Няўрымслiвая натура педагога

Общество

На жыццёвай дарозе кожнага чалавека сустракаюцца людзі, якія пакідаюць значны след, нават уплываюць на далейшы лёс. Для мяне адной з такіх стала Ала Аляксандраўна МАКАРЭВІЧ.

Я вучылася ў старэйшых класах, калі Ала Аляксандраўна прыйшла працаваць у СШ № 1 арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы. Яна адразу падкупіла нас, старшакласнікаў, сваім абаяннем, інтэлігентнасцю, невычэрпнымі запалам і энергіяй. У яе было шмат ідэй і цікавых планаў. Пад кіраўніцтвам гэтага педагога мы стваралі новыя праекты, праводзілі неардынарныя мерапрыемствы. З ёй мы адкрылі для сябе многа новых імёнаў.

Нарадзілася Ала Аляксандраўна ў сялянскай сям’і, дзе выхоўвалася трое дзяцей. Дзяўчынка цягнулася да ведаў, літары вывучыла па газеце “Праўда”, і першымі прачытанымі тэкстамі сталі матэрыялы з’езда ЦК КПСС у гэтым выданні. У сям’і вялікую ўвагу надавалі патрыятычнаму выхаванню. Перыёдыкі выпісвалі многа, у тым ліку і для дзяцей, кожнаму сваю газету. Вялікае ўздзеянне на станаўленне дзяўчыны аказаў дзядуля Канстанцін, дастойны і мудры чалавек.

Яшчэ ў дзяцінстве наша гераіня зразумела, што ў яе атрымліваецца вучыць іншых, і таму ў будучым уяўляла сябе толькі настаўнікам. Пасля заканчэння школы паступіла на філфак БДУ. Гады, праведзеныя ва ўніверсітэце, успамінаюцца з цеплынёй. Навука давалася лёгка. Дзякуючы таму, што вывучала і польскую мову, яе адабралі на працу ў турыстычнае бюро “Спадарожнік”. З польскамоўнымі турыстамі дзяўчына скалясіла прасторы амаль усяго былога СССР. На заканчэнні вучобы было многа цікавых прапаноў, але А. А. Макарэвіч бачыла сябе толькі ў школе.

Педагагічную кар’еру распачала ў Дубінской базавай школе. Пасля запрасілі на працу ў райкам камсамола. Затым накіравалі ў СШ № 1 райцэнтра арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы. У школе выкладалі выдатныя педагогі, да якіх хацелася быць падобнай. Але Аляксандраўне пашчасціла папрацаваць пад кіраўніцтвам Тамары Іванаўны Інфаровіч, якая аказала вялікі ўплыў на станаўленне маладога спецыяліста. У гэтага педагога было чаму павучыцца. Наша гераіня з удзячнасцю і захапленнем распавядае, што ўсё лепшае, што ў ёй ёсць, узяла менавіта ад Тамары Іванаўны.

Затым быў перыяд працы ў Дорскай школе. Восем гадоў яна ўзначальвала калектыў гэтай навучальнай установы. Пасля таго, як маладая сям’я Макарэвічаў пабудавала дом у райцэнтры і пераехала, Але Аляксандраўне давялося папрацаваць і настаўнікам у школе-інтэрнаце, і начальнікам аддзела інфармацыі ў райвыканкаме, пакуль не назначылі дырэктарам СШ № 1. Пачаўся другі этап жыцця, звязаны з гэтай школай. Яна разумела ўсю адказнасць, якая легла на яе плечы, хацелася захаваць традыцыі, якія даўно склаліся ў гэтай навучальнай установе, стаць дастойным пераемнікам створанага папярэднімі кіраўнікамі.

Трэцім этапам працы ў СШ № 1 стала пасада выкладчыка рускай мовы і літаратуры. Ала Аляксандраўна – настаўнік вышэйшай катэгорыі. Яна пастаянна працуе над удасканаленнем педагагічнага майстэрства, творча падыходзіць да ўрокаў. Захапляецца інтэрактыўнымі тэхналогіямі, давала майстар-клас па гэтым накірунку. А. А. Макарэвіч лічыць, што вельмі важна навучыць дзяцей думаць і выказваць свае думкі. У наш час панавання матэрыяльных каштоўнасцей дзеці часта гавораць не тое, што думаюць, а тое, што ад іх хочуць пачуць. У першую чаргу трэба фарміраваць маладых людзей як асоб, каб яны не баяліся спроб і памылак, упэўнена ішлі па жыцці.

Ала Аляксандраўна прывівае вучням любоў да прыгожага, надае вялікую ўвагу эстэтычнаму выхаванню. Яна арганізоўвае для падапечных паездкі ў тэатр, а перад першай абавязкова праводзіць “тэатральны ўрок”, дзе дае азы ведаў, неабходных для пачынаючага тэатрала.

Кім і дзе не працавала б А. А. Макарэвіч, яна заўсёды знаходзіла новыя напрамкі дзейнасці для сваёй няўрымслівай натуры. Для гэтага ў педагога ёсць усё неабходнае: веды, вопыт, сілы. Валоданне польскай мовай дало магчымасць весці ў школе адпаведны факультатыў, што прыйшлося даспадобы многім вучням і іх бацькам. Пазней прапанавалі ўзначаліць раённы аддзел грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна”, і Ала Аляксандраўна з радасцю згадзілася. Як нераўнадушны чалавек, яна не магла абысці ўвагай нашага знакамітага земляка Фердынанда Рушчыца, ёй хацелася прыцягнуць увагу грамадскасці да яго багатай спадчыны. А. А. Макарэвіч стала ініцыятарам мерапрыемстваў, звязаных з іменем Рушчыца.

У нашай гераіні вялікая дамашняя бібліятэка, лічыць найлепшым падарункам кнігу, якую, на жаль, выцясняюць электронныя варыянты. Калі ў яе насычаным жыцці здараецца вольная хвіліна, то любіць пачытаць жаночыя раманы, паглядзець меладраму па тэлевізары.

Педагагічная праца Алы Аляксандраўны адзначана шматлікімі граматамі і падзякамі. Яе выхаванцы неаднойчы станавіліся пераможцамі прадметных алімпіяд на розных узроўнях, беларускіх і расійскіх конкурсаў. Артыкулы рознай накіраванасці за подпісам А. А. Макарэвіч можна сустрэць у многіх часопісах. Але асабліва кранаюць педагога сустрэчы са сваімі выпускнікамі. Прыемна, калі былыя вучні запрашаюць на вечары сустрэч, іх удзячнасць хвалюе, а дасягненні натхняюць на далейшую плённую працу.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий