Рэгiянальныя навiны

Общество

РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ

ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР    

Тэл. 55679, Velcom 3933728       nshtejner@mail.ru

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка” нашага горада заняў першае месца ў Мінскай вобласці па выніках конкурсу “Лепшая дашкольная ўстанова гарадской мясцовасці-2015”. Віншуем калектыў з высокай адзнакай дзейнасці.

На сённяшні дзень дашкольную ўстанову наведваюць 130 дзяцей, працуюць 6 рознаўзроставых груп, сярод іх – тры санаторныя. У “Расінцы” ёсць усе ўмовы, каб падрыхтаваць дзяцей да школы на высокім узроўні. У ідэальным стане не толькі групы, дзе бавяць час дзеці на працягу дня, але і тэрыторыя дашкольнай установы, з густам абсталяваны гульнявыя пляцоўкі, маецца свой невялікі сад.

На гэтым тыдні ў панядзелак у нашым раёне працавалі дзве творчыя групы СТБ: “Утро хорошего настроения” і “Міншчына”. Адна група тэлежурналістаў з пэўнай мэтай пабывала ў Вішнеўскім сельсавеце, другая шукала цікавыя навіны.

У Вішневе сталічнае тэлебачанне высвятляла, як праводзяць вольны час розныя групы насельніцтва. Тэлевізіёншчыкі пабывалі на занятках гурткоў і аб’яднанняў па інтарэсах у сярэдняй школе, наведаліся ў мясцовую школу мастацтваў, дзе вясковыя дзеці маюць магчымасць навучыцца іграць на розных інструментах, займацца дэкаратыўна-прыкладнымі відамі творчасці.

Пабывалі яны ў той дзень таксама ў сем’ях людзей сярэдняга ўзросту – Т. В. Бітэль і пенсіянераў Язерскіх. Настаўніца Тэрэза Віктараўна – адна са стваральнікаў музея ксяндза У. Чарняўскага, займаецца пчалярствам. Людзі сталага ўзросту – муж і жонка Язерскія – пыняць вялікую гаспадарку, утрымліваюць ва ўзорным стане двухпавярховы дом, пабудаваны сваімі сіламі.

Другая група здымала сюжэты пра Савет бацькоў у СШ № 1 і турыстычныя маршруты, распрацаваныя ў СШ № 2, перад пасяўной наведала ААТ “Багданаўскае” і расказала пра васьмігадовага дзіка Яшку, якога выкарыстоўваюць для навучання паляўнічых сабак у раённым падраздзяленні Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

10-14 лютага ў Мінску праходзіла 23-я Міжнародная кніжная выстава-кірмаш. У серыі “Беларуская дзіцячая энцыклапедыя” на ёй прэзентавалася новая кніга “Дзікія жывёлы Беларусі. Буйныя траваедныя”.

Кніга беларускага заолага, кандыдата біялагічных навук В. Шакуна знаёміць з вялікімі траваеднымі жывёламі, якія не толькі жывуць у нашых лясах, але і разводзяцца ў вальерах (лань, муфлон, плямісты алень). Яе аўтар – Васіль Шакун – нарадзіўся ў Валожыне, скончыў гімназію № 1, затым – Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і аспірантуру. Працуе ў Нацыянальнай акадэміі навук. Любоў да лесу і яго жыхароў яму перадаў бацька – вядомы ў раёне лесавод Васіль Уладзіміравіч.

У жаночай зале цырульні Валожынскага Дома быту пачалі аказваць новую паслугу – каляровае ласіраванне валасоў. Ласіраванне – гэта рэвалюцыя ў сферы афарбоўвання валасоў, яна абараняе іх ад неспрыяльнага ўздзеяння навакольнага асяроддзя. Такая працэдура захоўвае валасы здаровымі, пакідае іх структуру некранутай.

Асвоіла працэдуру ласіравання цырульнік VI разраду Святлана Кербедзь на майстар-класе, які давалі спецыялісты фірмы “Мілонда”. Ласіраванне праводзіцца ў тры фазы і, зразумела, каштуе нятанна. Аднак энергічныя, яркія і неардынарныя асобы, якіх нямала ў нашым горадзе, безумоўна, скарыстаюць магчымасць змяніць свой знешні воблік, асабліва напярэдадні жаночага дня.

На сустрэчы з чытачамі Валожынскай дзіцячай бібліятэкі і іх бацькамі пабывалі члены сталічнага літаратурнага аб’яднання “Экватар”, якое базіруецца ў Доме афіцэраў. А першую сустрэчу ў той нядзельны дзень беларускія літаратары і барды правялі са служачымі тэрміновай службы Валожынскага гарнізона.

Узначальвае аб’яднанне паэт, пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут. У бібліятэцы ён быў не ў першы раз. Разам з ім прыехалі Ірына Цуканава, якая піша вершы і казкі, бард і празаік Валерый Скакун, паэтэса Кацярына Мяшкова і выканаўца бардаўскіх і ўласных песень Вера Лебядзеўская. Амаль дзве гадзіны доўжылася творчая сустрэча. Госці чыталі вершы, спявалі пад гітару разам з залай. Фонды бібліятэкі яны папоўнілі альманахам “Літаратурны экватар” 2015 года і кнігай аўтабіяграфічнай прозы В. Скакуна “За зацямненнем Поўначы”.



Добавить комментарий