Жыццё раёна

Общество

Анатоль Іванавіч ЯБЛОНСКІ і Яўген Віктаравіч ЗЯЛКОЎСКІ кожны дзень па роду дзейнасці абавязаны клапаціцца пра жыццё і здароўе жыхароў Валожыншчыны. Абодва працуюць слесарамі службы эксплуатацыі сістэм газазабеспячэння ў Валожынскім раёне газазабеспячэння. Менавіта гэтыя людзі займаюцца абслугоўваннем унутрыдамавых газаправодаў і абсталявання, правяраюць стан калонак і вентыляцыйных каналаў, аказваюць аператыўную дапамогу ва ўхіленні выяўленых паломак і недахопаў. Часам ім даводзіцца праяўляць у выкананні пастаўленых задач не толькі паслядоўнасць, але і строгасць: а як інакш растлумачыць газаспажыўцам, што яны могуць развітацца з жыццём з-за ўласных неабачлівых дзеянняў?..

Гэтай зімой усе спецыялісты газавай службы падключыліся да планамернага абходу домаўладанняў, гаспадары якіх карыстаюцца газавымі калонкамі. У раёне ў шматкватэрных дамах такіх налічваецца 1006. Сфарміраваўся і прыкладны спіс тыповых “памылак” спажыўцоў у абыходжанні з індывідуальным ацяпляльным абсталяваннем. Не раз героям гэтай публікацыі даводзілася цярпліва тлумачыць, што ў якасці дымахода нельга выкарыстоўваць гафрыраваную трубу: яна мае ўласцівасць гнуцца і ламацца ў непрыкметных месцах, і тады прадукты згарання пойдуць у кватэру. Нельга заклейваць шпалерамі вентыляцыйныя каналы па той жа прычыне. Сустракаліся слесары і з праблемай падключэння механічнай выцяжкі паралельна з газавай калонкай у адзін дымаход, а таксама з фактамі выкарыстання састарэлага, ненадзейнага абсталявання, якому больш за 12 гадоў.

    Як заўважаюць самі слесары, абаненты, за рэдкім выключэннем, добрасумленна і ахвотна выправілі ўказаныя недахопы. Тых, хто свядома ішоў на канфлікт, часам даводзілася “лячыць” адключэннем абсталявання да таго моманту, пакуль праблемныя пытанні не будуць закрыты. Развітваючыся з гаспадарамі, Анатоль Іванавіч і Яўген Віктаравіч нязменна рэкамендуюць рэгулярна прыадчыняць вокны ў памяшканні, дзе размяшчаецца калонка. Прыток свежага паветра гарантавана дапаможа ёй працаваць без збояў і палепшыць цягу ў дымаходзе.

Сяргей САДОЎСКІ

Фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий