Фізкультура і спорт

Общество

Добра, калі выдатная постаць і гнуткі стан дадзены табе разам з адмысловым наборам генаў, а калі не? Як жыць, што рабіць? “Выляпіць!” – сцвярджае В. М. Каваленка, інструктар-метадыст фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Надзея”, які амаль дзесяцігоддзе дапамагае жыхарам нашага горада спасцігаць азы здаровага ладу жыцця.

“Калі цэнтр толькі-толькі адкрыўся, некаторыя прадказвалі, што валожынцы не ацэняць новыя паслугі. Між іншым, заняткі атлетызмам, шэйпінгам, таксама як і пункт пракату спартыўнага інвентару, застаюцца запатрабаванымі”, – расказвае Вера Міхайлаўна.

На трэнажоры прыходзіць шмат мужчын, многія з якіх наведваюць цэнтр з моманту яго адкрыцця. Ёсць у групе і дзяўчаты. Сёння з жадаючымі займацца атлетызмам працуе вопытны іструктар Вольга Анатольеўна Вярбіцкая, якая для кожнага падбірае індывідуальную праграму заняткаў.

Асноўным матывацыйным момантам, каб наведваць “Надзею”, для большасці жанчын з’яўляецца жаданне зменшыць вагу. Тыя, хто з такой праблемай не сутыкнуўся, прыходзяць, каб зрабіць сябе больш трывалымі, рухавымі. Ды і настрой, які супрацоўнікі цэнтра ствараюць разам з наведвальнікамі, таксама заахвочвае многіх, адкінуўшы ўсе бытавыя клопаты, тры вечары ў тыдзень апранаць спартыўную форму. Пры падтрымцы інструктара аматары фізічных нагрузак робяць практыкаванні на расцяжку, працуюць над прэсам, круцяць хулахупы, скачуць на скакалках, вучацца правільна дыхаць.

Падымаць гантэлі, займацца на стэпах, фітболах, выкарыстоўваць іншы спартыўны інвентар, аб існаванні якога многія пакуль яшчэ нават не здагадваюцца – справа нялёгкая, асабліва калі ўлічыць, што заняткі праходзяць у суправаджэнні рытмічнай музыкі, якая задае досыць хуткі тэмп. Але, як сцвярджаюць тыя, хто наведвае групы даўно, у іх ад гэткага баўлення часу даўно выпрацавалася своеасаблівая “залежнасць”. Вырашыўшы перайсці на іншы, здаровы ўзровень існавання, прыхільнікі цэнтра стараюцца перагледзець свае харчовыя паводзіны, пазбаўляюцца ад шкодных звычак.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий