Гаранты спакою

Закон и порядок

Па выніках работы за 2015 год грамадскі пункт аховы правапарадку Дорскага сельвыканкама названы лепшым.

Дорскі савет грамадскага пункта аховы правапарадку складаецца з адзінаццаці чалавек. Сярод іх – супрацоўнікі сельвыканкама, кіраўнікі арганізацый, настаўнікі. У зоне іх клопатаў 44 вёскі з 1552 жыхарамі. Галоўная ўвага ў рабоце ўдзяляецца прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў. Пад асаблівай увагай знаходзяцца тыя, хто схільны да асацыяльных паводзін: непрацуючыя, злоўжываючыя алкаголем, судзімыя. Сёння на тэрыторыі гэтага адміністрацыйнага ўчастка пражываюць каля дзясятка грамадзян з ліку нядобранадзейных. Яшчэ ёсць дзве сям’і з малалетнімі дзецьмі, дзе абстаноўка не адпавядае паўнацэннаму працэсу выхавання. Толькі дзякуючы пастаяннаму кантролю з боку мясцовых улад і грамадскасці сітуацыя там не даходзіць да крытычнай.

Выкананне прафілактычных мер па выкараненні сацыяльнага зла ў многім залежыць ад дзейнасці ўчастковага інспектара міліцыі. У Дорах гэту нялёгкую місію выконвае малодшы лейтэнант Мікалай Фёдаравіч Барадака. Наракаць на хлопца няма чаго ні кіраўніцтву РАУС, ні жыхарам сельсавета. Даручаны ўчастак ведае добра, на месцы не сядзіць, умее ладзіць з людзьмі і, нягледзячы на малады ўзрост, карыстаецца аўтарытэтам. Летась участковы Барадака дабіўся стопрацэнтнага раскрыцця злачынстваў і правапарушэнняў.

На тэрыторыі сельсавета не зарэгістравана ні аднаго цяжкага злачынства, няма правапарушальнікаў сярод непаўналетніх, амаль ліквідавана такая ганебная з’ява, як самагонаварэнне і несанкцыянаваны гандаль алкаголем.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий