Жыццё, i песня, i любоў

Культура

Аб гэтай жанчыне я даведалася выпадкова. Разгаварыліся з сяброўкай аб таленавітых земляках. Яна і расказала пра жанчыну з унікальным голасам і талентам сапраўднай артысткі. “Як, ты не ведаеш Любоў Міхайлаўну Шапуцька? Гэта ж сапраўдны самародак. Яе спевы – голас душы народнай”.

Сёння Любоў Міхайлаўна жыве з сям’ёй дачкі ў вёсцы Дубіна. Яна ўраджэнка Няроў, большая частка жыцця якой прайшла ў вёсцы Магенцы Іўеўскага раёна. “Я люблю жыццё і людзей, таму мне добра ўсюды”, – сцвярджае жанчына. Сакрэт свайго жыццялюбства Любоў Міхайлаўна не хавае. Згодна з яе жыццёвай філасофіяй, жанчына заўсёды шчаслівая, калі побач з ёй добрыя мужчыны. А ў гэтым сэнсе ёй пашанцавала.

З гонарам пажылая жанчына паказвае фотаздымкі сваякоў. Якія каларытныя асобы глядзяць з іх! Разумныя твары, шчырыя позіркі… У кожнай постаці – адмысловая сялянская грунтоўнасць і чалавечая годнасць. “Гэта сапраўднае ўсё, разумееце, – вузлаватыя пальцы разгладжваюць пажаўцелыя з гадамі картачкі, – гэта мае карані. Усведамленне таго, што пайшла ў свет з добрых людзей, усё жыццё грэе душу”.

Любоў Міхайлаўна катэгарычна супраць сварак як у сям’і, так і між чужымі людзьмі, не гаворачы ўжо аб канфліктах на міжнародным узроўні. Добра памятае вайну. Часта ўсплываюць у яе памяці моманты, калі над Адамовам ірваліся снарады, а яна ў гэты час выпасвала карову. Нават зараз сніцца ёй той страх, які перажыла дзяўчом. “Прывязала кароўку да лазы і малілася. Выжыла…” Ніколі не забудзе, як менавіта ёй давялося бегчы ў поле, каб перадаць павестку на фронт бацьку. Той араў зямлю. Люба хоць і была дзіцем, па вачах роднага чалавека бачыла, як самотна яму, як страшна.  Чалавек ад зямлі, ён павінен быў кінуць плуг і ўзяцца за зброю… На шчасце Іосіф Міхайлавіч вярнуўся дадому жывым.

Дзяўчына заўсёды славілася сваёй адданасцю бацькам, якіх шчыра паважала. Яна нават доўгі час не магла рашыцца выйсці замуж, не хацела пакідаць іх у адзіноце. Турбуючыся аб уладкаванні асабістага жыцця сваячкі і жадаючы самай лепшай долі свайму брату, за справу ўзялася залоўка з Магенцаў і пазнаёміла маладых людзей. Сафрон Іосіфавіч адразу спадабаўся дзяўчыне, праўда, для яе важным было слова бацькі. А той вельмі цаніў уменне спяваць, ганарыўся талентам дачкі і, калі пачуў голас жаніха, адразу сказаў: “Ідзі, з вас, як з пары, будзе толк!” Як у ваду глядзеў! “Мы добра жылі”, – з пяшчотай і сумам успамінае жанчына мужа.

На пытанне, чаму не паехала вучыцца, Любоў Міхайлаўна патлумачыла: “З вучобай не склалася. У нас нават школы сапраўднай не было, ды і настаўніка-спецыяліста таксама. Проста на хаце збіраліся, самавучкі з вясковых чытаць-лічыць навучылі. Быў час, калі нас, дзяўчат, забіралі брукаваць вуліцы ў Маладзечна. Многія сяброўкі там і заставаліся. А я рвалася дадому. Вельмі зямлю любіла. Мне часта казалі, каб ехала куды за артыстку вучыцца, а  я аб гэтым не марыла нават. Вось, каб лёс дазволіў, і яшчэ ў дзяцінстве атрымала добрыя веды, то вучылася б на дакторку”.

Любоў Міхайлаўна шчыра спагадае тым, хто па якіхсьці прычынах страціў здароўе, і ўсімі сіламі імкнецца дапамагаць хворым. Яна сапраўдная траўніца.  Аб яе ўменні карыстацца народнымі сродкамі ў наваколлі ходзяць легенды. Галоўны папулярызатар таленту цешчы – зяць. Мяркую, справа не толькі ў ведах, перададзеных ёй бабуляй і маці, а ў энергетыцы яе ласкавых рук і вачах, поўных шчырай любові, дабрыні і спагады.

Што  ж тычыцца яе вакальных здольнасцей…  Падарунак ад Бога, інакш яе голас не назавеш. Як у такім паважаным узросце можна спяваць па-маладому лёгка, чыста і звонка? Жанчына праспявала для мяне жніво – проста мароз  па скуры! Любоў Міхайлаўна адной з першых стала ўдзельніцай праекта “Сто песень для Беларусі” II Нацыянальнага тэлеканала. Тады ў госці да нашай спявачкі прыязджаў вядучы праграмы Юрый Вашчук, больш вядомы як Тэа.

У яе рэпертуары, акрамя абрадавых спеваў, шмат цікавых старадаўніх песень, не грэбуе яна і прыпеўкамі. Дарэчы, з пачуццём гумару ў яе таксама ўсё ў парадку.  Добры жарт, самаіронія, уменне пасмяяцца з абставін, у якіх іншыя б ужо закатвалі істэрыку, надаюць жанчыне дадатковую абаяльнасць.

Яна ніколі не жыла для сябе. Выгадавала дачку, сына. Мае нявестку, зяця, унукаў і нават двух праўнукаў. “Як збераглі здароўе, спрыт, прыгажосць?” – пытаюся ў суразмоўцы. “Я лічу, што рух – гэта і ёсць жыццё. Раней завіхалася па гаспадарцы, шмат гадоў аддала працы ў калгасе. Зараз зарадку раблю”. Тут Любоў Міхайлаўна дэманструе некалькі практыкаванняў са свайго мацыёну. Адзначу, такія “выкрутасы” не кожная жанчына да 40 гадоў здолее паўтарыць, а маёй гераіні – 85-ы пайшоў!

А яшчэ Любоў Міхайлаўна адрозніваецца ад сваіх равесніц пастаянным імкненнем спазнаваць і, галоўнае, запамінаць штосьці новае. Яна шмат чытае – кнігі, часопісы, газеты. Любіць быць у курсе апошніх навін, перажывае за адсутнасць стабільнасці ў свеце, паважае перадачы пра моду, кухню. Умее добра гатаваць і сама любіць прысмакі. “Есці можна ўсё, – вучыць мяне, – толькі потроху і, пажадана, у добрай кампаніі”. Самым важным у жыцці Любоў Міхайлаўна лічыць любоў да Бога і да людзей, а таксама ўменне верыць, спадзявацца і спагадаць.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

 



Добавить комментарий