Каб дзецi раслi здаровымi

Общество

Упершыню рэспубліканская школа педыятраў прайшла на Міншчыне, і гонар прыняць высокі медыцынскі форум выпаў нашаму раёну.

Частка дэлегацыі (а ўсяго зарэгістраваліся 125 удзельнікаў) прыехала загадзя і размясцілася ў гасцініцы “Карона”, умовы якой госці высока ацанілі. Шмат слоў падзякі прагучала і ў адрас арганізатараў мерапрыемства – адміністрацыі раённай медыцынскай установы. Было зазначана, што адчуваецца зладжанасць гэтага калектыву, зацікаўленасць кожнага вынікам агульнай справы. Валожынскія ўрачы і медсёстры не толькі паклапаціліся аб камфорце ўдзельнікаў форуму, але і прадумалі для іх цікавую пазнавальную праграму. Напачатку ўсе прысутныя мелі магчымасць наведаць прэзентацыю навінак рынку дзіцячага харчавання, навукова-папулярных буклетаў для будучых маці і па догляду за немаўлятамі. Больш за дзясятак прыватных фірм, як айчынных, так і з блізкага і далёкага замежжа, пажадалі выставіць узоры сваёй прадукцыі ў Валожыне. Далей па плане было знаёмства з гісторыяй і культурай нашага раёна. Акунуцца ў гэту сферу дапамаглі заслужаны аматарскі калектыў “Гасцінец” і прагляд кінастужкі пра мінулы і сённяшні дзень нашага рэгіёну.

Потым медыкі раздзяліліся на дзве секцыі. Пад старшынствам начальніка аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Л. А. Лёгкай і галоўнага педыятра Міністэрства В. І. Валчок прайшла Школа галоўнага педыятра для “вышэйшага эшалона”: загадчыкаў аддзяленняў, галоўных урачоў бальніц і дзіцячых цэнтраў. Сумесна з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь тут разглядаліся пытанні прафілактыкі і медыцынскай дапамогі ў дашкольных установах і школах.

У канферэнцзале цэнтральнай раённай бібліятэкі педыятры вобласці абмяркоўвалі праблемы дзіцячай гастраэнтэралогіі.

Вывады, зробленыя падчас сустрэч у Валожыне, увойдуць у павестку дня ўсіх медыкаў Беларусі, якія спецыялізуюцца ў педыятрыі.

Алена ЗБІРЭНКА

 

 



Добавить комментарий