Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

15 лютага адзначаецца чарговая гадавіна вываду савецкіх войск з Афганістана. Напярэдадні і ў гэты дзень воіны-афганцы ўспамінаюць сваіх баявых сяброў. З гэтай нагоды па хадайніцтву раённага аддзялення Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане прынята рашэнне з раённага бюджэту аказаць матэрыяльную дапамогу маці загінуўшых у Афганістане нашых землякоў.

Матэрыяльная дапамога ў памеры 1 мільён 50 тысяч рублёў выдаткавана Алімпіядзе Уладзіміраўне Мазура з вёскі Ратынцы Ракаўскага сельсавета і Яніне Юльянаўне Падрэз з вёскі Зарэчная Вішнеўскага сельсавета. Дэлегацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў наведаюць могілкі, дзе пахаваны іх сыны.

Выніковая калегія Міністэрства культуры рэспублікі прайшла на мінулым тыдні ў Маладзечанскім Палацы культуры.

Пасля даклада міністра Б. Святлова і выступленняў адбылося ўшаноўванне лепшых работнікаў галіны. Нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” быў уручаны начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі нашага райвыканкама Вікенцію Мікалаевічу Адамовічу.

На базе сярэдняй школы № 1 райцэнтра адбылася 11-я раённая алімпіяда па Правілах дарожнага руху. У ёй бралі ўдзел 14 каманд са школ раёна, якія традыцыйна складаліся з вучняў 5, 6 і 7 класаў. Перад пачаткам іспытаў удзельнікаў алімпіяды вітаў прадстаўнік аддзялення ДАІ Валожынскага РАУС Л. П. Гіль.

Заданне складалася з індывідуальнага рашэння білетаў (па класах), на якое адводзіўся пэўны час, і творчага конкурсу. А гэта быў буклет-зварот да бацькоў па прадухіленні дзіцячага дарожнага траўматызму. Творчы конкурс даваў удзельнікам прастору для фантазіі.

У камандным заліку перамаглі прадстаўнікі Івянецкай сярэдняй школы, другое і трэцяе месцы занялі знаўцы Правіл дарожнага руху з Дорскай і Сакаўшчынскай сярэдніх школ. Таксама былі вызначаны пераможцы ў індывідуальным заліку па кожным класе. Усе яны ўзнагароджаны прызамі, якія прадаставілі аддзяленне ДАІ і раённая арганізацыя ГА “Белая Русь”.

26 лютага каманду-пераможцу чакае абласная алімпіяда, якая пройдзе на базе нашай гімназіі. Калі конкурс «Еўрабачанне» праводзіцца ў той краіне, чый спявак выйграў папярэдні конкурс, то алімпіяды па Правілах дарожнага руху, наадварот, адбываюцца ў тым раёне, чыя каманда заняла летась апошняе месца. Так што пажадаем нашым удзельнікам не паўтарыць вынік каманды мінулага года і выступіць больш дастойна.

З 15 лютага па 15 сакавіка РУП “Белпошта” праводзіць сярод насельніцтва Рэспубліканскі конкурс “Лепшая паштовая марка Рэспублікі Беларусь 2015 года”. Лепшай маркай будзе прызнана тая, якую выбера большасць удзельнікаў конкурсу-апытання.

У раздзеле “Філатэлія” сайта www.belpost.by можна азнаёміцца з маркамі, якія ўбачылі свет у мінулым годзе, скачаць бланк анкеты, запоўніць яе і выслаць на электронны адрас: zavadskaya@belpost.by. Дарэчы, плакаты з выявамі ўсіх марак і анкеты можна пры жаданні атрымаць і ў раённым вузле паштовай сувязі. Сярод удзельнікаў, якія назавуць марку-пераможцу, будуць разыграны прызы. У нашым раёне кожны год бываюць такія шчасліўцы.

2 лютага ў 18.44 у РАНС паступіла паведамленне аб задымленні ў жылым доме ў вёсцы Сярэдняе Сяло Дорскага сельсавета. Памяшканне ў гэты час пуставала, бо гаспадары-мінчане выкарыстоўвалі дом пад дачу.

Дым убачыў сусед і патэлефанаваў у РАНС. Пажарныя прыбылі вельмі аператыўна і ўбачылі дым на гарышчы дома. Ачаг пажару быў хутка ліквідаваны. Прагарэла толькі столь у тым месцы, дзе ў зале вісела свяцільня. Яна і стала прычынай загарання. Калі б не пільнасць суседа, мінчане маглі б застацца без дачы.

Каманда юнакоў і дзяўчат ДЮСШ Валожынскага раёна прыняла ўдзел у адкрытым першынстве Барысаўскай СДЮШАР прафсаюзаў “Дружба” па настольным тэнісе. У спаборніцтвах выступалі юныя тэнісісты 2004 года нараджэння і маладзейшыя.

У асабістым першынстве сярод юнакоў 2005 года нараджэння 2-е месца заняў Аляксандр Мянцюк. Сярод дзяўчынак 2006 года нараджэння Надзея Кавалёва стала бронзавым прызёрам. Трэніруе каманду Дзмітрый Віктаравіч Пазднякоў.



Добавить комментарий