“Што? Дзе? Калі?”

Общество

На мінулым тыдні на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшоў турнір інтэлектуальных гульняў “Што? Дзе? Калі?”. Сёлета арганізатары – райкам ГА “БРСМ”, аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і адукацыі, спорту і турызму райвыканкама – прымеркавалі яго да Года культуры.

У турніры прынялі ўдзел каманды гімназіі № 1 г. Валожына “Штучны інтэлект”, сярэдніх школ №№ 1 і 2 райцэнтра пад назвамі “Дылетанты” і “Імпульс”, а таксама “Юныя ракаўчане” і “ПІК: пяршайская інтэлектуальная каманда”. У іх складзе, згодна з правіламі правядзення турніру, было па 6 чалавек ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў.

Інтэлектуальны марафон складаўся з трох раўндаў, у кожны з якіх уваходзіла па 10 пытанняў. Для праверкі ведаў удзельнікаў турніру былі абраны такія тэмы, як нацыянальная культура (задаваліся пытанні па гісторыі, літаратуры, традыцыях і абрадах беларусаў), юбілейныя і знакавыя даты Года культуры, а таксама культурныя дасягненні Валожыншчыны. Ацэньваліся таксама і работы, прадастаўленыя на дадатковы конкурс турніру “Марш-кідок”. Па яго ўмовах канкурсанты павінны былі прынесці фотаздымкі, якія б адлюстроўвалі ўнікальнасць і самабытнасць нашай малой радзімы.

Абсалютным пераможцам інтэлектуальнага турніру “Што? Дзе? Калі?” стала каманда СШ № 2 “Імпульс”. Яны малайцы яшчэ і ў тым, што правільна адказалі на ўсе пытанні трэцяга раўнда. У ліку лідараў гульні былі і пяршайцы, якія спрацавалі з такім жа вынікам у другім раўндзе гульні.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий