Душу сагрэла перамога

Спорт

З 16 па 17 лістапада ў Маладзечне прайшло першынство Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод хлопчыкаў і дзяўчынак 1997-1998 гадоў нараджэння. Як і трэба было чакаць, у спісе лепшых аказаліся і імёны івянецкіх школьнікаў, выхаванцаў трэнераў Валожынскай ДЮСШ АФП А. С. Чарняўскага і А. В. Паталей.

Хуткі старт у бегу на 2000 метраў прынёс перамогу Дзіяне Сакалоўскай, якая стала чэмпіёнкай першынства. Бронзу спаборніцтваў у гэтай катэгорыі заваявала яе сяброўка Марына Бубен. У бегу на дыстанцыю 1000 метраў сярод юнакоў на трэцяй прыступцы п’едэстала гонару аказаўся Мікіта Шчарбінскі.

Радасць трыумфальнага выступлення ў поўнай меры раздзяліла з юнымі спартсменамі трэнер па лёгкай атлетыцы Анастасія Валяр’янаўна Паталей. У мінулым сама выхаванка Валожынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, яна нядаўна стала паўнапраўным членам гэтага калектыву. І названыя поспехі – першы сур’ёзны крок у яе прафесійнай кар’еры, добры старт на далейшае плённае працоўнае жыццё.

Сяргей САДОЎСКІ.



Добавить комментарий