МАЛАДОЕ ПАКАЛЕННЕ РАДУЕ СПАРТЫЎНЫМI ДАСЯГНЕННЯМI

Спорт

   Ліга дзіцячага футбола правяла чарговыя спаборніцтвы па міні-футболе — Гран-пры “Зіма-2016” сярод хлопчыкаў 2006 года нараджэння. У футбольным манежы ў Мінску за перамогу змагаліся чатыры каманды: “ВВС” і “Славянін” з Мінска і юныя футбалісты з Валожына і Заслаўя.

Перамогу святкавала каманда цэнтра дзіцячай творчасці дзяцей і моладзі нашага горада, якую трэніруе Аляксандр Кавяза. Капітан каманды вучань 4 “А” класа гімназіі Ягор Казлоў прызнаны лепшым нападаючым турніру, а вучань 4 “Б” класа СШ № 1 райцэнтра Аляксандр Жэка – лепшым паўабаронцам. Каманда адзначана граматай арганізатараў спаборніцтваў. А кожны футбаліст на памяць аб перамозе атрымаў міні-кубак.

 

   Каманда юных дзюдаістаў ДЮСШ Валожынскага раёна прыняла ўдзел у Алімпійскіх днях моладзі па дзюдо сярод юнакоў і дзяўчат 2000-2001 гадоў нараджэння.

За каманду выступалі Сяргей Рагель, Фёдар Міхеткін, Юрый Паўлаў і Данііл Жданюк. Удача на гэты раз усміхнулася Д. Жданюку, які заняў трэцяе прызавое месца ў вагавой катэгорыі +90 кілаграмаў. Трэніруе каманду Аляксей Садоўскі. Гэты від спорту ў горадзе толькі набывае папулярнасць, раней ён не культываваўся. І кожнае прызавое месца – на вагу золата. Удзел у спаборніцтвах дае вопыт і праверку сіл. На рахунку нашых юных барцоў узнагарод становіцца ўсё больш.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий