Манiторынг даступнасцi

Общество

У рамках міжнароднага праекта “Валожын без бар’ераў” на базе дзённага аддзялення для інвалідаў прайшоў двухдзённы семінар-трэнінг па методыцы і працэдуры правядзення маніторынгу грамадскіх будынкаў на адпаведнасць іх стандартам безбар’ернага асяроддзя для людзей з інваліднасцю.

На семінар былі запрошаны прадстаўнікі мясцовай улады, ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”, БГА “Адпачынак на вёсцы”, фонду садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва “Інтэракцыя”, работнікі РТЦСАН, інваліды, якія пражываюць у раёне, гаспадары аграсядзіб. Мэта семінара-трэнінгу – азнаёміць з тэхналогіяй правядзення маніторынгу, каб устанавіць: што неабходна, што магчыма і як гэта ўсё зрабіць.

У першы дзень рабочая група вызначыла аб’екты, якія падлягаюць дэталёваму вывучэнню. У выніку маніторынг у раёне пройдуць больш за 70 будынкаў, у складзе якіх: раённы выканаўчы камітэт і ўсе сельвыканкамы, 18 устаноў культуры, 5 – адукацыі, 9 – гандлю, 3 – аховы здароўя, аўтавакзал, кінатэатр, 5 прадпрыемстваў грамадскага харчавання, 18 аграсядзіб, 3 паштовыя аддзяленні, РТЦСАН. Як адзначыў старшыня ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Уладзімір Патапчанка, у працэсе работы гэты спіс можа пашырыцца. На маніторынг адзведзены чатыры месяцы, і напрыканцы чэрвеня з дапамогай экспертаў на кожны з гэтых аб’ектаў будзе выдадзена адпаведнае заключэнне з указаннем, што трэба зрабіць, каб яны максімальна былі даступныя для ўсіх турыстаў, у тым ліку і з інваліднасцю.

Перад прысутнымі выступіла дацэнт кафедры архітэктуры БНТУ Наталля Лазоўская. Яна расказала пра бар’еры, якія існуюць у асяроддзі для людзей з інваліднасцю. Наталля Аляксандраўна з дапамогай наглядных прыкладаў паказала, як у іншых краінах вырашаюць праблемы з даступнасцю, адзначыўшы, што, згодна з Канвенцыяй аб правах інвалідаў, за мяжой створаны ўніверсальны дызайн. Па словах навукоўцы, адным з асноўных прынцыпаў безбар’ернага асяроддзя з’яўляецца бесперапыннасць – магчымасць самастойна і бесперашкодна чалавеку з інваліднасцю перайсці дарогу, пры неабходнасці – прыпаркавацца і патрапіць у неабходнае месца.

З працэдурай правядзення маніторынгу азнаёміў намеснік старшыні ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Сяргей Драздоўскі. Па яго словах, каб правесці абследаванне будынка, непатрэбна спецыяльная адукацыя: распрацаванае кіраўніцтва па маніторынгу даступнасці дазволіць нават недасведчанаму ў гэтай галіне чалавеку ацаніць аб’ект. Першымі ў маніторынг трапілі будынкі райвыканкама, кінатэатра “Юнацтва” і гасцініцы “Карона”, па кожным з якіх былі складзены анкеты агляду. У выніку абследавання прыйшлі да высновы, што ні адзін з гэтых аб’ектаў не адпавядае стандартам безбар’ернага асяроддзя. Больш таго, нават тыя элементы даступнасці, якія ёсць ля гасцініцы, зроблены з адхіленнем ад норм, а ў адзіны нумар, што прызначаны для людзей з інваліднасцю, можна патрапіць з некаторымі “агаворкамі”. Аднак зрабіць гэтага не ўдалося, бо ён быў зачынены на рамонт. Кінатэатр таксама аказаўся толькі часткова даступным. На справе атрымліваецца, што для стварэння безбар’ернага асяроддзя прыкладаюцца намаганні і робяцца захады, аднак да канца так нічога і не даводзіцца.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий