Нашы дзеці

Молодежный курьер

МАРЫ ЗДЗЯЙСНЯЮЦЦА

Не абавязкова чакаць каляндарнага свята, каб зрабіць каму-небудзь прыемнае. Сюрпрыз без нагоды прыносіць не меншую радасць, чым чаканы падарунак у святочны дзень.

Новы год даўно прайшоў. А вось зялёная “Ялінка жаданняў” з кардону стаяла ў Валожынскай дзіцячай бібліятэцы амаль да канца студзеня. Некалькі папяровых шарыкаў на ёй, размаляваных і няўмела падпісаных дзіцячай рукой, ілюстравалі шчырыя мары хлопчыкаў і дзяўчынак: цацачны аўтамабіль, ручны гадзіннік, завушніцы, лак для пазногцяў і іншае.

Але ёсць у гэтых маленькіх мастакоў і жаданне агульнае для ўсіх. Аднак яго на кавалачак паперы не нанясеш. Як намаляваць, што бацькі перасталі цягнуцца да гарэлкі, пачалі годна працаваць, што дома чыста і цёпла, што на стале смачныя стравы, а ў сям’і не чуецца сварак і не здараецца боек? Аўтары папяровых шарыкаў – выхаванцы аддзялення прытулку Валожынскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Іх далейшы лёс нявызначаны: калі бацькі выправяцца, дзеці вернуцца дадому. У адваротным выпадку малых чакае дом-інтэрнат.

Юныя наведвальнікі Валожынскай дзіцячай бібліятэкі вырашылі падтрымаць сваіх равеснікаў, якія сустракалі зімовыя святы ў прытулку. Арганізавалі для іх сімвалічны збор падарункаў. Прыносілі цукеркі, цацкі, біжутэрыю, касметыку. Прэзенты перадалі маленькім пастаяльцам прытулку. Чытачы бібліятэкі пастараліся выканаць усе жаданні з папяровых шарыкаў. А ці спраўдзіцца самая запаветная мара малышоў, залежыць ад пазіцыі дарослых.

 

УЛАСНЫ СВЯТЛАФОР

 Пашчасціла дзіцяці, у якога ёсць творчыя бацькі. Яны могуць падарыць любімаму малышу не толькі магазінную цацку, але і самаробную, ды яшчэ неверагодных памераў!

У 3-гадовага Арсенія ПЯТРУЦКАГА, напрыклад, ёсць уласны святлафор. Ён трывала стаіць “на дзвюх нагах”, яго можна трымаць за мяккую далонь у аранжавых пальчатках, рукі ў святлафора апрануты ў белую кофту з узорам. Як не пахваліцца такой цацкай перад аднагодкамі?

На выставе “Мая бяспека” ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Расінка” горада Валожына выраб “Самы галоўны на дарозе” Арсенія Пятруцкага выклікаў фурор. Акрамя малюнкаў, тут выстаўляліся шматлікія аб’ёмныя вырабы. Напрыклад, Арцём Рэут прэзентаваў “Пажарны шчыт”, Насця Стасяловіч – фанерную “Пажарную машыну”, Маргарыта Харчанка – “Святлафор”, Таня Іншакова – “Пажарную часць” з кардону, Аліна Чэрнік – макет “Дарога да майго дома”, Арына Юркевіч – папяровы шар “Выратуем зямлю ад пажару”. Але адметны святлафор-рэгуліроўшчык Арсенія Пятруцкага меў найбольшы поспех, сваёй нестандартнасцю імгненна прыцягваючы да сябе ўвагу.

Арыгінальную цацку для хлопчыка змайстравалі яго мама і тата. Юлія Аляксандраўна і Аляксей Станіслававіч яшчэ не забыліся, што “ўсе мы родам з дзяцінства”. Бацькі хлопчыка ўмеюць паставіць сябе на месца малыша, улавіць яго жаданні і інтарэсы.

У сям’і Пятруцкіх двое дзяцей: у Арсеня ёсць сястра Саша. Хоць з маленькімі дзецьмі клопатаў безліч, бацькі стараюцца знаходзіць час для заняткаў самаробкай. Творчасць гуртуе, збліжае дамачадцаў, нараджае давер.

 

СКУЛЬПТУРЫ ПРАПІСАЛІСЯ ПАД АДКРЫТЫМ НЕБАМ

Са снегу можна зляпіць штосьці значна цікавейшае, чым Снегавік. Гэта даказалі дзеці і выхавальнікі раённых дашкольных устаноў адукацыі.

На тэрыторыях дзіцячых садоў з’явіліся велізарныя пінгвіны, малпы, зялёныя кракадзілы, чарапахі, васьміногі і іншыя экзатычныя жывёлы. Клеткі такому заапарку былі не патрэбны: усе яго “жыхары” – снежныя скульптуры.

Крэатыўныя кампазіцыі ствараліся для раённага агляду-конкурсу на лепшы зімовы ўчастак дзіцячага сада. Творчае спаборніцтва прымеркавалі да святкавання Сусветнага дня снегу і славянскага Дня Дзеда Марозу і Снягуркі.

Снежныя фігуры, размаляваныя яркімі фарбамі, дадалі вясёлых нот стрыманаму зімоваму пейзажу.

У афармленні снежных гарадкоў віталіся таксама снежныя горкі і міні-лыжні, што знаёмілі малышоў з зімовымі відамі спорту. Разнастайнасць такіх пабудоў спрыяла павышэнню рухальнай актыўнасці выхаванцаў.

Будуць падведзены вынікі ў намінацыях на “Лепшы зімовы ўчастак установы дашкольнай адукацыі” і на “Прыз глядацкіх сімпатый”. Агляд-конкурс правялі па ініцыятыве аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.



Добавить комментарий