Гэта вельмi цiкава!

Молодежный курьер

Напрыканцы студзеня ў гімназіі № 1 Валожына прайшоў V раённы конкурс “Я – вынаходнік” сярод выхаванцаў дзіцячых садкоў і вучняў пачатковых класаў.

Свае работы на конкурс прадставілі 31 удзельнік з 21 установы адукацыі раёна. Спаборніцтвы праводзіліся па пяці намінацыях. І трэба адзначыць, што фантазіі, захапленням і дапытлівасці дзяцей няма межаў: яны могуць і ўмеюць бачыць незвычайнае ў звычайным. Яны не толькі любяць пазнаваць сусвет, але і адкрываць для сябе штосьці новае. Самае галоўнае, што для іх усё гэта вельмі цікава!

Так, у намінацыі “Дзіця і прырода”, “Мая Радзіма – Беларусь” выхаванцы дзіцячых садкоў старэйшай групы расказвалі пра экзатычных хатніх гадаванцаў – чарапашку; як з семечка і лістка вырасціць цудоўную кветку; пра доўгі шлях хлебнага зярнятка. Спрабавалі знайсці адказ на пытанне, чаму такія маленькія поні, а таксама стварыць палянку з кухоннай губкі.

Канкурсанты намінацыі “Бюро знаходак”, “Незвычайнае ў звычайным” вучылі, як у хатніх умовах зрабіць вясёлку; як з цукру і вады прыгатаваць смачныя цукеркі-ледзянцы; расказвалі пра загадкавыя асаблівасці напітку “Coka-Kola” і пра тое, якія цуды можна зрабіць з грэчкі.

Многа нязведанага знайшлі малодшыя школьнікі і ў дакладных навуках. Гэта яны спрабавалі пацвердзіць сваімі работамі ў намінацыі “Матэматыка. Фізіка. Тэхніка”, “Гуманітарныя веды”. У прыватнасці, рабяты патлумачылі, якой сілай валодае магніт; як стварыць шэдэўры без пэндзліка; як з простага зярнятка, пасеянага ў полі, атрымліваецца кашуля; звярнулі ўвагу на зрок, як на бясцэнны дар прыроды.

11-02-2016-2Аматары жывых арганізмаў у намінацыі “Прыродазнаўства” (жывая прырода) здзівілі не толькі ведамі, але і на справе даказалі, што і ва ўмовах нашай краіны можна вырасціць смачны кавун; расказалі, што навуковыя веды і догляд дапамогуць не страціць любімую кветку, а звычайную траву можна выкарыстоўваць для мыцця рук, валасоў і бялізны.

Прыхільнікі нежывой прыроды насамрэч змаглі захапіць распрацоўкамі аб карысці маскі з пчалінага воску; навучылі рабіць прыгожыя цацкі-падарункі з пластыліну; патлумачылі, сябрам ці ворагам для чалавека з’яўляецца жавальная гумка; паведамілі аб тым, што адна са школ раёна знаходзіцца ў экалагічна чыстай зоне; адшукалі знікшую рэчку.

Безумоўна ж, вялікую дапамогу юным вынаходнікам у распрацоўцы іх работ аказалі настаўнікі, выхавацелі і бацькі. Яны не толькі падтрымлівалі пачынанні дзяцей, але разам шукалі адказы на зусім простыя, здавалася б, для дарослых пытанні. І цікава было пачуць, што новыя адкрыцці зрабілі для сябе ўсе.

11-02-2016-19Прадстаўнічае журы ў складзе метадыстаў вучэбна-метадычнага кабінета, настаўнікаў школ і выхавальнікаў дзіцячых садкоў вырашыла падтрымаць юныя таленты, бо пастараўся кожны. Таму па выніках конкурсу ўсе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны пахвальнымі лістамі і дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама: за ініцыятыву, творчыя рашэнні, вынаходніцкую актыўнасць, выкарыстанне сучасных элементаў і арыгінальнасць абароны работы.

Сімвалічна, што конкурс праводзіўся напярэдадні Дня беларускай навукі, які адзначаецца штогод у апошнюю нядзелю студзеня. І хто ведае, можа сярод гэтых маленькіх вынаходнікаў сёння растуць прафесары, навуковыя дзеячы. Ва ўсякім выпадку, мы ім шчыра гэтага жадаем, галоўнае – не спыняцца на дасягнутым!

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий