Пад пякучым сонцам Афгана

Культура

Падпалкоўнік у адстаўцы, баявы афіцэр, лётчык – усё гэта радкі з біяграфіі жыхара Валожына, воіна-інтэрнацыяналіста Рэніслава Часлававіча САВІЦКАГА. А пачыналася яго вайсковае жыццё ў горадзе Славянску Данецкай вобласці, дзе вучыўся ў лётным ваенным вучылішчы.

Розныя ваенныя канфлікты маюць адбітак на лёсе Савіцкага. Нават імя Рэніслаў прыйшло з фінскай вайны, у якой удзельнічаў дзядуля. Ён і закамандаваў назваць унука ў памяць аб тых падзеях. Вось толькі ці думаў стары Савіцкі, што Рэніславу таксама давядзецца ваяваць, мець баявыя ўзнагароды: ордэн “За службу Айчыне” 3-й ступені і медаль “За баявыя заслугі”.

Калі абмежаваны ваенны кантынгент савецкіх войск высадзіўся ў далёкім Афганістане, ураджэнец Валожыншчыны, курсант Рэніслаў Савіцкі не сумняваўся, што і яму давядзецца там пабываць. Пасля лётнага вучылішча служыў у Шчучыне, адтуль і быў камандзіраваны ў “гарачую” кропку на паўтара года. На той час ён ужо меў сям’ю, падрасталі дзеткі: трохгадовая Ірына і паўтарагадовы Дзяніс.

…Гэта ўсходняя краіна з самалёта падалася вельмі прыгожай – велічныя горы ў акружэнні аксамітавых пясчаных пустынь, зялёныя крапіны садоў. І ўсё зіхаціць, адбіваецца золатам сонца. Але ўжо пры высадцы пад Кандагарам пераканаліся, што яна яшчэ і небяспечная. Душманы штодня палівалі кулямётным агнём месцы дыслакацыі Савецкай Арміі. Эскадрылля, у якой служыў Рэніслаў Часлававіч, выключэннем не была. Першыя дні, як толькі раздаваліся стрэлы, кідаўся з ложка на падлогу. Так патрабавала камандаванне, так вучылі і старэйшыя таварышы, якія ўжо паспелі “панюхаць” пораху. Справа ў тым, што домікі, дзе жылі афіцэры, да акон кулямі не прабіваліся – іх абмазвалі мясцовай шэрай глінай, якая на сонцы зацвердзявала, бы браніраваная сталь. Але праз некаторы час хлопцы да абстрэлаў прывыкалі і пра асцярожнасць забываліся. Неяк адзін з афіцэраў выйшаў ноччу пакурыць. Ці то агеньчык цыгарэты запрыкмеціў душман, ці то па якой іншай прычыне, афіцэр стаў мішэнню для гранатамётчыка. Загінуў і сам, і радавы салдат тэрміновай службы, што стаяў на варце. Забітых павёз у Кабул Рэніслаў Часлававіч. Там, як правіла,  нябожчыкаў апазнавалі, выпісваліся неабходныя дакументы, целы складалі ў цынкавыя труны, потым у драўляныя скрыні.

Жахлівы “груз 200”… Ён і сёння выклікае боль у сэрцы. На маё пытанне пра загінуўшых саслужыўцаў Рэніслаў Часлававіч адказвае не адразу.

– У Віктара Цоя ёсць песня з такімі радкамі: “Война – дело молодых…” Гэта моцна сказана, праўдзіва. Нам, вядома, было крыўдна і шкада: гінуць таварышы, якім жыць і жыць, непапраўнае гора абрушваецца на бацькоў. Але па маладосці ўсё перажываецца лягчэй. Цяпер, пажыўшы, становішся сентыментальным, ведаеш сапраўдную цану жыццю, нясеш адказнасць перад дзецьмі, любімымі ўнукамі. Не ведаю, ці справіўся б я цяперашні з тымі абавязкамі…

24 лютага 1987 года Рэніслаў Часлававіч адправіўся суправаджаць “груз 200” у Саюз. Першым прыпынкам быў горад Наберажныя Чалны, потым – Чыта, Паўночны Каўказ, Валгаград, Шчучын. Толькі 7 сакавіка скончылася сумная місія. Пару дзён на сустрэчу з сям’ёй – і зноў пералёт з Мінска ў Ташкент, Фергану, Кабул, Кандагар.

Ім, афіцэрам, імкнуліся стварыць усё ўмовы: плацілі добрыя камандзіровачныя – 450 чэкаў, давалі кватэры, год у Афгане залічваўся за тры… Каларыйна кармілі. Праўда, з мяса найчасцей падавалі бараніну і кенгураціну, якая на смак ад бараніны амаль не адрознівалася. Калі экзатычнае мяса прыядалася, бралі кансервы, іх асартымент і пералічыць складана. Карацей кажучы, у бляшанках прапаноўвалася ўсё, што толькі існавала ў прыродзе. Не было толькі алкаголю, бо на працягу ўсяго канфлікту дзейнічаў “сухі” закон. Дазвалялася з “вялікай” зямлі прывезці хіба што пару бутэлек піва.

Лётчыкі атрымлівалі ў дзень 50 грамаў чыстага медыцынскага спірту для тэхнічных патрэб. У тым клімаце не ўсе салдаты адчувалі сябе камфортна. Многія пакутавалі ад страўнікавых інфекцый, гепатыту. А хто меў магчымасць трохі “праспіртавацца”, ніякай заразы не падчэпліваў. Былі ў лётчыкаў і іншыя перавагі. Напрыклад, замест керзавых ботаў ці цяжкіх берцаў, у якіх ногі гарэлі агнём, насілі лёгкі абутак.

Пітную ваду набіралі з арыка, праганялі яе праз фільтры, кіпяцілі і налівалі ў біклагі. Туды абавязкова клалі вярблюджую калючку – прыродны дэзынфектар. Яшчэ гэта расліна замяняла кандыцыянер, калі электрычнасць па той ці іншай прычыне прападала. У акно выстаўляліся сцяблінкі вярблюджай калючкі, паліваліся вадой, а калі дзьмуў ветрык, то ў пакоі ўстанаўлівалася лёгкая прахалода. Гэтым хітрыкам нашых хлопцаў навучылі мясцовыя жыхары.

Недалёка ад месца дыслакацыі эскадрыллі размяшчалася паселішча афганцаў. Былі яны з ліку брацкіх, з нашымі ваеннымі не канфліктавалі. Часам частавалі смачнымі мандарынамі са сваіх садоў. Але найбольш салдаты цанілі іх цыбулю. Яна вырастала вялікай, салодкай і такой сакавітай, што аж пырскала, калі ўкусіш… Дзіўна, што гліністая, малаўрадлівая на выгляд зямля магла так насычаць свае дары. І бязлітаснае сонца, якое ў поўдзень наганяла 50-градуснае пекла, не магло спаліць тое, што вырошчвалі працавітыя рукі сялян-афганцаў.

Знішчальнікі “МІГ-23”, якія абслугоўваў Рэніслаў Часлававіч, выляталі на заданні, як толькі пачынала днець. Выкарыстоўваліся бомбы вагой ад 32 да 250 кілаграмаў. У 11.00 усё заканчвалася, і да 17.00 у небе над Афганістанам панавала толькі пякучае сонца.

Там, на той гарачай ва ўсіх сэнсах зямлі, найбольш хацелася выжыць і вярнуцца да дому. Верылі ў моц малітваў і абярэг нацельных крыжыкаў і медалікаў, якія атрымлівалі з матуліных рук. Але Афган ні для каго не прайшоў бясследна. Адгукнуўся ён праз дзесяцігоддзі і на здароўі Рэніслава Часлававіча.

Сёння падпалкоўнік у адстаўцы вядзе мірнае жыццё пенсіянера: рупіцца на дачы, цешыцца ўнукамі Лёнем, Палінкай і Алёнкай; цікавіцца, як ідуць справы ў сына – прадаўжальніка ваеннай дынастыі Савіцкіх; падтрымлівае зносіны з былымі саслужыўцамі па Інтэрнэце. Адзін з іх, Уладзімір Фёдараў, жыве ў Фергане і нядаўна пабываў у тых мясцінах, дзе яны ваявалі. Кажа, што афганцы ўспамінаюць савецкі ваенны кантынгент без нараканняў…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий