У кватэры па-панску, за парогам па-хамску

Общество

Аб сацыяльным статусе гаспадароў, іх мастацкім гусце і ўменні падтрымліваць парадак можа выдатна паведаміць кватэра. А вось па месцах агульнага карыстання інфармацыю аб жыльцах не рассакрэціш. Напрыклад, па тым, як выглядае мой пад’езд, ні за што не скажаш, што тут жывуць людзі інтэлігентных прафесій, маладыя маці.

А як падтрымліваецца належны санітарны стан у іншых шматпавярхоўках? З такім пытаннем я звярнулася да жыхароў райцэнтра.

 11-02-2016-13

Дар’я ГАРНАШКЕВІЧ, пашпартыстка

РУП “Валожынскі

жылкамунгас”:

– Наш пад’ез № 5 па вуліцы Міру, 12 заўсёды чысты і ўтульны. Я жыву на пятым паверсе і пакуль дайду дадому, то магу ацаніць стан лесвічнай пляцоўкі. Прыбіраюць жанчыны з камунгаса, мы і самі стараемся падтрымліваць чысціню. Ведаю суседку, якая па суботах генеральную ўборку пачынае з месцаў агульнага карыстання, а ўжо потым займаецца ўласнай кватэрай. Кажа, калі дома стоміцца, то ўжо да лесвічнай пляцоўкі рукі могуць і не дайсці. Ведаю і тых, хто лічыць сябе акуратным, выхаваным чалавекам, але не адчувае ніякага дыскамфорту ад таго, што адразу за дзвярыма яго кватэры брудна і непрыгожа. Гэта сведчыць аб тым, што да сапраўднай культуры ім яшчэ расці і расці.

11-02-2016-14

Дзяніс ПАЧЫКОЎСКІ, начальнік Валожынскага аддзялення Дэпартамента “Ахова”:

– Жыву не ў шматпавярховым доме. Прыватны будынак вучыць ставіцца па-гаспадарску не толькі да жылых памяшканняў, але і да прыдамавой тэрыторыі, гаспадарчых пабудоў і нават тых плошчаў, што за плотам. Па службовых абавязках даводзіцца бываць у пад’ездах шматкватэрных дамоў. Магу сказаць, што яны, за рэдкім выключэннем, выглядаюць непрыглядна. У пад’ездзе смурод, пад нагамі недакуркі, на сценах бруд, што ўядаўся гадамі. А адчыняеш дзверы ў кватэру – і быццам трапляеш у іншае вымярэнне: еўрарамонт, усё зіхаціць чысцінёй, стаіць сучасная мэбля і апошнія навінкі бытавой тэхнікі.

 

11-02-2016-15

Ірына СУХАДОЛЬСКАЯ, маці ў дэкрэтным водпуску:

– З суседзямі па пад’езде мы так і не дамовіліся аб устаноўцы дзвярэй з дамафонам. Нікому няма бяды, што нам, на першым паверсе, холадна. Дзякуй жылкамунгасу: яны ўстанавілі дзверы за ўласны кошт. Па лесвічнай пляцоўцы дзяжурым напару з суседкай Яўгеніяй Сухадолец. Графіка не прытрымліваемся, прыбіраем па меры неабходнасці і наяўнасці часу. Нядаўна ў нас начавала невядомая дзяўчынка гадоў 12-13. Яна хоць пасля сябе смецця не пакінула. А ёсць сусед-алкаголік, які, калі нап’ецца, то можа і лужыну пасля сябе пакінуць. І не прымусіш жа яго прыбраць за сабой! Ды ён толькі гадзіць і ўмее…

11-02-2016-16

Рыгор ШАХЛЕВІЧ,

пенсіянер:

– Жыву па адрасе: вуліца Міру, дом 16, другі пад’езд. Скажу шчыра: у любы дзень да нас могуць зайсці прадстаўнікі санстанцыі або прыехаць самыя высокія госці, і нам, жыльцам, не будзе сорамна за свой пад’езд. Зайдзіце і паглядзіце самі: ён пафарбаваны ў прыемныя колеры, ад падлогі да столі ўсё вымыта, лесвічныя пляцоўкі нічым не застаўлены, а на вокнах – жывыя кветкі. Пра чысціню і прыгажосць клапоцімся самі. Вось іду з падвала, дык і па ім можна пазнаць, хто паважае сябе і навакольных, а каму на ўсё напляваць. Нехта ўжо каторы раз кідае мяшкі са смеццем каля ўваходу ў падвал. Ведаю, што за такі ўчынак можна штрафаваць. Закон правільны. Трэба толькі навучыцца лавіць хуліганаў.

11-02-2016-17

Ларыса ШЧАРБАЧЭВІЧ,

загадчык аддзялення дзённага прабывання маладых інвалідаў:

– У нас, безумоўна, не самы чысты пад’езд у горадзе. На некаторых паверхах вільготнай уборкі месяцамі не бывае. На нашай пляцоўцы тры кватэры. Раней прыбіралі строга па графіку, але цяпер у адной з суседак склаліся цяжкія сямейныя абставіны, і ад такіх клопатаў мы яе вызвалілі. Калі стала вядома, што жылкамунгас бярэ на сябе абавязак падтрымліваць парадак у пад’ездах, то мы нават абрадаваліся. Але эйфарыя прайшла даволі хутка: пасля прыбіральшчыц заставаўся і бруд пад нагамі, і пыл на падаконніках, і павуцінне пад столлю. Я гатова плаціць за камфорт, але не за яго адсутнасць.

Гутарыла

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий