Жывое слова лектара

Общество

У раёне прайшоў навучальны семінар па тэме: “Методыка работы ідэалагічнага актыву і лектараў са слухачамі”. У ім прынялі ўдзел старшыня праўлення абласной арганізацыі РГА “Беларускае таварыства “Веды” І. А. Лінкін і доктар эканамічных навук, загадчык кафедры інавацыйнага менеджменту Белдзяржуніверсітэта В. Ф. Байнёў.

На семінар былі запрошаны намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце, старшыні пассельвыканкамаў, грамадскіх арганізацый і палітычных партый, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, старшыні пярвічных прафсаюзных камітэтаў і лектары інфармацыйна-прапагандысцкіх груп.

Мэта семінара – узброіць ідэалагічны актыў нізавога звяна формамі і метадамі работы з непасрэднымі слухачамі – насельніцтвам па месцы жыхарства, работнікамі працоўных калектываў, навучальных устаноў і г. д. На сёння вусная прапаганда выходзіць на першы план, бо ва ўмовах няпростай эканамічнай сітуацыі, нестабільнай палітычнай абстаноўкі вельмі важна, каб тую палітыку, якую праводзіць Прэзідэнт і ўрад краіны, людзі на месцах ведалі.

Нярэдка ўзнікае пытанне: маўляў, навошта ўсё гэта патрэбна, калі існуе мноства розных крыніц інфармацыі, Інтэрнэт. Аднак, варта адзначыць, што, па-першае, не кожны жыхар, асабліва сельскай мясцовасці, мае планшэт, наўтбук, айфон і г. д. Па-другое, любы слухач больш эфектыўна ўспрымае жывую размову, калі можна адразу ж задаць хвалюючае пытанне і атрымаць адказ, і нават уступіць у дыскусію, калі ты не падзяляеш пункт гледжання выступоўцы. Па-трэцяе, невядома, хто закачвае ў Інтэрнэт інфармацыю: мы ж толькі карыстальнікі, а хто пастаўшчыкі? Тым больш, далёка не ўсё, аб чым пішацца ў Інтэрнэце, адпавядае рэчаіснасці.

Увогуле, жывое слова лектара мае даўнюю традыцыю. Колішнія агітатары сустракаліся з людзьмі паўсюдна. Сённяшняя сітуацыя істотна змянілася: з-за змяншэння насельніцтва на вёсцы закрываюцца Дамы культуры і бібліятэкі, надараецца, што часам і людзей сабраць няма дзе. Таму роля раённага агітатара ў цяперашніх умовах мае асаблівае значэнне, бо на месцах інфармацыю чалавек атрымлівае ад таго, каму давярае.

“Мы з’яўляемся праваднікамі той ідэалогіі, якая існуе ў нашай краіне, і нам неабходна распаўсюджваць яе сярод людзей, – падкрэсліў І. А. Лінкін. – Для лектара асаблівае значэнне мае работа над сабой, веданне сітуацыі не толькі ў цэлым па краіне, але і на месцах. Трэба навучыцца працаваць у любой аўдыторыі, каб умець адказваць на пытанні, якія хвалююць людзей”.

В. Ф. Байнёў у сваім выступленні адзначыў, што ідэалогія фарміруе светапогляд і напрамую вызначае наша жыццё. Валерый Фёдаравіч азнаёміў прысутных з асаблівасцямі эканамічнага развіцця Беларусі ў 2016 годзе, зрабіў аналіз эканамічнага і палітычнага становішча ў свеце, ад якога залежыць і развіццё нашай краіны.

Напрыканцы сустрэчы І. У. Лінкін узнагародзіў адказнага сакратара раённай арганізацыі РГА “Беларускае таварыства “Веды” Л. А. Давідовіч Ганаровай граматай Мінскай абласной арганізацыі за актыўную шматгадовую плённую працу па прапагандзе распаўсюджвання ведаў сярод насельніцтва раёна.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий