Снежная рапсодыя Валожына

Культура

Зіма не толькі дакучае холадам, яна міжволі адорвае людзей сваім непаўторным хараством. У гэту пару шэра-чорныя краявіды набываюць  мяккасць і спакой, дзякуючы ажурным снежным вэлюмам дрэў, кустоў. Пад бялюткай коўдрай схаваліся пакатыя дахі дамоў у прыватным сектары. І  ад гэтага будынкі здаюцца яшчэ больш прыземістымі. У белай зімовай палітры плыткая рака Валожынка пераразае горад чорнай стужкай талай сцюдзёнай вады.

 

 

201602196

Ад раскіслага снегу пад коламі шматлікага транспарту чорнымі сталі і асфальтаваныя вуліцы Валожына. І толькі на агароджах сядзіб, сонных галінках дрэў пушысты снег доўга захоўвае сваю прыродную чысціню і прывабнасць.

 

201602193

Спакойны зімовы дзень, напоўненае лёгкім марозам паветра, ціхі танец сняжынак – усё гэта своеасаблівы рэлакс, якім шчодра адорвае нас прырода. Зямля задаволена адпачывае ў гэту пару года. І людзі таксама міжволі збаўляюць свой будзённы тэмп, яны нібы свядома назапашваюць сілы для будучай і хуткай вясны, калі вір  бясконцай працы зацягвае ўсё мацней і мацней.

201602195

 

 

 

 

 

 

 

Толькі матухна-зіма з усіх чатырох пораў года і дае крыху перадыхнуць людзям. Яна ненадакучліва прымушае кожнага прахожага не спяшацца ў свой утульны цёплы пакой, а радасна азірнуцца наўкола, дзе прырода бясплатна дэманструе свой цудоўны вернісаж чорна-белай графікі. Не кожны прафесійны мастак можа паўтарыць такія шэдэўры. А цуда-зіма аздабляе зямлю без эцюднікаў і эскізаў. Яе творчая майстэрня – гэта заўсёды вялікая тайна, ключыкі ад якой, відаць, і сапраўды знаходзяцца на небе…

201602194

 

Гэтых сакрэтаў нам ніколі не разгадаць! А вось здзіўляцца прыроднай прыгажосці дазволена бясконца!

201602192

 




 

 

 

 

 

 

 

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий