РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

Общество

Абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”, ініцыіраваны Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, адбудзецца ў Уздзе. Лепшых будуць выбіраць з 26 самадзейных артыстаў і 28 прадстаўнікоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Міншчыны.

Пасля завочнага занальнага адбору, што прайшоў на мінулым тыдні па выніках раённых конкурсаў, Валожыншчыну на ім будуць прадстаўляць у намінацыі «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» Іна Кербедзь з прафсаюзнай арганізацыі СШ № 1 райцэнтра (пэчворк) і Канстанцін Пятроўскі з Ракава (мастацкая коўка). У намінацыі «мастацкая самадзейнасць» – вакалістка Ёана Смолка з Валожынскай СШ № 2.

 З раённага бюджэту выдаткаваны грошы на набыццё трох экзэмпляраў кнігі “Уладзімір Мулявін “Сэрцам і думамі…”, якая ўбачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура” да юбілею Песняра. Кошт кожнай – 224 тысячы рублёў.

У багата ілюстраваным выданні ў 615 старонак сабраны ўспаміны, інтэрв’ю, даследаванні, фатаграфіі розных гадоў. Рэдактар-складальнік гэтага ўнікальнага выдання Людміла Крушынская сабрала матэрыялы, якія прасочваюць жыццёвы і творчы шлях Уладзіміра Мулявіна, яго сталенне як кампазітара і стваральніка калектыву “Песняры”. Кніга паступіла ў раённую бібліятэку.

 

21 лютага раённая структура Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў правяла раённую вывадку паляўнічых сабак.

Такая своеасаблівая выстава чатырохлапых сяброў чалавека ў другі раз прайшла на тэрыторыі вальеры “Яршоўка”. Спецыялісты экспертнай камісіі зрабілі ацэнку экстэр’ера паляўнічых сабак. Летась такую ацэнку атрымалі каля 30 паляўнічых сабак розных парод. Сёлета іх было ўжо больш.

 

У прадуктовым магазіне “Мерыдыян”, што ў мікрараёне Сельгастэхніка, вядзецца касметычны рамонт гандлёвай залы.

Валожынскае райспажыўтаварыства набыло для гэтай гандлёвай кропкі новае сучаснае абсталяванне, якое створыць зручнасці для саміх работнікаў і, зразумела, не застанецца незаўважаным пакупнікамі. Зменяцца ўмовы захоўвання прадуктаў, што хутка псуюцца, выкладка тавараў на паліцах.

 

21 лютага Івянецкі гарпасялковы Дом культуры запрасіў жыхароў пасёлка на святочны канцэрт “Слава нашым абаронцам”.

У праграме прынялі ўдзел лепшыя творчыя сілы гарпасёлка. Для гледачоў была падрыхтавана своеасаблівая “фішка”: аданачасова з выступленнем таго ці іншага артыста ішла відэапрезентацыя “Івянецкія “зоркі” на дзембельскіх фота”. Можна было ўбачыць фатаграфіі маладых С. Бурачэўскага, В. Мазуры, іншых артыстаў падчас службы ў арміі.

 

У мінулую пятніцу ў Палацы культуры імя М. Горкага ў Барысаве ўшаноўвалі пераможцаў абласнога агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачамі дзяцей”.

Ад нашага раёна на мерапрыемства абласнога маштабу былі запрошаны Арына Лабаза, якая прадстаўляла Івянецкі цэнтр дзіцячай творчасці, вучань Сівіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – базавая школа Арцём Чупрыс і гімназістка Валерыя Талейка.

 

Традыцыйная спартландыя паміж ліцэістамі і воінамі Валожынскага гарнізона прайшла ў прафесіянальным сельскагаспадарчым ліцэі. Каб сілы былі роўнымі, у кожнай камандзе было па пяць прадстаўнікоў воінскай часці, па тры хлопцы-ліцэісты і па дзве дзяўчыны.

Спартландыя складалася з 10-і этапаў. Каманды “Асназ” і “Уткі” мераліся сіламі і спрытам у бегу ў адным галёшы, хакеі з кегляй, эстафеце з паваротам, перадачы мяча паміж нагамі. Выконвалі і іншыя заданні. Напрыклад, супрацоўнікі РАНС прадаставілі два спецыяльныя касцюмы, якія патрабавалася апрануць на хуткасць: гэта быў конкурс для капітанаў. З перавагай у адно ачко перамогу святкавала каманда “ Асназ”. Усе ўдзельнікі атрымалі прызы з рук першага сакратара райкама БРСМ Алены Грыбоўскай.



Добавить комментарий