Адпачывайце ў вёсцы

Общество

Тры новыя аграсядзібы адкрыліся ў раёне напрыканцы мінулага года.

Аблюбавалі Валожыншчыну ў гэтым накірунку сталічныя жыхары. Так, другое жыццё нададзена будынку былой Падневіцкай школы – менавіта тут цяпер размяшчаецца аграсядзіба “Налібоцкі шлях”. Гаспадар сядзібы прапануе турыстам пешыя і веласіпедныя экскурсіі ў Налібоцкую пушчу, знаёміць з вясковым укладам жыцця, вядзеннем сельскай гаспадаркі, а таксама прыгатаваннем страў з прадуктаў, якія атрымліваюць прыватныя гаспадары, і агародніны, вырашчанай на прысядзібных участках.

У вёсцы Бузуны Ракаўскага сельсавета адзін з дамоў ператварыўся ў аграсядзібу “Літвінкі”. Сярод ноу-хау – спецыяльная аздараўленчая гімнастыка і стравы з экалагічна чыстых прадуктаў, прыгатаваных па рэцэптах здаровага харчавання; майстар-класы па маляванні карцін, габеленапляценні, лепцы з пластыліну.

Непадалёк – у вёсцы Валкоўшчына – размясцілася аграсядзіба “Дачка.бай”. Месца ўдала падыходзіць для тых, хто жадае ўдалечыні ад мітусні і гарадскога тлуму адзначыць важную для сябе падзею. А поўнасцю шкляная сцяна дазволіць у любы час года і ў любое надвор’е любавацца мясцовымі краявідамі.

Як адзначылі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, усяго ў раёне працуюць 36 аграсядзіб. За мінулы год іх наведалі 13,5 тысячы чалавек, сярод якіх амаль 2 тысячы – замежныя грамадзяне з 20-і краін свету.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

 



Добавить комментарий