Вынiкi паспяховай працы

Общество

Хрустальная сава і памятны дыплом папоўнілі скарбонку прафесійных поспехаў Валожынскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.

Калектыў заняў 2-е месца сярод аддзяленняў аховы Міншчыны па выніках службовай дзейнасці за 2015 год. Зоркая сава – сімвал Дэпартамента аховы – не адзіная такая ўзнагарода ў офісе аддзялення. На паліцах у ганаровай шафе побач са шматлікімі дыпломамі, граматамі і кубкамі месцяцца статуэткі рэспубліканскага маштабу 2013 і 2010 гадоў за 2-е і 3-е месцы сярод аддзяленняў аховы краіны.

Поспех агульнай справы шмат у чым залежыць ад прафесіяналізму і самааддачы асобных супрацоўнікаў. У ліку высакакласных спецыялістаў аддзялення аховы – маёр міліцыі Віталій Аляксандравіч Цаюн. Для яго мінулы год таксама стаў паспяховым у прафесійным плане. Ён прызнаны лепшым па прафесіі сярод работнікаў падраздзяленняў аховы вобласці.

Віталій Аляксандравіч працуе старшым інспектарам-інжынерам групы сродкаў і сістэм аховы. У органах унутраных спраў В. А. Цаюн служыць з 2007 года. У яго падначаленні – 6 электраманцёраў ахоўна-пажарнай сігналізацыі і 5 дзяжурных пульта кіравання, якія нясуць службу ў кругласутачным рэжыме.

Віталій Аляксандравіч працягвае ўдасканальвацца ў ведах: атрымлівае другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Вынікамі паспяховай працы Валожынскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС падзяліўся яго начальнік маёр міліцыі Дзяніс Войцехавіч Пачыкоўскі:

– У нашым калектыве – 25 міліцыянераў, 26 вартаўнікоў, 5 дзяжурных пульта кіравання, 6 электраманцёраў і іншыя работнікі. Летась, дзякуючы кампетэнтнасці і адказнасці маіх калег, не дапушчана крадзяжоў з ахоўваемых аб’ектаў і памяшканняў з асабістай маёмасцю грамадзян.

Супрацоўнікі аддзялення ўдзельнічалі ў раскрыцці 9-і злачынстваў. Спынілі 329 пешаходаў, якія рухаліся па праезнай частцы ў цёмны час сутак. Выявілі 1381 літр спіртазмяшчальнай вадкасці і самагоннай брагі. Устанавілі 160 адміністрацыйных правапарушэнняў.

План па прыросце ахоўваемых жылых дамоў за мінулы год выканалі на 192%, па абсталяванні і падключэнні жылых дамоў да сістэм аховы – на 140%.

Алена ПАШКЕВІЧ

фота аутара

 



Добавить комментарий