Тэлефон міліцыі – 102

Закон и порядок

МЯДЗВЕДЖАЯ ПАСЛУГА

Супрацоўнікамі аддзялення крымінальнага вышуку РАУС затрыманы злодзей, які здзейсніў серыю крадзяжоў з дачных домікаў садовых таварыстваў, што размешчаны ў Ракаўскай зоне. Ім аказаўся нідзе не працуючы 35-гадовы жыхар Заслаўя, раней судзімы. Яго промыслам у асноўным быў медны дрот, які здабываў з кабелю праводкі, падаўжальнікаў. Таму абразаў у гаспадароў усе электрычныя прыборы, якія трапляліся пад руку. Апрацоўку ўкрадзенага матэрыялу праводзіў паблізу, аб чым сведчылі параскіданыя рэшткі, а каштоўны тавар здаваў у пункты прыёму лому каляровага металу ў Мінскім раёне.

А патрапіў злодзей у рукі аператыўнікам зусім недарэчна: выдаў напарнік, з якім разам гаспадарнічалі на чарговай дачы. На гэты раз зламыснікі паквапіліся яшчэ і на спіртныя напіткі, якія былі ў доме. Пасля таго, як добра “замачылі” ўдала правернутую справу, сябар заснуў на месцы злачынства. Выявілі ж небараку пільныя дачнікі, якія, даведаўшыся пра выпадкі крадзяжоў у суседніх дамах, сталі часта прыязджаць і правяраць сваю ўласнасць. Аб “знаходцы” яны і паведамілі ў дзяжурную часць РАУС.

Як высветлілася ў ходзе правядзення следства, з пачатку года серыйны злодзей абакраў 12 дачных домікаў: 4 выпадкі зарэгістраваны ў нашым раёне, а 8 – у суседнім Маладзечанскім. Па фактах крадзяжоў узбуджана крымінальная справа.

БЕЗ ДАКУМЕНТАЎ І НАКЛАДНЫХ

прадаваў тавар у адным са сваіх магазінаў на тэрыторыі раёна прыватны прадпрымальнік. Парушэнне выявіла рэйдавая група ў складзе работнікаў падатковай інспекцыі і групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю РАУС. У продажы знаходзіліся піва, цыгарэты, чай, сродкі асабістай гігіены, ёлачныя ўпрыгажэнні і дзіцячыя цацкі, якія рэалізоўваліся з парушэннем заканадаўства. Тавар на суму больш чым 2 мільёны рублёў канфіскаваны, а справа перададзена ў суд.

ЗЛАДЗЕІ НЕ ДРЭМЛЮЦЬ

9 лютага ўвечары ў міліцыю патэлефанавала жыхарка вёскі Міхалова і паведаміла аб крадзяжы асабістых рэчаў, якія зніклі з яе дома на працягу дня, пакуль яна была на рабоце. Высветлілася, што вялікіх складанасцей, каб пранікнуць у чужое жыллё, у няпрошаных гасцей не было: гаспадыня пакінула прыадкрытым шклопакет, і апошнія скарысталіся выпадкам. З хаты зніклі залатыя і сярэбраныя ўпрыгажэнні, а таксама спіртныя напіткі. Матэрыяльны ўрон ацэнены ў 13,5 мільёна рублёў.

Двума днямі раней пазбавіўся сваёй маёмасці, якая захоўвалася ў падвале адной са шматпавярховак, і пенсіянер з Валожына. Ён недалічыўся 4 шын, 15 куртак, бензакасы “Stihl”, мікрахвалевай печы і 15 слоікаў з кансервамі.

ПАЦЯРПЕЎ ПАСАЖЫР

Пасля полудня 13 лютага каля вёскі Старынкі вадзіцель легкавой аўтамашыны, які ехаў з Салігорска ў Івянец, няправільна выбраў хуткасць і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з легкавушкай са сталіцы. У выніку здарэння пасажыр, 50-гадовы жыхар вёскі Замасцяны, што знаходзіўся ў апошнім аўтамабілі, атрымаў пералом і быў дастаўлены ў хірургічнае аддзяленне райбальніцы. Вадзіцель-віноўнік аварыі таксама атрымаў цялесныя пашкоджанні, але ад шпіталізацыі адмовіўся.

Сяргей ЛАТЫШАЎ,

намеснік начальніка РАУС

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий