Тэлефон міліцыі – 102

Закон и порядок

УКРАЎ, ВЫПІЎ, У ТУРМУ…

Нядаўна аператыўна-следчай групе давялося выязджаць у садовае таварыства “Бярозка”, што размяшчаецца каля вёскі Крыніца, па сігнале аб учыненым там крадзяжы.

На месцы здарэння супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі, што зладзеяў было двое. Яны выбілі акно, праніклі ў памяшканне і “пагаспадарылі”. Каштоўных рэчаў не знайшлі, таму бралі ўсё, што траплялася пад руку. Ужо на наступны дзень асобы злачынцаў былі ўстаноўлены. Імі аказаліся неаднаразова судзімыя за крадзяжы жыхары Маладзечанскага раёна. Пошукі гэтых мужчын доўга не зацягнуліся: адзін за хуліганскую выхадку трапіў пад адміністрацыйны арышт і зараз знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання пры Маладзечанскім РАУС, другі накіраваны для прымусовага лячэння ад алкагалізму ў ЛПП.   

КОЛЕР МАЕ ЗНАЧЭННЕ

У Стайках супрацоўнікі міліцыі затрымалі жыхара г. п. Івянец, які на аўтамабілі “Фольксваген Шаран” перавозіў 30 літраў афарбаванага дызельнага паліва, якое на запраўках не прадаецца. Наяўнасць колеру сведчыць аб тым, што паліва з’яўляецца ўласнасцю нейкай арганізацыі ці прадпрыемства і набыта, хутчэй за ўсё, незаконным шляхам.

Паходжанне гаручага яшчэ давядзецца ўстанавіць, а вось адміністрацыйнае пакаранне за несанкцыянаваны груз на вадзіцеля ўжо прадугледжана.

ВЕЛАСІПЕД У НАГРУЗКУ

Пасля доўгай адсутнасці пенсіянерка адной з вёсак раёна вярнулася дадому. Але радасць сустрэчы з роднымі сценамі была азмрочана знікненнем многіх рэчаў са сваіх месцаў. У прыватнасці, на кухні прапалі ўпакоўкі з крупамі і макаронай, спецыі, мясныя кансервы, дзве бутэлькі гарэлкі. У шафе не хапала ручнікоў і некалькі паркалёвых адрэзаў. Зазірнуўшы ў гаспадарчыя пабудовы, жанчына пераканалася, што “рэвізія” прайшла і там: прапаў веласіпед.

Узбуджана крымінальная справа, вядзецца следства, якое ўскладняецца тым, што прайшло даволі шмат часу.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках

падрыхтавала Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий