Лёд на вадаёмах — зона павышанай рызыкi

Закон и порядок

Штогод гіне вялікая колькасць людзей з-за невыканання правіл тэхнікі бяспекі на лёдзе.

Калі вы адчуваеце, што лёд пад вамі пачынае трэскацца, неабходна павольна і акуратна вярнуцца ў той бок, з якога вы прыйшлі. Ні ў якім разе нельга хутка бегчы па лёдзе. Калі вы ўсё ж такі праваліліся пад лёд, то ў першую чаргу – не панікуйце, клічце на дапамогу. Паспрабуйце трымацца на плаве. Не спрабуйце рэзка выбрацца: паколькі лёд нетрывалы, вы будзеце яго толькі абломваць. Перасоўвайцеся да таго краю палонкі, адкуль ідзе плынь. Паспрабуйце налегчы грудзьмі на край лёду і, закінуўшы нагу, выбірайцеся наверх. Не пакідайце спробаў выбрацца, нават калі лёд ламаецца. Пасля таго, як асноўная частка тулава апынецца на лёдзе, адкаціцеся далей ад палонкі. Павольна і асцярожна паўзіце да бяспечнага месца, адштурхоўваючыся рукамі і нагамі. Памятайце! У ледзяной вадзе досыць правесці некалькі хвілін, каб арганізм быў ахалоджаны да таго стану, з якога ўжо немагчыма аднаўленне жыццёва важных функцый арганізма.

Калі вы сталі відавочцам сітуацыі, што чалавек праваліўся пад лёд, не заставайцеся безуважным. Фраза «выратаванне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў» – эгаістычная і нечалавечная. Аднак, каб дапамагчы чалавеку, неабходна ведаць наступнае. Ні ў якім разе нельга набліжацца да краю палонкі. Для выратавання можна выкарыстоўваць палку або элемент адзення. Неабходна легчы на жывот, працягнуць палку або адзенне пацярпеламу так, каб ён схапіўся за яе. Дзейнічаць трэба хутка і без мітусні. Выцягнуўшы пацярпелага з палонкі як мага хутчэй, аднясіце яго ў бяспечнае месца і выклічце хуткую медыцынскую дапамогу.

У чаканні прыезду прафесіяналаў неабходна аказаць першую дапамогу. Па магчымасці зніміце з пацярпелага мокрую вопратку, загарніце ў коўдру. Калі ёсць гарачае пітво – напаіце яго. Нельга апускаць чалавека ў гарачую ванную. Такі рэзкі перапад тэмператур цяжка вытрымаць нават здароваму сэрцу. Пагрузіце яго ў цёплую ваду, лепш за ўсё, калі вада будзе тэмпературы цела (каля трыццаці сямі градусаў). Потым, па ступені адагравання пацярпелага, магчымы невялікі падагрэў вады. Нават калі пацярпелы запэўнівае, што адчувае сябе добра і яго нічога не турбуе, хуткую дапамогу выклікаць трэба. Справа ў тым, што пасля шокавага стану і ўсяго перажытага чалавек можа проста не адчуваць якіх-небудзь змяненняў у арганізме. У дадзенай сітуацыі агляд урача, яго абследаванне і вымярэнне найбольш важных паказчыкаў жыццядзейнасці арганізма з’яўляюцца проста неабходнымі. Бо вельмі часта людзі, праваліўшыся пад лёд, гінуць нават пасля таго, як іх ўжо выратавалі, менавіта з-за пераахаладжэння і адмовы жыццёва важных органаў.

Павел ТарасевІч,

в. а. начальніка аддзела

па надзвычайных сітуацыях,

маёр унутранай службы

 

 



Добавить комментарий