы калгаса імя Суворава. Ферма “Капусціна”, дзе яны працуюць, славіцца добрымі справамі, з’яўляецца адной з перадавых у гаспадарцы. І ў гэтым немалая заслуга лепшых жывёлаводаў калгаса, намаганні якіх накіраваны на няспынны рост прадукцыйнасці статка.

 

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Вечар сустрэчы былых выпускнікоў адбыўся ў Пяршайскай сярэдняй школе. Сярод шматлікіх гасцей былі два прадстаўнікі першага выпуску дзесяцігодкі, які адбыўся 20 гадоў назад. Гэта браты Мяліцкія: лётчык грамадзянскай авіяцыі Часлаў і фельчар Пяршайскай участковай бальніцы Уладзімір. Ганаровым гасцям вучні паднеслі памятныя падарункі.

 

Трохсотую тону каштоўнага вадкага ўгнаення – аміячнай вады – даставіў у гаспадарку трактарыст саўгаса “Падбярэззе” Уладзімір Нікадзімавіч Саевіч.

 

 Калгасы імя К. Маркса, імя Суворава, “17 верасня” выйшлі на ўзровень перадавых гаспадарак вобласці па вытворчасці і продажу малака, а калгасы імя Чапаева, імя Леніна, саўгасы “Ракаўскі”, “Радзіма”, “Праца” – па вытворчасці і продажу мяса. 500 цэнтнераў малака і 100 цэнтнераў мяса на 100 гектараў сельгасугоддзяў – не мяжа для гэтых гаспадарак.

 

 Перадавая птушніца Івянецкага племяннога птушказавода Ф. У. Спічакова з пачатку года атрымала ад даглядаемых нясушак больш як 80 тысяч яек.

 

 Валожынскія кінагледачы перад пачаткам сеанса сустрэліся з удзельнікамі першага тура рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў, прысвечанага XXIV з’езду КПСС. З канцэртам выступілі вучні дзіцячай музычнай школы. Іра Кравец і Люда Беластоцкая выканалі на фартэпіяна санату № 1 Моцарта і экспромт Бабаджаняна. Святлана Сліжык і Тамара Сліжык на баяне выканалі варыяцыі на тэму беларускай песні і п’есы.

 

 У першай шарэнзе спаборнічаючых сярод аддзяленняў сувязі ідуць калектывы Пяршайскага аддзялення на чале з Соф’яй Браніславаўнай Тамашэўскай. Ленінскім юбілейным медалём адзначана праца паштальёнаў Т. С. Гаркун, І. І. Цыбульскага, У. Л. Табара, тэлефаністкі Л. К. Шакун, аператара раённага вузла сувязі В. П. Трыпуцькі.

 

 

 

ПОСПЕХ ЧЫГУНАЧНIКАЎ

Начальнік чыгуначнай станцыі “Валожын” А. Татур паведамляе ў рэдакцыю газеты:

“Калектыў нашай чыгуначнай станцыі з гонарам выканаў прынятыя павышаныя сацыялістычныя абавязацельствы на 1970 год. Гадавы план пагрузкі завяршылі за дзевяць месяцаў. Звыш плана пагрузілі 2530 тон або 123 вагоны. За кошт павелічэння статычнай нагрузкі і скарачэння прастою зэканомлена 40 вагонаў.

Па выніках работы нам прысуджаны пераходны Чырвоны сцяг Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі і райпрафсожа.

Лепшых паказчыкаў дабіваюцца ў рабоце дзяжурныя па станцыі Крысціна Паўлаўна Гарасюк, Міхаіл Васільевіч Дземеш, стрэлачнікі Іосіф Міхайлавіч Хоміч, Васіль Віктаравіч Сівец, Пётр Васільевіч Шаўлюк, таварны касір Ніна Якаўлеўна Каранеўская”.

 

 

 

АДНЫМ СЛОВАМ

Часта наносяць творчыя візіты жыхарам горада Валожына артысты Беларускага Дзяржаўнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Нядаўна трупа тэатра паказала валожынцам сваю новую работу – пастаноўку па п’есе драматурга А. Маўзона “Усяго адно жыццё”. Білеты на спектакль былі раскуплены літаральна за некалькі дзён, як толькі афішы абвясцілі аб будучай сустрэчы.

 

 Вучацца ў Валожынскай завочнай сярэдняй школе і адначасова працуюць больш за чатырыста працаўнікоў раёна. З іх 201 чалавек непасрэдна заняты ў сельскагаспадарчай вытворчасці, 150 – рабочыя і 52 – служачыя.

 

 Лекцыі для працаўнікоў раёна прачытаў лектар Мінскай абласной арганізацыі таварыства “Веды” кандыдат філасофскіх навук В. І. Боўш. На працягу некалькіх дзён ён прачытаў 14 лекцый, даў змястоўныя адказы на зададзеныя пытанні. У калгасе “Верны шлях” прачытана лекцыя “Барацьба СССР за раззбраенне”. Лекцыі аб міжнародным становішчы слухалі хлебаробы калгаса “Чырвоны сцяг”, у валожынскім міжкалгасбудзе, гарадскіх сярэдніх школах, ПМК-64, на прадпрыемствах Івянца.

 

 

 

З ВЫДАТНАЙ

ФIЗIЧНАЙ ПАДРЫХТОЎКАЙ

Аматары лыжнага спорту сабраліся ў гарадскім пасёлку Івянец на спаборніцтвы па праграме XXV школьнай спартакіяды раёна.

 На дыстанцыі тры кіламетры сярод дзяўчынак лепшы вынік – 15 мінут 47 секунд – паказала Н. Галваноўская з валожынскай СШ № 2. На другім месцы івянецкая школьніца І. Суша, на трэцім – Г. Зенька з СШ № 1.

Пяць кіламетраў сярод хлопчыкаў з лепшымі вынікамі (23 мінуты 15 секунд) прайшоў Г. Латышаў. Другім фінішаваў А. Мінкевіч з Івянецкай СШ, трэцім – Ул. Дзяруга з Ракаўскай СШ.

У дзяўчат на дыстанцыі тры кіламетры першынствавала Я. Варапай. Другое і трэцяе месцы дасталіся Т. Юнінай (СШ № 2) і В. Іода (Пяршайская СШ).

Сярод юнакоў мацнейшым аказаўся вучань дзясятага класа Івянецкай СШ В. Поклад, які прайшоў пяць кіламетраў за 21 мінуту 24 секунды. Толькі на дзве секунды адстаў ад свайго таварыша Ф. Трасцянка. Трэцім фінішаваў Ф. Журкевіч (СШ № 1).

 

ПРЫРОДЖАНЫ БУЛЬБАВОД

Вопытны механізатар, умелы арганізатар, прыроджаны хлебароб – такія прыемныя водгукі можна пачуць у калгасе імя Карла Маркса аб звеннявым механізаванага звяна па вырошчванні бульбы Міхаіле Антонавічу Алешку. І ён заслугоўвае гэтай характарыстыкі.

 Штогод узначальваемае ім звяно атрымлівае высокія ўраджаі “другога хлеба” пры адначасовым зніжэнні затрат на вытворчасць прадукцыі. Летась з кожнага гектара тут сабралі па 235 цэнтнераў клубняў. Сабекошт цэнтнера бульбы склаў 3 рублі 17 капеек – на 43 капейкі менш, чым у сярэднім па гаспадарцы.

Ужо цяпер, у зімовыя дні, бульбаводы працуюць на будучы ўраджай: назапашваюць арганічныя ўгнаенні, клапоцяцца аб якасці кампостаў. Не забываюць члены звяна і аб павышэнні прафесійнага майстэрства – вывучаюць агратэхніку вырошчвання бульбы, знаёмяцца з вопытам перадавікоў.

 

 

 

ПАПАЎНЕННЕ

КАМСАМОЛЬСКАЙ СЯМ’I

Урачысты дзень уступлення ў камсамол прайшоў у Дорскай васьмігодцы.

На сходзе ўпэўнена адказвалі на пытанні старэйшых таварышаў звеннявыя піянерскага звяна Віталь Новік, Іра Дзянісік, член рэдкалегіі насценгазеты Ларыса Гедроіць, Ірына Гаспар, Аляксандр Кулік і іншыя. Рабяты сталі дастойным папаўненнем школьнай камсамольскай арганізацыі.

Бюро РК ЛКСМБ нядаўна зацвердзіла таксама рашэнне пярвічнай камсамольскай арганізацыі саўгаса імя Маякоўскага аб прыёме ў члены ВЛКСМ рабочага Вікенція Мазаніка і слесара Антона Рамана.

Цяпер раённы камсамол налічвае ў сваіх радах 4642 члены. Сёлета ў яго ўступілі 110 юнакоў і дзяўчат.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий