КОЖНЫ АБ’ЕКТ – НА ЎЛIК

Общество

Валожынскае бюро Маладзечанскага філіяла РУП “Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” – служба, асноўная задача якой – рэгістрацыя нерухомай маёмасці, правядзенне тэхнічнай інвентарызацыі, ацэнка нерухомасці і праверка яе характарыстык.

Кліентамі ўстановы з’яўляюцца фізічныя і юрыдычныя асобы, якія маюць намер аформіць права на нерухомасць ці ўдзельнічаюць у ажыццяўленні здзелак з ёй.

Л. В. Гаспарэвіч працуе ў бюро рэгістратарам трохі больш за пяць гадоў. За гэты тэрмін стала выдатным спецыялістам, двойчы адзначана дыпломам “Лепшы па прафесіі”. Хутка і прафесійна спраўляцца з няпростымі абавязкамі ёй дапамагаюць эканамічная і юрыдычная адукацыі, а таксама камунікабельнасць, пунктуальнасць, адказнасць за даручаную справу.

Вось што расказвае Ларыса Вячаславаўна аб сваёй рабоце: “Звяртацца да нас даводзіцца кожнаму, хто набывае жыллё, прадае, дорыць ці атрымлівае ў спадчыну кватэры, дамы, будуе ці перабудоўвае жылыя і нежылыя памяшканні. Грамадзяне, што маюць патрэбу ў нашых паслугах, перш-наперш сутыкаюцца са мной і маімі калегамі-рэгістратарамі, якія вядуць прыём. Менавіта нам перадаюцца ва ўстаноўленым парадку дакументы, прадстаўленыя для ажыццяўлення рэгістрацыі маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй. Нам даводзіцца прымаць рашэнні аб рэгістрацыі, прыпыненні ці адмове ў правядзенні рэгістрацыйных дзеянняў, афармляем таксама дагаворы куплі-продажу, дарэння, мены. Гэта азначае, што грамадзянам па многіх пытаннях не трэба звяртацца да натарыуса, што пазбаўляе іх ад лішніх клопатаў і траты часу. Купля-продаж кватэр, дамоў, гаражоў і інш., рэгістрацыя і рэалізацыя вытворчай, камерцыйнай нерухомасці, а таксама іншыя аперацыі фіксуюцца спецыялістамі прадпрыемства ў адзіным дзяржаўным рэгістры нерухомай маёмасці, што пацвярджаецца дакументальна”.

Тэхнічная інвентарызацыя немагчыма без вынікаў абследавання маёмасці на месцы. Выезды на заяўленыя аб’екты з правядзеннем агляду, замераў, неабходных разлікаў, фатаграфавання праводзіць спецыяліст па тэхнічнай інвентарызацыі. Святлана Віктараўна Юралевіч ажыццяўляе праверку тэхнічных характарыстык аб’ектаў, рыхтуе акты іх фізічнага стану, на месцы вырашае спрэчныя моманты. Гэтай рабоце аддадзены амаль 22 гады. Святлана Віктараўна з усёй адказнасцю ставіцца да сваіх няпростых абавязкаў. Самым важным лічыць эканомію сродкаў і часу грамадзян пры абавязковым выкананні заканадаўчай базы, якой павінны кіравацца ў сваёй дзейнасці спецыялісты службы. “Мы працуем дзеля таго, каб кожны аб’ект нерухомасці быў на ўліку і менавіта ў тым стане, у якім ён знаходзіцца на самай справе”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий