Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

На мінулым тыдні адбыўся справаздачна-выбарны сход раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”. Арганізацыя існуе ў раёне 11 гадоў і налічвае ў сваіх радах 64 члены.

У сходзе прынялі ўдзел 54 члены арганізацыі. Аб выніках работы за два гады далажыў прысутным у сваім дакладзе старшыня палкоўнік у адстаўцы А. М. Валавікоў. Работа раённай арганізацыі ацэнена станоўча. Адбыліся выбары савета, які складаецца з 9-і чалавек, і старшыні. На двухгадовы тэрмін старшынёй зноў абраны А. М. Валавікоў.

 

 

З пачатку года нашаму раёну выдзелена больш за 13 мільярдаў рублёў на набыццё мінеральных угнаенняў для падкормкі азімых культур і рапсу.

Значная частка асігнаванняў ужо “атаварана”. З ААТ “Гроднаазот” дастаўлена азотных угнаенняў на суму 8,7 мільярда рублёў. У пераважнай большасці гэта вадкі комплекс угнаенняў, так званы “КАС”. Неўзабаве з гэтага ж прадпрыемства ў гаспадаркі раёна павінен паступіць карбамід. Таксама на 2,7 мільярда рублёў будзе набыта фосфарных угнаенняў.

 

 

У мінулым годзе Валожынскі лясгас нарыхтаваў 20 тон 594 кілаграмы шышак елкі і 6 тысяч 186 кілаграмаў шышак сасны. З іх атрымалі 342 кілаграмы насення елкі і 43 кілаграмы – сасны.

Больш за ўсё шышак нарыхтавала Валожынскае лясніцтва. Нарыхтоўвалі іх сіламі работнікаў лясгаса, а таксама закуплялі ў Бягомльскім раёне на Віцебшчыне і ў насельніцтва нашага раёна. Зараз насенны матэрыял захоўваецца ў Рэспубліканскім насенняводчым цэнтры. Гадавая патрэба для ўласнага гадавальніка лясгаса – 120 кілаграмаў. З улікам мінулых гадоў запас складае 640 кілаграмаў. Можна сказаць, што маецца пяцігадовы запас. Ёсць магчымасць рэалізаваць частку насення. У мінулыя гады яго адпраўлялі на Расію.

 

 

У студзені бягучага года Валожынскі РКБА атрымаў заказ ад сталічнай кандытарскай фабрыкі “Слодыч” на пашыў 660 камплектаў спецаддзення. У камплект уваходзяць штаны і кашулі для пекараў-жанчын.

Першая партыя спецаддзення ўжо адпраўлена заказчыкам. У пашывачным цэху Дома быту працуюць 8 швачак. Сёлета паступіў заказ на пашыў спецвопраткі яшчэ для аднаго мінскага прадпрыемства – “Прамтэхналогія”. Валожынскія бытавікі разлічваюць, што заказчыкаў задаволяць якасць і тэрміны выканання работ, што партнёрскія сувязі будуць працягвацца і ў далейшым.

 

 

На базе Маладзечанскай спецыялізаванай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 2 для дзяцей з парушэннем зроку прайшоў другі адборачны этап 11-га Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”. Сярод пяці школ-інтэрнатаў у ім прымаў удзел калектыў Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната.

На выставе работ выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці годна выглядалі творы ўдзельнікаў аб’яднання па інтарэсах “Юныя ўмельцы”, якім кіруе педагог Наталля Кузаўлёва. Разьбу па дрэве прадставілі на выставу настаўнікі працоўнага навучання Аляксандр Цяшкевіч і Канстанцін Вайткевіч і іх выхаванцы. Сярод нумароў мастацкай самадзейнасці журы асабліва вызначыла народна-сцэнічны танец “Белая хусціначка” і байку К. Крапівы “Плавец-тэарэтык” у выкананні васьмікласніка Максіма Скорага. Максім таксама выконваў песню “Наша школа”, словы якой напісала былая работніца Д. М. Пахом, а музыку — настаўнік музыкі і спеваў М. Р. Пратасевіч. Вучань 8 класа Андрэй Патаповіч і дзесяцікласнік Арцём Кулікоўскі прачыталі верш В. Харука “Наш край”. Выхаванцы паказалі таксама бальны танец “Падэграс”. Тры работы з выставы і некалькі нумароў адабраны на гала-канцэрт фестывалю. Лепшыя – адзначаны дыпломамі.

 

 

На базе гімназіі адбыўся турнір па настольным тэнісе сярод хлопчыкаў і дзяўчынак 2004-2005 гадоў і 2006 года нараджэння і маладзейшых, прысвечаны памяці воіна-інтэрнацыяналіста, ураджэнца вёскі Гародзькі Валянціна Сліжа. У ім прыняў удзел 31 юны тэнісіст.

У старэйшай падгрупе сярод дзяўчат першае месца заняла Лізавета Сучкевіч з гімназіі. Другое і трэцяе месцы – Лізавета Галабурда з Ракава і Карына Юхнеўская з Гародзькаўскай СШ. У хлопчыкаў тройка прызёраў выглядае такім чынам: Канстанцін Казак і Данііл Жашкевіч з Ракаўскай СШ, Аляксандр Мянцюк (гімназія). У малодшай падгрупе ў дзяўчат усе тры прызавыя месцы дасталіся вучаніцам Ракаўскай СШ Дзіяне Ліхтаровіч, Надзеі Кавалёвай і Крысціне Лябецкай. У хлопчыкаў першае месца заваяваў Ягор Шчогалеў з СШ № 2, другое і трэцяе месцы занялі яго равеснікі Аляксандр Бялоў з Ракаўскай СШ і Сямён Гарнашкевіч з гімназіі.



Добавить комментарий